Роўна тры гады таму 4 жніўня 2011 года ён трапіў за краты. За гэты час зьмяніўся Бяляцкі ці краіна, у якую ён вярнуўся? Чаму былыя беларускія палітвязьні па вызваленьні не становяцца моцнымі палітычнымі лідэрамі? Якія творы турэмнай літаратуры варта ўключыць у школьную праграму? Чаму ў турме добра пішуцца кнігі? Ці варта нацыянальнай эліце замест палітыкі сканцэнтравацца на культурных праектах? Што магла б даць Беларусі Нобэлеўская прэмія міру?
Пра гэта ды іншае з Алесем Бяляцкім гутараць Ганна Соўсь і Сяргей Дубавец.
Фрагмэнт дыскусіі
Ганна Соўсь: Вядомыя прыклады, калі былы палітычны вязень станавіўся палітычным лідэрам — Мандэла, Гавэл. У найноўшай гісторыі Беларусі нямала прыкладаў, калі на палітвязьня ўскладаліся вялікія надзеі. Пакуль ён сядзеў, да яго была прыцягнутая ўвага сьвету. Па вызваленьні кароткі час была эўфарыя ад вызваленьня, некалькі гучных заяваў, былых палітвязьняў запрашалі вышэйшыя заходнія лідэры. А пасьля гэтага з большага не адбывалася нічога. Былыя палітвязьні альбо пакідалі краіну, альбо канцэнтраваліся на сям’і, рэлігіі і станавіліся менш актыўнымі ў сілу розных прычынаў. Чаму так адбываецца? Гэта настолькі эфэктыўная беларуская турма?
Алесь Бяляцкі: Па-першае, турма, сапраўды, гэта цяжкае выпрабаваньне для нашых палітычных вязьняў, бо там аказваюцца розныя сродкі ўплыву, ціску на кожнага індывідуальна, на тых людзей, якія сядзяць за палітычныя перакананьні. Там ідзе сапраўдная барацьба, калі ты змагаесься з сыстэмай калёніі, Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, якія, натуральна, атрымліваюць інструкцыі з больш высокіх кабінэтаў. Я не зьдзіўляюся і абсалютна разумею тых людзей, якія пасьля такой «пражаркі» выходзяць, і патрабуецца пэўны час, каб чалавек прыйшоў у сябе. У пэўнай ступені я яшчэ ня цалкам на волі. Нейкая частка мяне яшчэ знаходзіцца ў калёніі і працэс унутранай рэабілітацыі праходзіць і далей. Як сказаў мне Аляксандар Казулін пры сустрэчы, мяне яшчэ недзе паўгода будзе каўбасіць, а потым стану больш-менш нармальным. Такі ў яго быў вопыт адаптацыі.
Што датычыцца асаблівых спадзяваньняў грамадзтва на палітычных вязьняў, якія адсядзелі ў турме, у пэўнай ступені, я думаю, што яны спраўдзяцца. Насамрэч людзі не адышлі так масава ад нейкай грамадзкай дзейнасьці і палітыкі. Дастаткова паглядзець на цяперашніх грамадзкіх і палітычных актывістаў, каб убачыць, што значная частка зь іх прайшла праз турмы. Іншая справа, што мы хочам? Мы думаем, што адтуль чалавек выходзіць як нейкі аракул ці ён становіцца безумоўным аўтарытэтам? Гэтыя спадзяваньні, мне падаецца, завышаныя, бо хоць турма і мяняе людзей, з другога боку чалавек усё ж, як мне падаецца, такім, якім ён быў у сваёй аснове, такім і застаецца пасьля турмы. Таму
Я сябе ня бачу як палітычнага лідэра. Я ўсё ж грамадзкі дзяяч, праваабаронца.
я ня думаю, што мы можам чакаць нейкіх якасных прарываў ад людзей, якія адсядзелі ў турме. Можа, я і памыляюся. Але з другога боку тое, што палітычныя лідэры сядзелі і сядзяць, і той жа Мікола Статкевіч працягвае заставацца за кратамі, гэта безумоўна іхні моцны капітал у грамадзкай дзейнасьці, бо калі чалавек прайшоў праз гэтыя выпрабаваньні, то да такога чалавека ёсьць і давер у грамадзтве. Я сябе ня бачу як палітычнага лідэра. Я ўсё ж грамадзкі дзяяч, праваабаронца. Як я займаўся праваабарончай працай, спрабуючы ня толькі дапамагаць і нейкім чынам аб’ядноўваць грамадзянскую супольнасьць у Беларусі, і сваім словам, і сваім аўтарытэтам, і сваімі дзеяньнямі, тым самым буду займацца і далей.
Сяргей Дубавец: Ёсьць такая думка, што палітыка ў Беларусі памерла, прынамсі, калі ўдакладніць, што апазыцыйная палітыка маргіналізавалася да такой ступені, што яе проста не відаць, не чуваць, і аўтарытэт у яе нуль, калі ня мінус. Вы ў свой час узначальвалі музэй Багдановіча, пасьля праваабарончы цэнтар «Вясна». Калі ўлічыць гэтую маргіналізацыю палітыкі, то сёньня абсалютна праспэруе сфэра нацыянальна-культурнага разьвіцьця. Гэта ўсё ідзе зь нізоў, бо дзяржава на ўсё махнула рукой. Але нібы ў тыя 80-я гады, калі ствараліся «Майстроўня», «Талака» і іншыя нефармальныя арганізацыі моладзі, менавіта ў нацыянальна-культурнай сфэры адбывалася мабілізацыя новых людзей. Мы сёньня бачым і гэтыя фэстывалі на вольным паветры, і моўныя курсы, якія зьбіраюць сотні ўдзельнікаў, вялікая ўвага і да маладой літаратуры і музыкі. Можа быць сытуацыя паўтараецца? Ізноў адбываецца нефармальная мабілізацыя, якая сёньня да палітыкі ня мае дачыненьня, прынамсі стараецца ў сваіх вышыванках далей не ісьці, але калі набярэцца крытычная маса гэтага народу, можа быць адбудзецца так, як у канцы 80-х? Гэта ўсё ў нейкай ступні палітызуецца і ператворыцца ў сілу пераменаў? І можа быць варта сёньня ня столькі аддаваць час маргінальнай палітыцы, колькі нефармальнай культуры і новым ініцыятывам?
Алесь Бяляцкі: Сапраўды, гэта тое новае, за гэтыя тры гады, што я заўважыў калі выйшаў з турмы — зьяўленьне шматлікіх культурніцкіх, экалягічных, праваабарончых моладзевых ініцыятываў, якія працуюць дастаткова пасьпяхова, якія ня ставяць перад сабой адкрытыя палітычныя задачы і якія шукаюць шляхі малых, але пасьпяховых крокаў, і гэта цікава. Гэта мне падаецца пэрспэктыўным, і мы са свайго боку будзем гэта падтрымліваць. Хаця я б ня ставіў канчатковы крыж на палітычнай частцы грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Трэба разумець, у якіх цяжкіх умовах там адбываецца праца. Мы працуем шчыльна з палітычнымі актывістамі ў пляне дапамогі і бачым, што кожны зь іх пэрсанальна (і моладзевыя актывісты, і больш старэйшае пакаленьне) знаходзяцца пад прэсінгам дзяржавы і атрымліваюць пакараньні, іншыя жыцьцёвыя цяжкасьці. І гэта трэба разумець, што яны ня маюць вялікага патэнцыялу для пашырэньня, але тое, што гэты палітычны сэктар ёсьць, гэта надзвычай важна для агульнай грамадзянскай сытуацыі. Тое, што зараз бурліва пачала разьвівацца сфэра непалітычнай, грамадзкай актыўнасьці, гэта таксама паказвае тое, што маладыя людзі ня бачаць вялікіх пэрспэктываў у палітычнай дзейнасьці. Бо калі ты ілбом б’есься ў сьценку 20 гадоў і за гэта атрымліваеш толькі гузакі і ніякай перамогі маральнай, то, натуральна, наступае расчараваньне і пошукі іншых шляхоў. Мне падаецца гэта надзвычай важным асабліва з улікам таго, што на сёньняшні дзень нацыянальныя культурныя ініцыятывы зьяўляцца рэальным супрацьстаяньнем той расейскай ідэалягічнай навале, якая валіць на сёньняшні дзень у Беларусі. Парадаксальная сытуацыя, але беларуская культура на сёньняшні дзень адназначна атаясамліваецца з эўрапейскай культурай і гэта надзвычай важны момант, які яе адрозьнівае ад таго, што было гадоў трыццаць таму. Сёньня чалавек, які гаворыць па-беларуску, сьпявае па-беларуску, вучыць сваіх дзетак па-беларуску, гэта адназначна праэўрапейскі чалавек, гэта эўрапеец.