Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьнешні гандаль Беларусі «прасеў» амаль на траціну


Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь

З-за гэтага не растуць ні заробкі, ні пэнсіі.

Абарот зьнешняга гандлю Беларусі за першыя чатыры месяцы сёлета склаў толькі 71,6% параўнальна з тым жа пэрыядам летась. Пра гэта афіцыйна паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт.

Адступленьне адбылося па ўсіх кірунках. Так, з Эўразійскім эканамічным саюзам абарот зафіксаваны на роўні 69,9% ад леташняга, з Расеяй —70,7%, з Эўразьвязам — 70,3%.

Леў Марголін
Леў Марголін

«Тое, што адбываецца на ўсходнім кірунку, то бок у гандлі з ЭАЭС, абсалютна зразумела», — канстатуе намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі эканаміст Леў Марголін:

«Тут у нас галоўны напрамак — продаж прадукцыі машынабудаваньня, транспартнага машынабудаваньня. Расейскі рынак, як кажуць, скукожыўся. Там больш не запатрабаваныя нашы машыны, трактары, лядоўні, тэлевізары...

Усё гэта расейцам цяпер не патрэбна зь дзьвюх прычынаў. Па-першае, зьменшыўся сам расейскі рынак. А па-другое, на ім павялічылася канкурэнцыя. Заходнія вытворцы з усясьветнымі брэндамі ўжо пабудавалі там свае заводы. У Расеі цяпер без праблемаў можна купіць расейскай зборкі тэлевізары Samsung альбо LG, легкавыя і грузавыя аўтамабілі. З-за гэтага, я прагназую, продаж беларускіх аналягаў у Расеі будзе і надалей зьмяншацца».

Карэспандэнт: «А ці не магла б Беларусь у рамках Эўразійскага эканамічнага саюзу пераарыентавацца на рынак Казахстану? Лічбы сьведчаць, што гэтага не адбылося. Чаму?»

«Каб гандляваць з такімі далёкімі краінамі, трэба прапанаваць ім нешта ўнікальнае, чаго няма ў іншых. З-за гэтага ў Казахстане мы ня можам канкурыраваць з Кітаем. Зь ім наагул цяжка канкурыраваць, а тым больш у Казахстане, які мае з Кітаем агульную дзяржаўную мяжу. І гэтыя візыты ў Туркмэністан, Узбэкістан, той жа Казахстан — марная трата грошай. Ня дзіва, што на гэтым кірунку зьніжэньне нават большае, чым у гандлі з Расеяй.

А вось спад на заходнім кірунку мне пакуль патлумачыць цяжка».

Кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў лічыць: абвал у гандлі з краінамі Эўразьвязу найперш зьвязаны з падзеньнем коштаў на нафту і нафтапрадукты:

Леанід Злотнікаў
Леанід Злотнікаў

«Цэны на наш галоўны тавар, які ідзе ў Эўразьвяз — нафтапрадукты — за гэты час панізіліся прыкладна на 60%. Іх продаж у Эўропу даў Беларусі 29–30% ад агульнага тавараабароту ў мінулым годзе.

Прыкладна палова ўсіх беларускіх нафтапрадуктаў ідзе ў Эўропу. А гэта каля 60% усяго беларускага экспарту ў Эўразьвяз. І тады зразумела, што страты адбыліся амаль цалкам за кошт нафтапрадуктаў.

І гэтыя страты немагчыма кампэнсаваць продажам калійных угнаеньняў. Я ведаю, што за першы квартал экспартныя прыбыткі ад угнаеньняў павысіліся на 6%. Але ў Эўропу мы іх прадаём няшмат. Асноўная маса ідзе ў Кітай, Індыю, Бразылію».

А Станіслаў Багданкевіч, экс-кіраўнік праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі, наконт гэтага кажа:

Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Багданкевіч

«Я шмат разоў адзначаў: каб нешта даць людзям, спачатку трэба мець, з чаго даваць. А каб мець, з чаго даць, — трэба прадаваць свае тавары за мяжу і атрымліваць за гэта валюту. У нас жа сёлета тут сапраўдны правал. З-за гэтага не растуць ні заробкі, ні пэнсіі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG