Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэйгерман: Беларусь прэтэндуе на статус «усходнеэўрапейскай Швэйцарыі»


У Менску адбываюцца перамовы на найвышэйшым узроўні па ўрэгуляваньні ўкраінскага крызісу. Ці ёсьць папярэднія вынікі? Якія існуюць пэрспэктывы дамовіцца аб мірным вырашэньні расейска-ўкраінскага канфлікту?

Удзельнікі: дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман і галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты «Мы» Кірыла Пазьняк.

У каго лепшыя перамоўныя пазыцыі?

Валер Карбалевіч: Напярэдадні саміту адбываліся важныя падзеі, якія ўплывалі на перамоўныя пазыцыі бакоў. Сэпаратысты перайшлі ў наступ на ўсходзе Ўкраіны. Але, з другога боку, расейскія вайскоўцы трапілі ў палон, што б’е па іміджы Расеі.

Таксама ў выходныя Кіеў наведала канцлер Нямеччыны Мэркель. Але, як адзначаюць украінскія экспэрты, яна падштурхоўвала ўкраінскае кіраўніцтва да міру, то бок, да кампрамісу, саступак. Што не зусім падабаецца афіцыйнаму Кіеву. Дык у каго з бакоў, якія прыехалі на саміт у Менск, лепшыя перамоўныя пазыцыі?

Яўген Прэйгерман: Лічу, што такая пастаноўка пытаньня не зусім карэктная на фоне таго, што на ўсходзе Ўкраіны ідзе вайна. Саміт у Менску мае тактычнае і стратэгічнае вымярэньне. Тактычнае вымярэньне — гэта тое, што адбываецца на ўсходзе Ўкраіны, стан украінскай эканомікі. І гэта найбольш важна для Расеі і Ўкраіны.

Стратэгічнае вымярэньне — гэта пытаньне пра тое, як будзе будавацца сыстэма бясьпекі ў Эўропе. І намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Чалы казаў, што ёсьць спадзеў на пачатак выбудоўваньня новай сыстэмы адносінаў у Эўропе зь Менскага саміту. І для ЭЗ менавіта гэты кампанэнт найбольш важны.

Кірыла Пазьняк: З маральнага гледзішча, міжнароднага рэнамэ, міжнароднай падтрымкі перавагу мае Ўкраіна. Але з гледзішча эканамічнай моцы і ваенных аспэктаў перавага на баку Расеі. А ЭЗ, на які спадзяецца Кіеў, аддае перавагу мірнаму ўрэгуляваньню.

Ці запусьціць Менскі саміт перамоўны працэс?

Карбалевіч: Лукашэнка настойліва падкрэсьліваў, што важна, каб той перамоўны працэс мірнага ўрэгуляваньня, які пачаўся ў Менску, працягваўся. І Беларусь гатовая стварыць для гэтага ўсе умовы. А вось прэзыдэнт Казахстану заявіў, што ён ня супраць таго, каб наступная падобная сустрэча адбылася ў Казахстане. То бок пачынаецца канкурэнцыя за лаўры міратворца.

Лукашэнка адзначыў, што экспэрты падрыхтавалі выніковы дакумэнт, які прапаноўваецца для абмеркаваньня і прыняцьця. А прэзыдэнт Украіны Парашэнка сказаў, што хацеў бы, каб саміт падтрымаў ягоны мірны плян урэгуляваньня канфлікту. Як можна зразумець, гэта розныя дакумэнты. Якія пэрспэктывы таго перамоўнага працэсу, які пачаўся ў Менску? Ці будзе ён мець працяг?

Прэйгерман: Адным днём перамоваў усё скончыцца ня можа. Ня думаю, што здарыцца нейкі вялікі скандал, які абрыне ўсе пачынаньні. Ёсьць шанец, што на гэтым саміце будзе пачаты працэс, які дазволіць стварыць «дарожную мапу» ўрэгуляваньня канфлікту. Думаю, пра гэта і казаў Лукашэнка, узгадваючы выніковы дакумэнт саміту.

І Беларусь, і Лукашэнка зацікаўленыя ў тым, каб гэты перамоўны працэс працягваўся менавіта тут. Гэта дае краіне і ўладам палітычныя і дыпляматычныя бонусы. Роля месца, краіны, дзе дамовіліся пра значныя для ўсяго рэгіёну праблемы, вельмі важная. Беларусь прэтэндуе на статус «усходнеэўрапейскай Швэйцарыі».

Ня думаю, што Казахстан можа тут скласьці канкурэнцыю. Бо Казахстан знаходзіцца адносна далёка, ня ў нашым рэгіёне. Да таго ж Назарбаеў і афіцыйная Астана не прыклалі такіх вялікіх намаганьняў, як Лукашэнка і афіцыйны Менск, каб такі саміт адбыўся ў Беларусі.

Пазьняк: Лічу вялікім дасягненьнем той факт, што саміт у Менску адбыўся, што Пуцін і Парашэнка паціснулі адзін аднаму руку. Што тычыцца вынікаў, то, думаю, рэальныя прапановы па ўрэгуляваньні канфлікту маюць Расея, Украіна і ЭЗ. Дакумэнт, пра які кажа Лукашэнка, гэта, хутчэй за ўсё, нейкая дэклярацыя аб намерах, дзе будзе гаварыцца пра наступныя этапы перамоўнага працэсу. Наўрад ці кіраўнік Беларусі можа прапанаваць дакумэнт, кшталту «Менскага міру».

Ці дае Менскі саміт штуршок размарожваньню адносін Беларусі з ЭЗ?

Карбалевіч: Цяпер давайце пагаворым пра пэрспэктывы дачыненьняў Беларусі і ЭЗ. Калі б дзён дзесяць таму нехта сказаў, што 26 жніўня адбудзецца сустрэча Лукашэнкі і сп-ні Эштан, на яго б паглядзелі як на дзівака. Аднак высокая прадстаўніца ЭЗ прыехала ў Менск і правяла перамовы з «апошнім дыктатарам Эўропы». Шмат экспэртаў кажуць, што гэты саміт дасьць штуршок разьвіцьцю адносін Беларусі з ЭЗ. Ці так гэта?

Прэйгерман: Дзіўныя рэчы часьцяком здараюцца ў палітыцы. Апошнія год-паўтара у беларуска-эўрапейскіх адносінах разьвіваецца тэндэнцыя да пацяпленьня. І на тле яе сёньняшняя сустрэча Лукашэнкі з Эштан не выглядае такім ужо дзівам. Зразумела, ёсьць вялікі блёк праблемаў (найперш, палітвязьні), з-за якіх ЭЗ ня можа пайсьці на паўнавартаснае разгортваньне адносінаў зь Беларусьсю.

Сёньняшняя сустрэча для беларускай дыпляматыі вельмі важная. Яна дазваляе адкласьці ў бок тыя праблемы, які азмрочваюць стасункі паміж бакамі. Сп-ня Эштан адзначыла, што для ЭЗ важна, каб рэгіянальныя дзяржавы актыўна ўдзельнічалі ў справе мірнага ўрэгуляваньня ўкраінскага крызісу, і адзначыла важную ролю Беларусі ў гэтым працэсе. Калі менскі перамоўны працэс прывядзе да міру ва Ўкраіне, то гэта падвысіць міжнародны аўтарытэт Беларусі, што дасьць новы імпульс адносінам Менску і Брусэлю.

Пазьняк: Гэтую сустрэчу Лукашэнкі і Эштан можна лічыць дыпляматычным прарывам. Зь Менскага саміту кіраўнік Беларусі здымае вяршкі.

Важна тое, што цяпер Лукашэнка вядзе перамовы з ЭЗ і як кіраўнік Беларусі, я як прадстаўнік Мытнага зьвязу. І тут могуць быць пэўныя супярэчнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG