Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сюрпрызы і дылемы Рыскага саміту «Ўсходняга партнэрства»


Што абяцае постсавецкім краінам праект дэклярацыі саміту? Ці паедзе на гэты саміт Аляксандар Лукашэнка? Якія наступствы будзе мець нарада міністраў замежных справаў «Усходняга партнэрства», якая пройдзе ў Менску?

Гэтыя пытаньні ў Экспэртызе Свабоды абмяркоўваюць дырэктар Цэнтру стратэгічных і замежнапалітычных дасьледаваньняў Арсені Сівіцкі і палітоляг Андрэй Фёдараў.

Дракахруст: Гэтымі днямі СМІ абнародавалі праект дэклярацыі саміту «Ўсходняга партнэрства», які адбудзецца ў траўні сёлета ў Рызе.

Насуперак чаканьням, паводле праекту ў Рызе Грузія і Ўкраіна не атрымаюць бязьвізавага рэжыму з Эўразьвязам. У праекце дэклярацыі гаворыцца, што ўдзельнікі саміту «чакаюць завяршэньня Ўкраінай і Грузіяй рэалізацыі другой стадыі Пляну візавай лібэралізацыі, калі ўсе неабходныя рэформы будуць выкананыя».

Адносна Беларусі ў праекце дэклярацыі сказана, што ўдзельнікі саміту вітаюць прагрэс, дасягнуты на перамовах па візавай праблематыцы паміж гэтай краінай і Эўразьвязам, гэта значыць, што пагадненьне аб палягчэньні візавага рэжыму з Беларусьсю і Рызе таксама падпісанае ня будзе.

Што ўсе гэтыя моманты азначаюць для Беларусі?

Арсені Сівіцкі
Арсені Сівіцкі

Сівіцкі: Пасьля ўкраінскага крызісу стала незразумелым, што з Усходнім партнэрствам будзе ў будучыні.

Краіны-ўдзельніцы Партнэрства, ў тым ліку Грузія і Ўкраіна, за апошні час зьнізілі тэмп рэформаў, якія прадугледжаныя пагадненьнямі з Эўразьвязам.

Таму вынікі, зафіксаваныя ў дэклярацыі, не адпавядаюць чаканьням.

Гэты саміт — адно псыхалягічнае пацьверджаньне таго, што «Ўсходняе партнэрства» яшчэ жыве.

Імкненьне, каб гэта адбылося менавіта на саміце, нагадвае савецкія часы, калі да сьвята 7 лістапада запускалі ў космас чарговы карабель

Фёдараў: Я ня бачыў бы трагедыі ў гэтай дэклярацыі. Калі насамрэч не адбудзецца падпісаньне адпаведных пагадненьняў па візавай палітыцы, то для Беларусі, Грузіі і Ўкраіны гэта будзе ня вельмі прыемна.

Але працэс будзе працягвацца. Малдова ўжо атрымала бязьвізавы рэжым.

Імкненьне, каб гэта адбылося менавіта на саміце, нагадвае савецкія часы, калі да сьвята 7 лістапада запускалі ў космас чарговы карабель.

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў

Дракахруст: З рыскім самітам зьвязаная яшчэ адна палітычная інтрыга — ці паедзе на яго Аляксандар Лукашэнка? Прадстаўнікі Латвіі паведамілі, што запрашэньні на саміт накіроўваюцца краінам, а не асобам. Аднак прыгадваецца, што гэтак жа было і ў мінулыя разы, уключна з устаноўчым самітам у Празе ў 2009 годзе. Тады ў Менск накіравалі запрашэньне, але далі зразумець, што Лукашэнку бачыць у Празе не хацелі б. Зараз будзе тое самае ці ўсё ж паўнавартаснае запрашэньне?

Аднак калі яно нават будзе, ці паедзе Лукашэнка на саміт? Зараз Масква асабліва хваравіта глядзіць на кантакты сваіх суседзяў з Эўразьвязам. Дык можа кіраўнік Беларусі ўстрымаецца ад паездкі, нават калі будзе запрошаны, каб не дражніць маскоўскіх «гусей»?

Фёдараў: Я мяркую, што гэтым разам ня будзе такого нефармальнага папярэджаньня — афіцыйна запрашаем, але лепш першай асобе ня ехаць.

Аднак я ня думаю, што Аляксандар Лукашэнка паедзе на гэты саміт, калі да яго пачатку ня будуць вызваленыя палітвязьні.

Калі яны застануцца за кратамі, у Рызе ў выпадку паездкі яго могуць чакаць непрыемныя нечаканасьці.

Але сапраўды ёсьць такі фактар, як магчымая рэакцыя Масквы. У сёньняшніх абставінах, я лічу, ня варта будзіць ліха.

Лукашэнка будзе запрошаны ў Рыгу толькі калі перад самітам будуць вызваленыя ўсе палітвязьні

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Сівіцкі: Мне здаецца, што пытаньне палітвязьняў зьвязанае з пытаньнем запрашэньня Аляксандра Лукашэнкі на саміт. Я шмат разоў чуў ад заходніх дыпляматаў і экспэртаў, што Лукашэнка будзе запрошаны ў Рыгу, толькі калі перад самітам будуць вызваленыя ўсе палітвязьні.

У цяперашніх умовах, пры тых папярэдніх выніках, якія прадугледжаныя ў дэклярацыі саміту, прэзыдэнту Беларусі няма вялікага сэнсу ехаць туды. Важных дакумэнтаў там падпісваць не плянуецца, таму няма асаблівай патрэбы ехаць туды кіраўніку дзяржавы.

Хутчэй за ўсё, як і было раней, нашу краіну будзе прадстаўляць міністар замежных справаў. Там плянуецца падпісаць пагадненьні аб мабільнасьці і аб паразуменьні ў сфэры энэргетычных праблемаў.

Таксама, магчыма, будзе парафаванае пагадненьне аб палягчэньні візавага рэжыму. Падпісаньня яго ў Рызе беларускі бок і не чакаў.

Дракахруст: Паводле дэклярацыі, пасьля травеньскага Рыскага саміту адбудзецца нефармальная сустрэча міністраў замежных справаў краінаў-партнэраў і краінаў Эўразьвязу. Яна пройдзе ў чэрвені ў Менску. Што гэта азначае для Беларусі, для стасункаў афіцыйнага Менску з Эўразьвязам?

Сівіцкі: Мне здаецца, што рашэньне правесьці гэтую нараду кіраўнікоў МЗС у Менску — гэта прызнаньне ўнёску Беларусі ва ўрэгуляваньні ўкраінскага крызісу. За гэты час за Менскам ўмацавалася пазыцыя перамоўнай пляцоўкі.

Хутчэй за ўсё, гэта яшчэ адзін крок з боку Эўразьвязу, накіраваны на актывізацыю дыпляматычных кантактаў зь Менскам.

Гэта ўзнагарода з боку Эўразьвязу беларускім уладам за іх пазыцыю ў адносінах да Ўкраіны

Фёдараў: Ды нічога гэтая сустрэча для Беларусі і афіцыйнага Менску не адкрые. Я згодны са спадаром Сівіцкім — гэта ўзнагарода з боку Эўразьвязу беларускім уладам за іх пазыцыю ў адносінах да Ўкраіны. Гэта падзяка, але ня больш.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG