«Да тых, хто застанецца, у мяне вялікая просьба: берагчы Беларусь, прадаўжаць тое, што зрабілі і недарабілі яе лепшыя сыны. І спадзявацца, што ўсе мы — і тыя, што былі, і тыя, што будуць, і тыя, што ёсьць, — усе мы вечныя. Вечныя ў нашай мове, вечныя ў нашай гісторыі. Вечныя ў беларускай зямлі, у беларускім слове».
Генадзь Бураўкін, з гутаркі зь Сяргеем Шапранам, 20 траўня 2014 году.
Юлія Бураўкіна: «Генадзь Мікалаевіч як быў у „чорных сьпісах“, так і застаўся»
У сям’і Бураўкіных успаміны пра Генадзя Мікалаевіча жывыя і сьвежыя, а сум і боль яшчэ глыбокія, нібыта і не прамінула году, як ён адышоў. Пра гэта кажа ўдава нябожчыка Юлія Бураўкіна. У гадавіну сьмерці спадарыня Юлія разам зь сям’ёй і сябрамі прыйдзе да магілы, а пазьней зьбіраецца наведаць вечарыну памяці мужа.
— Мяне ніхто нікуды не запрашаў, апрача таго, што Барыс Пятровіч — старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў — запрасіў на вечарыну памяці і прэзэнтацыю аўдыёдыску з запісамі вершаў, якія чытае Генадзь Мікалаевіч. Гэтая імпрэза адбудзецца 2 чэрвеня ў галерэі «Ў». Рыхтуемся таксама ўсталяваць помнік на магіле, які робіць Алесь Шатэрнік.
— Гэта выключна клопат вашай сям’і, улады да ўсталяваньня помніка не спрычыняліся?
— Вой, ну што вы?!!! Божа мілы — нават і ня блізка! Як ён быў у «чорных сьпісах», так, відаць, і застаўся. Не зважаючы на тое, што яго ўжо няма, а свой сьлед у літаратуры, культуры і дзяржаўнай дзейнасьці ён пакінуў як паэт і грамадзянін. Але нікому з уладных структураў гэта не патрэбна. Мне здаецца, што наадварот...
— Якім бы вы бачылі ўшанаваньне памяці Генадзя Мікалаевіча?
— Мы б хацелі, канечне, каб выйшлі выбраныя творы. Не абавязкова ўвесь збор твораў — я лічу, што гэтага і ня трэба. А вось томік выбраных вершаў да 80-годзьдзя, якое ў наступным годзе, то гэтага хацелася б, канечне. Ну, і я так лічу, што і бібліятэку можна было б назваць ягоным імем. Бо ён жа пра Беларусь пісаў і змагаўся ўсё жыцьцё, ня толькі тады, калі ўсплёск беларушчыны быў. Я ўжо не кажу пра назву вуліцы... Калі імем Быкава вуліцу не назвалі, то я ня ведаю, каго б яшчэ можна было гэтак ушанаваць. Таму мне б хацелася, каб томік выбраных твораў быў. Вядома, ёсьць таксама шмат песьняў на ягоныя словы. То добра было б і канцэрт да ягонага 80-годзьдзя ці хаця б адно аддзяленьне. Я спадзяюся, што прыхільнікі ягонай творчасьці зробяць гэта. Таксама да мяне даходзяць такія чуткі, што людзі, якія працавалі пад яго кіраўніцтвам у Белтэлерадыёкампаніі, узгадваюць яго вельмі цёплымі словамі. Акрамя таго, што як паэта яго добра ўзгадваюць, то яшчэ і як кіраўніка.
Алег Трусаў: Найлепш ушанаваць Бураўкіна можна, чытаючы ягоныя кнігі
Генадзь Бураўкін узначальваў Дзяржтэлерадыё БССР з 1978 да 1990 году. Аднак у прэсавай службе кіраўніцтва кампаніі не ўзгадалі прыкладаў ушанаваньня памяці свайго колішняга кіраўніка-паэта. Не прыняў адпаведнай пастановы і Савет міністраў, як гэта бывае ў падобных выпадках.
Пра асобу Генадзя Бураўкіна і патрэбу ўшанаваць яго памяць ураду нагадала Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, якое пэўны час узначальваў Генадзь Бураўкін.
Урадавыя чыноўнікі абышліся малымі клопатамі і традыцыйнымі абяцанкамі, кажа старшыня таварыства Алег Трусаў:
— Неўзабаве пасьля сьмерці мы зьвярталіся да ўраду, каб ушанаваць памяць Генадзя Бураўкіна і Рыгора Барадуліна — асобным лістом пра кожнага. Мы прасілі, каб іх імёнамі былі названыя вуліцы, каб былі выпушчаныя паштовыя канвэрты. Дарэчы, канвэрт з выявай Рыгора Барадуліна быў выпушчаны — на паштамце яго яшчэ можна набыць. Канвэрт Генадзю Бураўкіну абяцалі выпусьціць да ягонага 80-годзьдзя. Вуліцы таксама абяцалі назваць. А таму будзем чакаць юбілею Бураўкіна. ТБМ жа выдаў вялікія насьценныя і малыя календары з партрэтамі паэтаў. Гэткім чынам мы зрабілі свой унёсак у шанаваньне памяці і Рыгора Барадуліна, і асабліва Генадзя Бураўкіна. А найлепш гэта можна зрабіць, чытаючы. Каб гэтых людзей не забываць, іх трэба чытаць — калі моладзь будзе чытаць іхнія вершы і слухаць іхнія песьні, то ўсё будзе добра.
Барыс Пятровіч: Бураўкіна шануе не дзяржава, а грамадзкасьць
Генадзь Бураўкін — ляўрэат дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы — быў адным з ініцыятараў прыняцьця Закону аб мовах, які ўсталяваў адзінай дзяржаўнай беларускую мову. На дзяржаўнай службе Генадзь Мікалаевіч тры гады прадстаўляў інтарэсы Рэспублікі Беларусь пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, працаваў у кіраўніцтве Міністэрства культуры і друку, двойчы быў абіраны дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР Х і ХІ скліканьняў. У падобных выпадках урад краіны клапоціцца пра адпаведныя знакі пашаны і без ініцыятывы грамадзкасьці.
Аднак Генадзя Бураўкіна шануе больш не дзяржава, а грамадзкасьць, кажа старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч:
— 2 чэрвеня адбудзецца прэзэнтацыя аўдыёкнігі «Голас паэта». Гэта амаль сто вершаў, якія начытаў сам Генадзь Мікалаевіч Бураўкін. Амаль трохгадзінны аўдыёзапіс у свой час занатавалі Алесь Калоша і Валер Мазынскі. А дыск пабачыў сьвет дзякуючы супольным намаганьням студыі «Гукапіс», кампаніі prastora. by, Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Арт-Сядзібы. Гэта таксама будзе вечарына памяці, падчас якой выступяць ягоныя сябры і блізкія, аматары творчасьці. Плянуюцца таксама памятныя імпрэзы восеньню. У прыватнасьці, у Белдзяржфілярмоніі плянуецца вечарына памяці Генадзя Бураўкіна, бо ён жа паэт-песеньнік. Таксама плянуецца вечарына і ў памяць Рыгора Барадуліна. Яны землякі, адышлі ў адзін год — мы не аддзяляем іх адзін ад аднаго, таму наш клопат аднолькавы пра абодвух.
У мінулых выпусках часопіса «Дзеяслоў» друкаваліся ўспаміны пра Рыгора Барадуліна, а ў наступным нумары, які выйдзе ў чэрвені, будуць успаміны Генадзя Бураўкіна. Гэтыя ўспаміны ў апошнія дні паэта занатаваў журналіст Сяргей Шапран, які мае падрыхтаваць іх асобнай кнігай. Што тычыцца новых выданьняў, то кніга апошніх твораў Генадзя Мікалаевіча, якую ён вельмі хацеў бачыць, выйшла ў апошнія дні ягонага жыцьця, і ён пасьпеў патрымаць яе ў руках. Яшчэ са спадчыны найперш могуць быць успаміны, якія Генадзь Мікалаевіч некалі дыктаваў для Радыё Рацыя. Ведаю, што рыхтуецца гэтая кніга. Ня ведаю калі яна выйдзе, але гэта будзе цікава.
— Як яшчэ варта было б ушанаваць імя Генадзя Бураўкіна на далейшую памяць?
— Вы ж ведаеце сёньняшнюю сытуацыю... Вядома ж, гаворка ішла пра тое, што павінна быць вуліца, як найменш — у Віцебску, на радзіме. Канечне, патрэбны і помнік — перадусім на магіле. Але ад нас залежыць ня ўсё, і нашых сілаў недастаткова: перадусім вырашаюць улады і адносна вуліцы, і адносна помніка, і адносна іншых магчымасьцяў ушанаваньня памяці. Тое ж самае тычыцца і Рыгора Іванавіча Барадуліна. Калі мы зьвярталіся ва ўрад у справе ўшанаваньня памяці Рыгора Барадуліна, то наш зварот быў перанакіраваны ў Міністэрства культуры, а адтуль мы атрымалі фактычна адпіску — пра тое, што на сёньня дзеля гэтага няма сродкаў. Апошнім часам падобныя звароты ад грамадзкасьці нічога не даюць...
Алесь Шатэрнік: Помнік Бураўкіну будзе ў выглядзе кнігі
Першы помнік Генадзю Бураўкіну ў Беларусі паўстане на магіле паэта. Юлія Бураўкіна спадзяецца, што гэта ўдасца зрабіць да дня народзінаў Генадзя Мікалаевіча, які прыпадае на жнівень. Скульптар і сябра паэта Алесь Шатэрнік, які вырабляе помнік, распавёў Свабодзе пра свае творчыя задумы:
— Помнік будзе ў выглядзе невялікай кнігі, бо Генадзь Бураўкін не вялікія раманы пісаў, а вершы. Гэта будуць два чырвоныя камяні — нібыта дзьве старонкі кнігі. Адна старонка — гэта старонка ягонага жыцьця, а другая — старонка творчасьці. Зьлева будзе зьмяшчацца ягоны партрэт — бронзавы барэльеф, а таксама галінка дрэва. Гэта сымбаль лірычнай асобы Генадзя Мікалаевіча і таго часу, калі ён памёр — 30 траўня, калі буяе маладая зеляніна. На камянях-старонках таксама будуць выдрукаваныя радкі зь вершаў Генадзя Бураўкіна.
Уладзімер Някляеў: Бураўкіна мне асабіста не хапае
Першыя вершы Генадзя Мікалаевіча Бураўкіна выйшлі з друку ў 1952 годзе. Пазьней ён стаў аўтарам зборнікаў паэзіі і прозы, кніг для дзяцей, сцэнараў дакумэнтальных і мастацкіх фільмаў. За сваю творчасьць быў уганараваны прэміяй Ленінскага камсамолу БССР, прэміяй імя Янкі Купалы, літаратурнай прэміяй імя Алеся Адамовіча, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сьцяга, ордэнам Дружбы народаў, мэдалямі. Генадзь Мікалаевіч займаў высокія дзяржаўныя пасады, аднак прыйшоў на зямлю і пакінуў яе паэтам, — сказаў пра яго паэт Уладзімер Някляеў:
— Перадусім мушу сказаць, што апошнімі днямі я вельмі часта думаю пра Генадзя — яго мне асабіста не хапае. Разумею, што яго не хапае перадусім ягоным родным і ягонай сям’і, а таксама шмат якім іншым людзям у гэты няпросты час. Але што зробіш — сталася тое, што сталася. І памяць пра Бураўкіна, памяць пра паэта — гэта найперш памяць пра тое, што ён напісаў выдатныя кнігі, бліскучыя вершы. Што, паміраючы, ён думаў пра тое, як выдаць апошнюю сваю кнігу — тое, што ён стварыў напрыканцы свайго жыцьця. І калі гэты чалавек думаў пра беларускую паэзію, пра беларускае слова, разумеючы, што гэта тое, на чым трымалася і трымаецца Беларусь, што сама Беларусь запачаткаваная словам, літаратарамі і літаратурай, таму ён рабіў усё, каб беларускае слова гучала пры любых стратах і ўмовах жыцьця.
Думаем пра выданьне больш поўнай кнігі твораў Генадзя Бураўкіна, пра помнік — шмат пра што. Але, канечне, гэтага мала, бо не хапае сіл і сродкаў на тое, каб зрабіць такую працу па ўшанаваньні памяці, якой ён заслугоўвае. Безумоўна, калі б да гэтага падключылася дзяржава, якая нясьмела, але ўсё ж заяўляе пра сваё разуменьне той безумоўнай акалічнасьці, што толькі беларусы могуць ратаваць Беларусь, тады, канечне, гэтая праца б рабілася прасьцей, лягчэй і з большым вынікам. Таму, што можам, тое зробім, а будучая Беларусь адудзячыць свайму паэту і грамадзяніну напоўніцу.