Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 сакавіка: сьвята грамадзянскай супольнасьці


Алесь Чайчыц
Алесь Чайчыц

Беларуская Народная Рэспубліка — калыска сучаснае беларускае дзяржаўнасьці. БССР была яе наступствам і вымушаным кампрамісам з боку бальшавікоў, якія не маглі ня ўлічваць інтарэсы беларускага нацыянальнага руху ў сваёй палітыцы. А Белнацкам (хто памятае, што гэта ўвогуле такое?) пры расейскім савецкім урадзе — гэта ў лепшым выпадку аналяг БЦР пры нямецкай акупацыйнай адміністрацыі ў Другой Сусьветнай.

Беларуская Народная Рэспубліка сапраўды аб’яднала вакол сябе некаторых з найлепшых прадстаўнікоў грамадзтва Беларусі: пэрспэктыўных генэралаў расейскай імпэратарскай арміі, дэпутатаў Дзяржаўнае Думы, выбітных ідэолягаў беларускай нацыянальнай дзяржаўнасьці Луцкевіча, Ластоўскага і многіх іншых, у тым ліку нават паэта Янку Купалу і драматурга Францішка Аляхновіча.

Заслужаны і паважаны генэрал Кіпрыян Кандратовіч стаўся міністрам абароны Беларускай Народнай Рэспублікі. Генэрал Алег Васількоўскі, які ў 1917 годзе займаў пасаду Камандуючага Петраградзкай вайсковай акругай (адну з найвышэйшых вайсковых пасадаў у Расеі), стаў дыпляматычным прадстаўніком БНР у Фінляндыі і дамогся таго, што Фінляндыя дала Беларусі найбольш поўнае дыпляматычнае прызнаньне. Памочнікам Васількоўскага ў Фінляндыі быў Юр’я Эльфэнгрэн — беларус па маці, дзяяч белага руху і будучы прэзыдэнт Рэспублікі Паўночная Інгрыя. Прадстаўніком БНР у Канстантынопалі быў палкоўнік Іван Ермачэнка, перад гэтым ад’ютант генэрала Ўрангеля.

Гістарычныя хронікі данесьлі да нас кранальны момант, калі на Першым Усебеларускім Зьезьдзе 1917 года, на якім была сфармаваная Рада БНР, стары генэрал Канстанцін Алексяеўскі ўзышоў на сцэну і пацалаваў беларускі бел-чырвона-белы сьцяг, які перад гэтым запатрабаваў прыбраць нехта з агрэсіўна-антыбеларуска настроеных прысутных дзеячоў.

Канстанцін Алексяеўскі ўзышоў на сцэну і пацалаваў беларускі бел-чырвона-белы сьцяг

Дэпутат Дзяржаўнай думы Раман Скірмунт быў прэм’ер-міністрам БНР. Іншы дэпутат Думы, Эдуард Вайніловіч — мэцэнат і ўвогуле адзін з найбольш выбітных людзей Беларусі пачатку 20. стагодзьдзя, адносна каго Касьцёл плянуе пачаць працэдуру бэатыфікацыі — падтрымліваў стварэньне беларускай Рэспублікі і прысутнічаў на паседжаньнях Рады.

Як і сама БНР у 1918 годзе, так і ўсё, што зьвязана зь ёю цяпер (як 25 сакавіка, так і дагэтуль існуючая Рада БНР) сёньня застаецца на Беларусі прэрагатываю не дзяржавы, а грамадзтва, грамадзянскай супольнасьці — добраахвотна і на ідэйнай аснове аб’яднаных людзей.

І ў гэтым ягоная сіла: 25 сакавіка і ідэі БНР могуць і павінны быць «кропкай крышталізацыі» беларускае нацыі як сукупнасьці людзей, якія пражываюць у Беларусі або зьвязаныя зь Беларусьсю, якія ўсьведамляюць супольнасьць сваіх інтарэсаў і гатовыя разам супрацоўнічаць дзеля пазытыўнае будучыні Беларусі.

25 сакавіка — гэта жывы пульс жывога беларускага грамадзтва, жывой і сапраўднай беларускай нацыі.

Калі гэтая супольнасьць людзей будзе існаваць і будзе заяўляць пра свае інтарэсы — будзе толькі справай часу, каб і дзяржаўны апарат сучаснай Рэспублікі Беларусь таксама перайшоў на наш бок.

Сьвяткаваньні Дня Волі адбываюцца як у Беларусі, так і ўва ўсіх буйных замежных цэнтрах беларускай прысутнасьці: Варшаве, Вільні, Беластоку, Маскве, Празе, Лёндане, Нью-Ёрку, Брусэлі, Кіеве.

БНР была на самой справе праектам агульнанацыянальным, сьветлым і дэмакратычным.

Людзі самі зьбіраюцца, самі арганізуюць, самі сьвяткуюць без загаду звыш: 25 сакавіка — гэта жывы пульс жывога беларускага грамадзтва, жывой і сапраўднай беларускай нацыі. Усе кажуць, што нас няма — а мы ж ёсьць, хай нас на першы погляд ня так шмат, як хацелася б. Ці можа якісь дзень-сымулякр 3 (ці якога там?) ліпеня пахваліцца такой народнасьцю і такой шчырасьцю?

БНР была на самой справе праектам агульнанацыянальным, сьветлым і дэмакратычным.

І гэты праект дабіўся сваёй галоўнай перамогі: праз амаль сто гадоў існуе міжнародна прызнаная сувэрэнная Рэспубліка Беларусь. 25 сакавіка 1918 г. — дзень, калі Беларусь у якасьці суб’екту зьявілася на палітычнай мапе Эўропы. І менавіта ад гэтага моманту яна безь перапынку існуе ў такой якасьці: у форме БНР, потым у форме намінальна незалежнай савецкай Беларусі, а цяпер у форме незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Праспэкт Незалежнасьці і Плошча Незалежнасьці ў Менску — гэта праспэкт і плошча той самай Незалежнасьці, пра якую беларускае грамадзтва ўголас заявіла менавіта 25 сакавіка 1918 года.

Сьвяткуйма!

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 году сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG