Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Варонежцаў супраць Вусава: Статкевіч, байкот і мірныя перамены


Барыс Хамайда з плякатам за байкот выбараў, Віцебск, 2010
Барыс Хамайда з плякатам за байкот выбараў, Віцебск, 2010

Вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты Міколы Статкевіча — адзінае маральнае выйсьце ці няўдалая прапанова? На які эфэкт разьлічваюць ініцыятары кампаніі па вылучэньні ў прэзыдэнты палітвязьня? Ад чаго залежыць прызнаньне ці непрызнаньне выбараў Захадам?

Па гэтых пытаньнях ў Праскім акцэнце спрачаюцца: з Гомеля — актывіст кампаніі «Гавары праўду», паліттэхноляг, навуковец Юры Варонежцаў, з Варшавы — дырэктар Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу Павал Вусаў.

Дракахруст: Экс-кандыдат у прэзыдэнты, паэт Уладзімер Някляеў прапанаваў усім дэмакратычным прэтэндэнтам у сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах зьняць свае кандыдатуры на карысьць палітвязьня Міколы Статкевіча. Фармуецца ініцыятыўная група па яго вылучэньні. Ніводзін з асноўных дэмакратычных кандыдатаў — ні Сяргей Калякін, ні Тацяна Караткевіч, ні Анатоль Лябедзька — прапанову Някляева не прынялі.

І ініцыятыва па вылучэньні Статкевіча, і рэакцыя на яе іншых прэтэндэнтаў стала прадметам гарачых спрэчак, у якіх удзельнічалі і нашы сёньняшнія суразмоўцы. Адны мяркуюць, што прапанова Някляева — адзіны маральна годны крок у гэтай сытуацыі, іншыя лічаць, што гэта нікчэмная прапанова. А як лічыце вы? І чаму?

Кансалідацыя вакол ініцыятыўнай групы Статкевіча мае не палітычны сэнс, а маральны

Вусаў: Трэба пагадзіцца з тым, што ў сэнсе выбарчага працэсу дзейнасьць такой ініцыятыўнай групы Статкевіча ня будзе мець ніякага выніку, бо яе не зарэгіструюць. Але трэба разумець, што ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму ніякая ініцыятыва ня будзе мець палітычнага эфэкту, калі за ёй не стаіць сур’ёзная сацыяльная сіла.

Павал Вусаў,
Павал Вусаў,

Кансалідацыя вакол ініцыятыўнай групы Статкевіча мае не палітычны сэнс, а маральны. Гэта свайго роду няўдзел у выбарах, ігнараваньне выбарчага працэсу, няўдзел у легітымізацыі выбараў і іх вынікаў. Праз гэта магчымае адраджэньне апазыцыі. Гэта адзіная мэта, дзеля якой варта аб’ядноўвацца вакол ідэі альбо байкоту, альбо няўдзелу.

Будзе тыдзень актыўнай працы па фармаваньні ініцыятыўнай групы Статкевіча, а далей усё, цішыня

Варонежцаў: Творчыя людзі, асабліва маштабу Ўладзімера Някляева, абвострана адчуваюць несправядлівасьць, фізычна адчуваюць пакуты іншых. З пункту гледжаньня маралі гэтая прапанова бездакорная. Але з пункту гледжаньня палітычнай рэальнасьці зразумець яго цяжка. Будзе тыдзень актыўнай працы па фармаваньні групы. А далей усё, цішыня. Якая можа дыскрэдытаваць ідэю.

Юры Варонежцаў
Юры Варонежцаў

Іншая справа, калі кожны з кандыдатаў і падчас збору подпісаў, і падчас агітацыі будзе ўвесь час нагадваць пра палітвязьняў. Большасьць насельніцтва проста ня ведае пра гэтую праблему. Наколькі я ведаю, і Караткевіч, і Лябедзька зьбіраюцца якраз гэта рабіць. І я мяркую, што карысьці ад гэтага будзе значна больш, чым ад гэтай разавай акцыі, калі кіраўніца ініцыятыўнай групы прыйдзе да Ярмошынай, а тая нават ня возьме паперы.

Дракахруст: Часам маральныя ўчынкі маюць вялікі палітычны рэзананс, можна прыгадаць галадоўкі Гандзі, за якімі сачыла ўся Індыя. Вылучэньне Статкевіча будзе мець значэньне для значнай часткі грамадзтва? Ці не?

Удзел гэтых трох кандыдатаў у выбарах пры наяўнасьці палітвязьняў яшчэ больш дыскрэдытуе апазыцыю

Вусаў: Такі крок можа мець эфэкт толькі пры адной умове — калі вакол Статкевіча, а дакладней, вакол усіх палітвязьняў, кансалідуецца ўся апазыцыя. Гэта пакажа найперш дэмакратычнаму беларускаму грамадзтву, што ёсьць рэчы, ідэі, вакол якіх апазыцыя можа кансалідавацца.

Не пагаджуся з думкай, што апазыцыя падчас выбараў будзе мець шанец распавядаць грамадзтву пра палітвязьняў. Менавіта з такой ідэяй частка апазыцыі ўдзельнічала ў парлямэнцкіх выбарах 2012 году. Яны перакрэсьлілі ўсе папярэднія дамоўленасьці, што апазыцыя ня будзе ўдзельнічаць у выбарах, пакуль у Беларусі будуць палітвязьні.

І якім быў эфэкт гэтага ўдзелу? Ніякі. Адносіны да апазыцыі яшчэ больш пагоршыліся, яна страціла ўсялякую падтрымку нават з боку дэмакратычнай супольнасьці. І цяпер удзел гэтых трох кандыдатаў у выбарах пры наяўнасьці палітвязьняў яшчэ больш дыскрэдытуе апазыцыю.

Нават калі б апазыцыя перамагла ці набрала 40% галасоў, мэханізмаў абараніць вынікі выбараў у апазыцыі няма, акрамя рэвалюцыі. А рэвалюцыю сёньня ніхто рабіць ня будзе.

Байкот ва ўмовах сучаснай Беларусі — гэта проста абсурд

Варонежцаў: Ёсьць шмат разумных людзей, у якіх ёсьць шмат добрых ідэяў. Але да ідэі трэба «прымацаваць ногі». Трэба мець плян — як, калі, кім, за кошт якіх рэсурсаў ідэя будзе рэалізоўвацца. Палітыка — гэта ўменьне плянаваць і займацца штодзённай цяжкой, але рэальнай працай. Ня толькі прыгожа гаварыць.

Ад ініцыятывы з вылучэньнем Статкевіча будзе іміджавы эфэкт для пары дзясяткаў людзей, якія да канца жыцьця змогуць казаць, што яны апрануліся ва ўсё белае і былі проста анёламі. А іншыя — цынікі, нягоднікі, якія поўзалі ў брудзе, бегалі па кватэрах і нешта там даказвалі.

Што да байкоту — мне надакучыла казаць, што ва ўмовах сучаснай Беларусі гэта проста абсурд.

Павал казаў, што калі апазыцыя будзе ўдзельнічаць у выбарах, то яшчэ больш сябе дыскрэдытуе. Але калі паспрабаваць гаварыць пра байкот ня ў межах вузкай палітызыванай тусоўкі, а панесьці гэтую ідэю ў масы, так бы мовіць, то гэтыя масы скажуць: хлопцы, з вамі ўсё зразумела, вы слабыя, вы нічога ня можаце і сыходзіце ад канкурэнтнай барацьбы.

Большасьць нашага насельніцтва ўпэўненая, і гэта паказваюць апытаньні, што наш цэнтравыбаркам нармальна падводзіць вынікі выбараў.

Ну а тэхнічна байкот забаронены ў прававым пляне. Як толькі нейкі сайт выкажацца за байкот ці працытуе прыхільніка байкоту, гэты сайт адразу ж заблякуюць. Тыя, хто ўмее і будзе абыходзіць блякіроўку, на выбары і без таго ніколі не хадзілі.

Ужыць тэхналёгію «ад дзьвярэй да дзьвярэй» будзе таксама немагчыма, бо ў першы ж дзень выхаду актывістаў «у поле» пачнуцца пасадкі.

Дракахруст: Уладзімер Някляеў, абгрунтоўваючы сваю ініцыятыву, сказаў, што ніхто з дэмакратычных кандыдатаў не зьбярэ неабходныя для рэгістрацыі 100 тысячаў подпісаў. А можа і сапраўды час цяпер такі? Вось «Народны рэфэрэндум» пад сваімі пытаньнямі за год сабраў 120 тысячаў. А тут трэба 100 тысячаў за месяц. Аднак раней неяк зьбіралі, за таго самага Някляева.

Магчымасьць сабраць гэтыя подпісы будзе прынамсі ў дваіх прэтэндэнтаў

Варонежцаў: Някляеў мае рацыю, сабраць 100 тысячаў подпісаў будзе вельмі цяжка. Але я мяркую, што магчымасьць сабраць гэтыя подпісы будзе прынамсі ў двух прэтэндэнтаў.

Параўнаньне са зборам подпісаў за «Народны рэфэрэндум» ня надта карэктнае. Там трэба было кожнаму доўга тлумачыць, што гэта за пытаньні і навошта ад чалавека патрэбны ягоны подпіс. А на выбарах на парадак прасьцей: вось чалавек, ён сымпатычны, вось яго праграма, падпішыцеся за яго.

Але сабраць подпісы за прэтэндэнтаў будзе ўсё ж няпроста. Апошнім часам зборшчыкі подпісаў прызвычаіліся мець нейкую падтрымку. Цяпер сродкаў на гэта няма. Гадоў 10 таму мы нават паняцьця ня мелі, што значыць зьбіраць подпісы за плату.

Дракахруст: Павал, а як вы мяркуеце, ці зьбяруць прэтэндэнты подпісы? І яшчэ пытаньне — а калі раптам Статкевіча ўсё ж зарэгіструюць, ці зьбяруць 100 тысячаў подпісаў за яго? У яго ў ініцыятыўнай групе шмат паважаных, вядомых у краіне людзей. Але я кепска ўяўляю сабе, як Юры Хашчавацкі ці Лявон Вольскі ходзяць па кватэрах і зьбіраюць подпісы.

Вусаў: Паўтаруся — гэтая ідэя будзе мець эфэкт толькі тады, калі вакол яе кансалідуюцца ўсе апазыцыйныя сілы. Што да 100 тысячаў подпісаў, то я мяркую, што Лукашэнку выгадна, каб былі альтэрнатыўныя кандыдаты, як гэта было і раней. І таму нават тыя кандыдаты, якія не зьбяруць 100 тысячаў подпісаў, асабліва тыя, якія не ўяўляюць ніякай палітычнай пагрозы для Лукашэнкі, будуць зарэгістраваныя. А на сёньняшні дзень ніводзін з кандыдатаў, якія вылучаюцца на гэтых выбарах, не ўяўляе для яго ніякай палітычнай пагрозы.

На сёньняшні дзень ніводзін з кандыдатаў, якія вылучаюцца на гэтых выбарах, не ўяўляе для Лукашэнкі ніякай палітычнай пагрозы

Што да рэпрэсіяў за агітацыю за байкот, то варта падкрэсьліць адну рэч. Калі зьяўляецца сур’ёзны кандыдат на выбарах, то незалежна ад таго, дзейнічае яго каманда ў прававым полі або не, рэпрэсіі супраць яе ўсё роўна адбываюцца. Можна прыгадаць, якія рэпрэсіі былі ў 2006 годзе супраць каманды Мілінкевіча. У Беларусі любая сур’ёзная альтэрнатыва сутыкаецца з рэпрэсіямі. І калі кандыдаты, якія ідуць на выбары, гэтага не разумеюць, то гэта тыя кандыдаты, якія не зьбіраюцца сур’ёзна змагацца, а проста імкнуцца стварыць сябе імідж для замежных фондаў і атрыманьня там грантаў.

Дракахруст: Павал, вы так ведаеце ўсё за Лукашэнку, што яму выгадна, а што не. А я вось напачатку выбарчай кампаніі 2010 году размаўляў зь людзьмі ўлады, і яны казалі, што там у іх былі спрэчкі і развагі: адны казалі, што трэба прапусьціць як мага больш кандыдатаў, каб яны змагаліся і нэўтралізоўвалі адзін аднаго, а іншыя меркавалі, што ад дабра дабра не шукаюць, што трэба рэзаць усіх, а Лукашэнка супраць аднаго Гайдукевіча — гэта выдатная формула.

З чаго вынікае, што цяпер Лукашэнку так ужо патрэбныя Караткевіч, Калякін і Лябедзька?

Вусаў: Лукашэнка жадае легітымізавацца ў вачах Захаду. Для гэтага трэба стварыць прыгожую карцінку. Для гэтага патрэбныя альтэрнатыўныя кандыдаты, Гайдукевіча недастаткова.

Для Лукашэнкі ідэя мірных пераменаў — самая камфортная

Да таго ж чаму ў 2010 годзе былі пэўныя спрэчкі, чаму напэўна яны былі і ў 2006 годзе і чаму іх няма цяпер? Таму што цяпер няма закліку да рэвалюцыі. І ў 2006 годзе, і 2010 годзе прывід рэвалюцыі быў. Ідэя рэвалюцыі, вулічнага пратэсту не была так моцна дыскрэдытаваная, як яна была дыскрэдытаваная пасьля 2010 году і асабліва пасьля рэвалюцыі Майдану ва Ўкраіне.

Цяпер асноўная ідэя — мірныя перамены. Для Лукашэнкі гэтая ідэя — самая камфортная.

Дракахруст: А можа яна і для беларускага грамадзтва някепская?

Вусаў: Яна для ўсіх някепская. Але аўтарытарныя ўлады мірным шляхам не зьмяняюцца, выключна пад сур’ёзным ціскам, пад пагрозай рэвалюцыі. Альбо са сьмерцю дыктатара. Іншых магчымасьцяў гісторыя ня ведае.

Калі Лукашэнка заўтра ці пасьля выбараў скажа: давайце правядзем рэформы, вызвалім палітычных вязьняў, пойдзем па дэмакратычным шляху разьвіцьця, адыдзем ад Расеі, я больш ня буду займацца аналітыкай.

Удзел апазыцыйных кандыдатаў у выбарах на прызнаньне ці непрызнаньне выбараў з боку Захаду ніяк не паўплывае

Варонежцаў: Удзел апазыцыйных кандыдатаў у выбарах — гэта прыгожы банцік, але ня больш за тое. На прызнаньне ці непрызнаньне выбараў з боку Захаду гэта ніяк не паўплывае. На мой погляд, калі апазыцыя ня будзе ўдзельнічаць у выбарах, будзе магчымасьць правесьці іх абсалютна чыста, без фальсыфікацый. Удзел апазыцыі і эфэктыўнае назіраньне заўсёды паказвала і цяпер пакажа, што зь сябе ўяўляюць выбары, якія рыхтуюцца ўладамі.

Байкот арганізаваць, я упэўнены, не атрымаецца. І калі апазыцыя адсядзіцца, то як раз нашыя заходнія партнэры скажуць: Беларусь — гэта палітычная пустыня, з адным суб’ектам, зь якім трэба мець справу.

Дракахруст: Павал сфармуляваў тэзу — бессэнсоўна ісьці на выбары, калі іх немагчыма ператварыць у рэвалюцыю. Юры, вы згодны?

Ідэя мірных пераменаў — яна ў самім мэнталітэце беларусаў

Варонежцаў: У 2010 годзе пэўныя рэвалюцыйныя настроі былі ў Менску. Тады я больш працаваў у рэгіёнах і па шчырасьці там я такіх настрояў тады не заўважаў, акрамя як у вузкай палітызаванай тусоўцы. Цяпер такія настроі абсалютна адсутнічаюць, і задача і палітыкаў, і паліттэхнолягаў улічыць гэтыя зьмены. Я не скажу, што гэтыя зьмены ў горшы для апазыцыі бок. Ідэя мірных пераменаў — яна ў самім мэнталітэце беларусаў. Не паэксплюатаваць у добрым сэнсе гэтую ідэю было б неразумна.

А што да тэзы, што перамены могуць адбыцца толькі ў форме рэвалюцыі — ды не. Я асабіста ўдзельнічаў у кардынальных пераменах у 1989-1991 гадах. Якія, наколькі я памятаю, адбыліся без асаблівых рэвалюцыяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG