Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хашчавацкі: «Цяпер беларусы як партызаны — кожны ў сваім лесе і кожны робіць вылазкі паасобку»


Юры Хашчавацкі
Юры Хашчавацкі

У Магілёве мясцовая суполка Аб’яднанай грамадзянскай партыі стварыла Цэнтар прыхільнікаў пераменаў.

Партыйцы разьлічваюць, што ў гэтым асяродку кожны ахвочы будзе мець магчымасьць атрымаць незалежную інфармацыю пра сытуацыю ў Беларусі і па-за яе межамі, а таксама абмяняцца думкамі ды меркаваньнямі. Маюць намер партыйцы і прымаць у цэнтры беларускіх творцаў, якія ў Беларусі пазбаўленыя магчымасьці публічна сустракацца зь людзьмі.

Першым госьцем стаў кінарэжысэр Юры Хашчавацкі. Ён паказаў магілёўцам адну з апошніх сваіх стужак — фільм «Лабатамія». Пасьля яе прагляду пагутарыў з грамадой, у тым ліку і адказаў на пытаньні беларускай Свабоды.

«Лабатамія» — фільм пра норавы палітычнага рэжыму ў Расеі ды пра расейскую агрэсію супраць Грузіі. Фільм, на думку тых, хто прыйшоў яго паглядзець, актуальны, бо падобныя ж падзеі цяпер адбываюцца ва Ўкраіне — на Данбасе.

«Фільм зьняты шэсьць гадоў таму, але ён дужа актуальны. Насельніцтва наша лічыць украінцаў фашыстамі. Але ж гэта ня так. У нас павінна быць дужа добрая контрапрапаганда, — заяўляе адзін з ініцыятараў стварэньня Цэнтру прыхільнікаў перамен Уладзімер Шанцаў. — І гэты фільм — проста цудоўная контрапрапаганда. Гэты фільм — гэта факт».

Сам Юры Хашчавацкі кажа, што беларусы напалоханыя падзеямі ва Ўкраіне. На ягоную думку, спалох выкліканы ня столькі Майданам, колькі збройным канфліктам на паўднёвым усходзе суседняй краіны:

«Якраз Майдан, — тлумачыць суразмоўца, — гэта цудоўны прыклад таго, як трэба бараніць сваю чалавечую годнасьць.

А спалохала беларусаў расейская агрэсія, правакаваньне нібыта грамадзянскай вайны. Хоць гэта ў чыстым выглядзе агрэсія з выкарыстаньнем мясцовых людзей, якіх шмат у чым падманула прапаганда. Беларусы схаваліся, як заўжды. Беларусы — гэта ж народ-партызан. А гэта значыць — глыбока сысьці ў лес. Усе цяпер сышлі ў свой уласны лес. У кожнага ён свой».

Рана ці позна, лічыць Юры Хашчавацкі, беларусам давядзецца выйсьці «зь лесу». «Усё адно давядзецца рабіць вылазкі. Кепска, калі вылазкі робяцца паасобку. Трэба чакаць, калі вылазку зробяць усе разам з гэтага лесу. І гэта абавязкова будзе».

Беларусы, кажа Юры Хашчавацкі, баяцца вайны. Гэта самае страшнае, што можа здарыцца на іхнай зямлі. Але ня толькі вайна на Данбасе, на думку суразмоўцы, выклікае страх у беларусаў:

«Гэты страх памножаны страхам, які ўкараняла ў нашае грамадзтва ўлада і Лукашэнка, — даводзіць Хашчавацкі. — Я ўпэўнены, — кажа ён, — што Лукашэнка, баронячы сваю ўладу, пайшоў бы на многае. І беларусы гэта адчуваюць. Але, тым ня менш, у 2010 годзе выйшлі. І выйшла дужа шмат людзей. Нягледзячы на тое, што не сумняваліся ў рэзкасьці нашай улады. Выйшлі бараніць сябе. І будуць бараніць, але знойдуць нейкія іншыя спосабы».

Кінарэжысэр не бярэцца прагназаваць, як будуць разьвівацца падзеі ў Беларусі, але перакананы, што беларусы знойдуць свой шлях, каб абараніцца ад таталітарызму.

«Ніхто ж ня верыць, што ў нас таталітарызм. А я кажу, што ў нас таталітарызм! У нас спрабуюць ува ўсе галіны чалавечага жыцьця ўмяшацца сілавым чынам. Цяпер сілавымі структурамі сталі абсалютна ўсе структуры. Нават аддзелы народнай адукацыі — і тыя сталі сілавымі, зьвярніце ўвагу. У нас усё пад армейскую капірку. З гэтым трэба змагацца».

Магілёўцы, якія прыйшлі паглядзець фільм Юрыя Хашчавацкага
Магілёўцы, якія прыйшлі паглядзець фільм Юрыя Хашчавацкага

Юры Хашчавацкі — прыхільнік байкоту, і ня толькі на выбарах, але, як кажа, усеагульнага адмаўленьня ад супрацоўніцтва з уладай.

«Калі людзі зразумеюць, што з гэтай уладай немагчыма супрацоўнічаць, што яна іх трымае як прыгонных, тады яны змогуць дужа моцна ўшчаміць уладу, прымусіць яе зьвярнуць увагу на правы людзей. Беларусам варта ўзяцца за самаадукацыю ў тым пляне, каб вярнуць сабе пачуцьцё ўласнай годнасьці».

Юры Хашчавацкі прызнаецца, што баіцца падпасьці пад уплыў прапаганды — «пад прамываньне мазгоў», як ён кажа. Раіць не злоўжываць праглядам расейскага тэлебачаньня:

«Я калі ўключаю расейскае тэлебачаньне, я бачу, дзе яны хлусяць, але тым ня менш адчуваю, як іхны прэсінг пачынае ўваходзіць у мяне і мяняць мае ўяўленьні. Настолькі гэта моцна. Да гэтага нельга ставіцца абыякава. Гэта дужа сур’ёзнае ўзьдзеяньне. Я дужа падрыхтаваны чалавек, паколькі гэта мая прафэсія, але я адчуваю, як гэта небясьпечна. Людзі павінны цяпер быць дужа асьцярожныя».

Прэзэнтацыя фільму Юрыя Хашчавацкага адбылася ў грамадзкім цэнтры «Кола». Паглядзець стужку знанага кінарэжысэра прыйшло каля паўсотні чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG