Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзесяць беларускіх прадпрыемстваў спынілі экспарт харчоў у Расею


Расейская фэдэральная служба па вэтэрынарным і фітасанітарным кантролі ад 24 лістапада абмежавала ўвоз прадукцыі дзесяці беларускіх мясакамбінатаў з прычыны прэтэнзіяў да яе бясьпекі.

Пад абмежаваньне Рассельгаснагляду трапіла прадукцыя беларускіх прадпрыемстваў «Бабушкіна крынка», «Інка-фуд», «Белавескія далікатэсы», Берасьцейскага, Гомельскага, Cлуцкага мясакамбінатаў, Бярозаўскага мясакансэрвавага камбінату, агракамбінату «Дзяржынскі», Смалявіцкай бройлернай фабрыкі і кампаніі «Сэрвалюкс».

Калі, напрыклад, Берасьцейскі ды Гомельскі мясакамбінаты ўжо не аднойчы падпадалі пад санкцыі Расеі, то бярозаўскія вытворцы ў гэты сьпіс трапілі ўпершыню.

Адзін з кіраўнікоў Бярозаўскага мясакансэрвавага камбінату апавёў:

«Гэта зь сёньняшняга дня абмежаваньні. Яшчэ ў суботу мы адгрузілі ў Расею шэсьць машын ялавічыны, пяць — кансэрваў, дзьве машыны тлушчу і гэтак далей. Менавіта з 24 лістапада абмежавалі ўвоз. Ідзе разбор палётаў».

Зь якой прычыны Рассельгаснагляд абмежаваў увоз іхняй прадукцыі, прадстаўнік прадпрыемства не камэнтуе:

«Тое, што яны кажуць, — гэта адно. Трэба глядзець, што да чаго. Не магу цяпер даць ніякага адказу, бо ідуць разборкі. Камісіі нейкія там арганізоўваюцца. Калі б гэта была толькі Бяроза, то іншае пытаньне. А то ж і берасьцейскія, і менскія, і магілёўскія прадпрыемствы. І малочныя, напрыклад, „Бабушкіна крынка“ — не адзін наш камбінат. Мы наагул ніколі не траплялі пад абмежаваньні. Берасьцейскі камбінат, здаецца, ужо два разы трапляў — на месяц, на два тыдні абмяжоўвалі. Слонімскі таксама быў, ды іншыя. Не магу адказаць, ідзе разборка».

Адмаўляюцца камэнтаваць абмежаваньні на экспарт сваёй прадукцыі ў Расею мясаперапрацоўшчыкі зь Берасьця й Гомеля:

«Я не магу вам нічога пракамэнтаваць — разьбіраемся з сытуацыяй. Будзе ўсё зразумела крыху пазьней».

«Ня мне рабіць высновы й заключэньні. Ня буду нічога казаць. Нічога не скажу. Працуем над гэтым».

Тым часам Рассельгаснагляд сьцьвярджае, што ў ялавічыне, кансэрвах Бярозаўскага, ялавічыне і каўбасе Берасьцейскага і ялавічыне ахалоджанай і замарожанай Гомельскага мясакамбінатаў выяўленыя бактэрыі групы кішэчнай палачкі і мэзафільныя аэробныя ды факультатыўна-анаэробныя мікраарганізмы.

Апрача таго, у мясе птушкі з агракамбінату «Дзяржынскі» і Смалявіцкай бройлернай птушкафабрыкі расейцы выявілі даксыцыклін, антыбіётыкі тэтрацыклінавай групы, лістэрыі.

Паводле Рассельгаснагляду, такая прадукцыя парушае вэтэрынарна-санітарныя патрабаваньні Мытнага саюзу і Расеі.

Што яны там сьцьвярджаюць, трэба разьбірацца. Памятаеце, колькі ўжо было з боку Расеі такіх дзеяньняў?

У малацэ і малочнай прадукцыі, вырабленых акцыянэрным таварыствам «Бабушкіна крынка», таксама ўтрымліваюцца антыбіётыкі і недапушчальныя мікраарганізмы.

У асобным сьпісе — Слуцкі мясакамбінат, у каўбасе якога, як сьцьвярджаюць расейцы, утрымліваецца геном узбуджальніка афрыканскай чумы сьвіней.

Кіраўнік расейскага ведамства Сяргей Данквэрт выказаў меркаваньне, што рэзкае падзеньне якасьці беларускай прадукцыі выклікана выкарыстаньнем таннай сыравіны, закупленай у Канадзе.

На такія маштабныя абмежаваньні расейцаў галоўны дзяржаўны інспэктар па кантролі за якасьцю харчовай сыравіны і прадуктаў пры іх вытворчасьці, ён жа намесьнік дырэктара беларускага Дэпартамэнту вэтэрынарнага і харчовага нагляду Міхаіл Арэшка заяўляе:

«Мы зараз стварылі камісіі — яны выехалі на прадпрыемствы, якія яны ўказалі. Разьбіраемся, гэта так ці не. Будзем адбіраць узоры сыравіны і прадукцыі і дасьледаваць. Уся сыравіна, якая паступае ў рэспубліку, мае ўваходны кантроль. Што яны там сьцьвярджаюць, трэба разьбірацца. Памятаеце, колькі ўжо было з боку Расеі такіх дзеяньняў? Таму й разьбіраемся. Калі разьбяромся, тады зможам штосьці сказаць».

Па словах суразмоўцы, каб правесьці аналізы, спатрэбіцца сама меней дзесяць дзён. У гэты час дзесяць найбуйнейшых харчовых прадпрыемстваў ніякую прадукцыю экспартаваць у Расею ня будуць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG