Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вечны агонь


Малюнак: П. Татарнікаў (с) 2014
Малюнак: П. Татарнікаў (с) 2014

Беларусы любяць казаць, што палітыка іх не цікавіць. Хлусяць, вядома. Нахабна, гледзячы проста ў аб’ектыў і амаль не чырванеючы — ну хіба што вушы гараць здрадлівым полымем, крадком выкрываючы народнае крэда. Але чалавечыя вушы ў Беларусі даўно зрабіліся атавізмам: нам няма каго слухаць, апрача ўнутранага голасу, а ўнутраны голас ня ведае, што такое серныя коркі і прапагандысцкія высеры.

Унутраны голас — гэта тое, што застаецца, калі выключыць тэлевізар. Цудоўная форма супраціву, якой яшчэ ня бачыў сьвет.

Пра палітыку ў Беларусі гавораць, бадай, усе — але толькі не пра сваю. Гавораць пра Ўкраіну, Расею, Эўразьвяз, эўрарамонт у суседзяў... Разважаюць пра засільле ісламу і «блакітныя» лобі, пра закалоты і Амэрыку, думаюць думу пра чужую Думу і нешта там мяркуюць пра Мэркель... Што да сваёй, тутэйшай палітыкі, дык у хоры ўнутраных галасоў не разабраць, хто на якім баку — а прылюдна сказаць тое, што кажа твой унутраны голас, нельга: страшна.

Таму што ў жыцьці шчасьлівых людзей няма палітыкі. Толькі яны, шчасьлівыя людзі, могуць дазволіць сабе такую раскошу — не турбавацца праз палітычныя віхуры, не цікавіцца, не сачыць, ня ведаць ні імёнаў, ні праграмаў, і пляваць на тое, каго выбіраюць ім у начальнікі. Кожнага разу, гаворачы пра палітыку, ты робішся крыху менш шчасьлівым. А то і зусім — няшчасным. А няшчасныя людзі дзяржаве не па кішэні і наогул псуюць ёй усю статыстыку.

Беларусы баяцца быць нешчасьлівымі, бо інакш можна зрабіцца шчырымі. Пайсьці ў паліклініку — і апынуцца па той бок барыкадаў. Стоячы ў чарзе, стаць у апазыцыю. Таму: палітыка нам не цікавая. Мы нікому ня верым, апрача ўнутранага голасу.

А голас прамаўляе яго, наша палітычнае крэда:

«Маліся ж, бабулька, да бога,
Каб я панам ніколі ня быў».

Якая яшчэ нафіг бабулька, спытае палітоляг? А тая самая, доўгажыхарка, пярэстарак маладой беларускай дзяржаўнасьці, якая нікуды не зьбіраецца сыходзіць са сцэны. Твар беларускай палітыкі і яе гемарой. Ёй можа быць і 50, і 40, і 30, і нават 20 — але паводле сваіх палітычных перакананьняў яна — бабулька. Вахторка ў ватніку, якая сядзіць на шляху пераменаў:

«Сваё дзела як трэба рабіў!»

Запавет шчасьлівага чалавека.

...Беларусы любяць казаць, што палітыка іх не цікавіць. Хлусяць, вядома. А вось беларускім палітыкам беларусы сапраўды — нецікавыя. Таму палітычны працэс у Беларусі часьцей за ўсё нагадвае размову ў школьным калідоры падчас пераменкі. «Ты за ўладу ці за апазыцыю?» Гэта так падобна да нашых колішніх дзіцячых падзелаў... «Ты за немцаў ці за рускіх?» Ці, пазьней: «Ты за валністаў ці за мэталістаў?»

Сьмешна. Палітыка наогул сьмешная рэч. Гэта ж як высока трэба ацэньваць свае маральныя, інтэлектуальныя, арганізатарскія і яшчэ хрэн ведае якія якасьці, каб сказаць: галасуйце за мяне, я ведаю як і што, ідзіце ўсе за мной, я вам такое пакажу!.. Бо сапраўдны палітык, у апазыцыі ён ці наадварот, можа гаварыць што хоча — праўдзівы сэнс ягоных словаў будзе прыкладна такі:

Я самы разумны. Я самы прыгожы. Я збаўца нацыі. Я геній. Я правадыр. Я самы здаровы, псыхічна ўраўнаважаны і фізычна разьвіты. Я ўсё роўна лепшы за вас у сто разоў.

Тыя, каго ў Беларусі называюць апазыцыйнымі палітыкамі, насамрэч да палітыкі ня маюць ніякага дачыненьня. У найлепшых сваіх праявах яны — пакутнікі, у самым прыгожым хрысьціянскім сэнсе гэтага слова. За тое і вартыя нашай павагі — за пакуты, а не за палітыку. Сапраўдны палітык прыходзіць, каб за яго пакутавалі іншыя. А тут... Калі б унутраны голас беларуса гаварыў нешта пра пакутнікаў, магчыма, яны мелі б на выбарах нейкія шанцы. Хаця б прывідныя — як вера ў Бога. А так — прывіднымі зрабіліся самі выбары. А чаго хацець ад людзей, якія чуюць галасы?

Выбірай, а то прайграеш — гучыць някепска. Ня горш за астатнія ісьціны, якія варта ведаць кожнаму, хто зьбіраецца ўсё ж задушыць на нейкі час свой унутраны голас і пагуляць у палітыку. Вось яны: 1) Выбары ня выратуюць. 2) Вырадкі ня вымруць. 3) Вырай ня вырак. 4) Лепш такая апазыцыя, чым ніякай. І самай лягічнай высновай з усяго гэтага была б такая: айда на майдан.

Але шчасьлівыя людзі, якія давяраюць толькі ўнутранаму голасу, на майданы ня ходзяць.

...Раней слова «апазыцыя» ў народзе было ледзьве ня лаянкай, цяпер яно — хутчэй жартоўная характарыстыка. На жывога апазыцыянэра глядзяць як на бяскрыўднага фрыка. Гэта — не занятак для сур’ёзнага чалавека. Сур’ёзны чалавек працуе — і гэта закон. Ён вольны ў вольны ад працы час. Быць у апазыцыі — марнаваньне часу і лузэрства. Палітыка — мастацтва пераможцаў. Панскае мастацтва. Мастацтва «драць нос і корчыць сьпіну». Гімнастыка для нячыстых на руку ці проста дурных. За такіх бабулька ня моліцца.

Толькі вось нікому ў галаву не прыходзіць, што падмецены двор, талёнчык да доктара і школьныя паборы таксама — палітыка... Унутраны голас беларуса пра гэта маўчыць. Як маўчыць ён і пра пакутнікаў. У шчасьлівых людзей няма апазыцыі, таму няма й турмаў.

Ты за ўладу ці за апазыцыю?... Ня быць скотам або ня быць панам?.. Выбірай! І каму тут якая розьніца, што можна ня быць ні тым, ні другім, ні нават трэцім. Быць вольным. А вольны чалавек — заўжды і паўсюль апазыцыя, ён знаходзіцца ў ёй нават тады, калі прымае позу лётаса, і займаецца апазыцыйнай дзейнасьцю, нават калі бачыць сны.

Вольны чалавек — заўжды нешчасьлівы. А палітычным апазыцыянэрам можна быць толькі часова — пакуль твае ідэі не перамогуць і ты не заваюеш ўладу. «Вечны апазыцыянэр» — гучыць як «вечны агонь»: каля цябе будуць фатаграфавацца на памяць, да цябе будуць прыводзіць замежныя дэлегацыі, але ты ніколі нікога ня спаліш і не сагрэеш. На цябе нават памачыцца нікому нельга. Гары сабе, сымбалізуй штосьці. Напрыклад, свабоду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG