Раці прапануе пазбавіць грамадзянства ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі міру Марыю Карыну Мачада, кандыдата ад апазыцыі на леташніх выбарах прэзыдэнта Эдмунда Гансалеса і былога лідэра апазыцыі Хуана Гуайдо, а таксама па меншай меры пяці журналістаў.
Зрабіць гэта Раці прапануе з прычыны «нелюбові да краіны» з боку апазыцыянэраў, таксама ён абвінавачвае Мачада і іншых апазыцыянэраў у супрацоўніцтве з замежнымі дзяржавамі, цытуе заявы палітыка Вloomberg. Раці ўжо падаў адпаведныя заяву аб пазбаўленьні гэтых людзей грамадзянства ў Вярхоўны суд Вэнэсуэлы.
Вэнэсуэла закрыла амбасаду ў Нарвэгіі празь некалькі дзён пасьля прысуджэньня сёлета Нобэлеўскай прэміі міру апазыцыянэрцы Мачада.
Раці — прадпрымальнік і пастар Эвангелічнай царквы. Ён некалькі разоў балятаваўся на выбарах у Вэнэсуэле як у парлямэнт, гэтак і на прэзыдэнцкіх выбарах 2018 і 2024 года. Ён блізкі паплечнік прэзыдэнта Мадура.
Канстытуцыя Вэнэсуэлы абвяшчае, што тыя, хто зьяўляюцца вэнэсуэльцамі па нараджэньні, ня могуць быць пазбаўленыя грамадзянства. Экспэрты ўжо параўналі прапановы Раці з палітыкай нікарагуанскага лідэра Даніэля Артэгі, які пазбаўляў грамадзянства апазыцыянэраў.
Мачада атрымала Нобэлеўскую прэмію ўвосень 2025 года — «за нястомную працу ў прасоўваньні дэмакратычных правоў народа Вэнэсуэлы і за яе барацьбу за справядлівы і мірны пераход ад дыктатуры да дэмакратыі». Яна была кандыдаткай ад апазыцыі ў прэзыдэнты на выбарах 2024 года, але ўлады зьнялі яе з выбараў, пасьля чаго яе месца заняў Эдмунда Гансалес. Дзеючы прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікалас Мадура па выніках тых выбараў зноў абвясьціў аб сваёй перамозе, але ААН. Эўрапарлямэнт і Дзярждэпартамэнт ЗША прызналі абраным прэзыдэнтам Вэнэсуэлы менавіта Гансалеса.
За выключэньнем Мачада, большасьць асобаў у сьпісе Раці зараз жывуць у выгнаньні, уключаючы Гансалеса. Мачада знаходзіцца ў краіне, але хаваецца: улады Вэнэсуэлы забралі ў яе пашпарт.
Форум