Прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясьніковіч адкрыў Беларуска-амэрыканскі інвэстыцыйны форум у Нью-Ёрку. Які эфэкт маюць падобныя мерапрыемствы? Ці зможа Беларусь атрымаць новыя міжнародныя пазыкі? Якія пэрспэктывы перазагрузкі ў адносінах паміж Менскам і Вашынгтонам?
Удзельнікі: былы старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч і эканамічны аглядальнік «Белгазеты» Сяргей Жбанаў.
Які эфэкт маюць падобныя інвэстыцыйныя форумы?
Валер Карбалевіч: «Беларускія ўлады ня першы раз ладзяць інвэстыцыйныя форумы за мяжой. Былі такія форумы ў ангельскім Лёндане (2008 г.), нямецкім Франкфурце-на-Майне (2010 г.). Вось сёньня прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясьніковіч адкрыў Беларуска-амэрыканскі інвэстыцыйны форум у Нью-Ёрку. Сёлета ў лістападзе плянуецца зноў правесьці падобны форум у Лёндане. Які эфэкт ад такіх мерапрыемстваў?»
Станіслаў Багданкевіч: «Праводзіць такія форумы трэба. Калісьці, 20 гадоў таму, і я таксама ўдзельнічаў у падобных мерапрыемствах. У любым выпадку карысьць ёсьць. Хоць бы ў выглядзе доўгатэрміновых крэдытаў.
Іншая справа, што калі мы гаворым пра эфэкт, то трэба найперш, каб для інвэстыцыяў былі спрыяльныя ўнутраныя ўмовы. Бо ў Беларусі дасюль не праведзеныя эканамічныя рэформы, краіна ў ізаляцыі. Трэба, каб быў спрыяльны інвэстыцыйны клімат, каб паважалі ўласнасьць».
Сяргей Жбанаў: «Складана падлічыць непасрэдны эфэкт ад падобных форумаў. Але мне невядомыя нейкія грандыёзныя, прарыўныя праекты, пра якія было б дамоўлена на мінулых форумах.
Але цяпер Беларусі востра патрабуюцца замежныя крэдыты. І ў такім выпадку краіна павінна імкнуцца выкарыстоўваць любую магчымасьць. Справа ў тым, што наступным годам сытуацыя з валютай у нас нашмат горшая, чым у 2013–2014 гадах, якія, як даводзілі ўлады, былі пікавымі ў пляне выплаты запазычанасьцяў. Здаецца, у нас пік зацягваецца».
Карбалевіч: «Вось абодва мае суразмоўцы кажуць пра магчымасьць атрыманьня крэдытаў на гэтых форумах. Але, паводле самой лёгікі, на інвэстыцыйных форумах трэба прыцягваць менавіта інвэстыцыі, а не крэдыты. Бо крэдыты ж трэба вяртаць».
Жбанаў: «Паводле мэтадалёгіі статыстыкі крэдыт лічыцца разнавіднасьцю інвэстыцыяў».
Ці зможа Беларусь атрымаць новыя міжнародныя пазыкі?
Карбалевіч: «Ну вось давайце тады пагаворым пра крэдыты. Апошнім часам Беларусь актыўна шукае крыніцы пазыкаў па-за межамі Расеі. На мінулым тыдні Аляксандар Лукашэнка прымаў высокіх прадстаўнікоў Сусьветнага банку. Сёньня пачынаецца візыт у Беларусь дэлегацыі Рады дырэктараў Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця. Намесьнік міністра фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч паведаміў, што падчас візыту беларускай дэлегацыі ў ЗША павінна адбыцца сустрэча з намесьнікам выканаўчага дырэктара Міжнароднага валютнага фонду. Ён жа паведаміў, што Беларусь вывучае магчымасьць разьмяшчэньня ў ЗША аблігацыяў на 1 млрд даляраў. Як можна пракамэнтаваць гэтую інфармацыю?»
Багданкевіч: «Вонкавы доўг Беларусі расьце хуткімі тэмпамі, крэдыты ў асноўным ідуць з усходу. Валавы вонкавы доўг Беларусі складае 55% ад валавога ўнутранага прадукту. Крытычнай велічынёй лічыцца 60%.
Валавы вонкавы доўг Беларусі складае 55% ад валавога ўнутранага прадукту. Крытычнай велічынёй лічыцца 60%
Зноў-такі, я б ацэньваў сытуацыю з гледзішча ўнутры краіны. Праблема ў нізкай эфэктыўнасьці выкарыстаньня гэтых крэдытаў. Рэнтабэльнасьць эканомікі падае, сума стратаў кожны год падвойваецца. Пазыкі, якія ідуць на папаўненьне золатавалютных рэзэрваў, — гэта фактычна грошы на праяданьне. Таму трэба правесьці эканамічныя рэформы».
Карбалевіч: «А наколькі рэальна Беларусі атрымаць пазыкі на заходніх рынках?»
Багданкевіч: «Калі гаварыць пра разьмяшчэньне на рынку ЗША беларускіх аблігацыяў, то гэта рэальна, але нявыгадна, бо будзе вялікі працэнт. Таму я лічу, што гэта рабіць немэтазгодна. Лепш, каб прадпрыемствы Беларусі разьмяшчалі там свае аблігацыі пад канкрэтныя бізнэс-пляны».
Карбалевіч: «Калі браць пад увагу той крэдыт, які ўзялі ўлады ў расейскага банку ВТБ (гэта брыдж-крэдыт пад высокі працэнт), то складаецца ўражаньне, што кошт крэдытаў іх цяпер ужо нават не цікавіць, абы даў хоць хто пад любыя працэнты».
Пазыкі можна ўзяць толькі на заходніх рынках
Жбанаў: «Эканамічныя санкцыі Захаду супраць Расеі ўжо пачалі адмоўна адбівацца на беларускай эканоміцы. Вось мэдыі пішуць, што Беларусі, маўляў, пашанцавала, ідзе „пруха“, маючы на ўвазе магчымасьць пастаўляць на расейскі рынак харчаваньне, у тым ліку эўрапейскае пад выглядам беларускага. Гэта дробязь, якая адцягвае нашу ўвагу ад таго, што ўвогуле зьмянілася парадыгма.
Вось цяпер Расея прыняла рашэньне выдзеліць Беларусі крэдыт у памеры 1,5 млрд даляраў. Але не зьвяртаюць увагі, што гэты крэдыт — у расейскіх рублях. А вяртаць банку ВТБ, у якога мы «перахапілі» згаданы вамі брыдж-крэдыт, трэба будзе ў далярах ці эўра. Усе нашы даўгавыя абавязаньні — у далярах ці эўра. Гэта значыць, што расейскія рублі давядзецца канвэртаваць у гэтую валюту. Па-першае, гэта страты на канвэртацыі, па-другое, давядзецца ахвяраваць золатавалютнымі рэзэрвамі.
Праблема яшчэ і ў тым, што наступным годам Расея фактычна ня будзе для нас замежным крэдыторам. Можа, толькі 500 млн даляраў можна будзе атрымаць ад РФ. Добра, што гэтым годам мы хапнулі ад Расеі гіганцкую суму. Нават Украіне ад МВФ столькі не абламілася.
Калі Расея не зьбіраецца дапамагаць, то трэба шукаць грошы на Захадзе
А ў 2015 годзе Беларусі давядзецца вяртаць 4 млрд даляраў пазыкаў. (Нагадаю, гэтым годам мы вяртаем толькі 3,5 млрд даляраў). 500 млн даляраў Беларусь можа атрымаць за кошт продажу сваёй сырой нафты. 1,5 млрд даляраў можна атрымаць за кошт таго, што Расея дазволіла пакідаць у беларускім бюджэце нафтавае мыта. Яшчэ 1 млрд даляраў Мінфін абяцае пазычыць. А дзе ўзяць яшчэ 1 млрд даляраў? Вось пра гэты мільярд і вядзе гаворку намесьнік міністра Ермаловіч, калі кажа пра разьмяшчэньне аблігацыяў на амэрыканскім рынку. Іншых варыянтаў атрыманьня валюты няма. Бо ў адваротным выпадку нам давядзецца адтэрміноўваць выплаты доўгу. А Беларусь заўсёды ганарылася менавіта тым, што ў тэрмін выконвала ўсе свае фінансавыя абавязаньні.
Калі Расея не зьбіраецца дапамагаць, то трэба шукаць грошы на Захадзе. Перамовы з МВФ патрэбныя для таго, каб, як казаў калісьці Мясьніковіч, фонд дабраславіў увесь фінансавы сьвет выдаваць нам пазыкі пад прымальны працэнт.
Сапраўды, дасюль беларускія ўлады не разьмяшчалі аблігацыі на заходніх рынках пад тыя працэнты, якія там нам могуць прапанаваць. На ўнутраным рынку Мінфін разьмяшчае аблігацыі пад 6,75–7,15%».
Якія пэрспэктывы перазагрузкі ў адносінах паміж Беларусьсю і ЗША?
Карбалевіч: «Прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясьніковіч, адкрываючы Беларуска-амэрыканскі інвэстыцыйны форум у Нью-Ёрку, выказаў спадзяваньне на перазагрузку беларуска-амэрыканскіх адносін. Цяпер гэтыя дачыненьні ў дрэнным стане. ЗША захоўвае санкцыі адносна прадпрыемстваў канцэрну „Белнафтахім“ і іншыя санкцыі. Беларусь не дазваляе павялічыць штат амэрыканскай амбасады ў Менску, зьніжаны статус дыпляматычнага прадстаўніцтва. На што спадзяецца Мясьніковіч? Або ягоныя выказваньні — гэта проста дыпляматычны рытуал?»
Багданкевіч: «Думаю, дыпляматычны рытуал. Бо дзеля перазагрузкі патрэбныя рэформы ўнутры Беларусі. Трэба было б вызваліць палітзьняволеных, спыніць рэпрэсіі супраць палітычных апанэнтаў. Але гэта нерэальна.
Зразумела, нешта можна зрабіць для паляпшэньня двухбаковых адносін. Напрыклад, павялічыць колькасьць дыпляматычнага пэрсаналу ў амбасадах. Але я б гэта не называў перазагрузкай».
Жбанаў: «А давядзецца перазагружаць. Калі няма іншых крыніц фінансаваньня, то давядзецца наладжваць адносіны з Захадам. Трэба дамаўляцца з МВФ».