Прадстаўнік Рады БНР Мікалай Пачкаеў уручыў журналісту Свабоды Алегу Грузьдзіловічу мэдаль Ордэну Пагоні, якім узнагароджваюць цывільных асобаў.
Алега Грузьдзіловіча адзначылі за адданасьць нацыянальнаму Адраджэньню, якую ён засьведчыў яшчэ з пачатку 90-х гадоў. Вэтэран незалежнай журналістыкі, ён застаўся верным прынцыпам свабоды слова і быў зьняволены за сваю прафэсійную дзейнасьць.
Былы палітвязень больш за 30 гадоў адпрацаваў на Радыё Свабода. Як журналіст-расьсьледнік напісаў кнігу «Хто ўзарваў менскае мэтро?», таксама шырока вядомая ягоная кніга «Мае турэмныя муры».
«Гэта праўдзівае сьведчаньне таго, што ўчыняе рэжым з тымі, хто выступіў за свабоду свайго народу», — адзначыў на ўручэньні мэдаля Мікалай Пачкаеў.
Згодна з статутам Ордэну Пагоні, мэдалём з 2022 году адзначаюць грамадзян Беларусі і іншаземцаў «за заслугі перад беларускім народам на ніве змаганьня за волю і незалежнасьць Беларусі і на ніве грамадзкай дзейнасьці».
Узнагарода, якую атрымаў журналіст Свабоды, мае нумар 39. Мікалай Пачкаеў на цырымоніі падкрэсьліў, што ў дэмакратычнай Беларусі, якой краіну можна будзе лічыць пасьля першых дэмакратычных выбараў, Рада БНР будзе дамагацца наданьня ўзнагародам Рады БНР статусу дзяржаўных.
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
Форум