На аўкцыённую пляцоўку ЗАТ «Белрэалізацыя» выставілі маёмасьць, якая належала Беларускаму морскаму параходзтву, што з 20 студзеня 2025 году знаходзіцца на стадыі банкруцтва.
У прыватнасьці, маёмасьць кампаніі, якая збанкрутавала праз пачатак вайны ва Ўкраіне, выставілі ў чатырох лотах:
- самаходны вадаплаў-пляцоўка «Надежда», пачатковая цана 84 000 беларускіх рублёў;
- буксір-штурхач БТ-0683, пачатковая цана 46 400 рублёў;
- баржа-пляцоўка Р-0512, пачатковая цана 68 000 рублёў;
- баржа-пляцоўка Р-0554, пачатковая цана 68 000 рублёў.
Усе гэтыя аб’екты аўкцыёну знаходзяцца ва Ўкраіне і ўжо маюць іншых уласьнікаў. Пачатковая цана у Беларусі прыблізна на тры тысячы даляраў ніжэйшая, чым была на аўкцыёне ва Ўкраіне.
Што папярэднічала
У красавіку 2022 году Дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў Украіны заявіла аб арышце і пачатку працэсу нацыяналізацыі беларускага цеплаходу «Надежда» і сухагрузавай баржы, якія былі ў акваторыі Ізмаільскага порту ў Адэскай вобласьці і ў тэрытарыяльных водах Украіны выконвалі апэрацыі для Расеі.
Беларускі вадаплаў перадалі ў кіраваньне Агенцтву вышуку і мэнэджмэнту актываў (АРМА), а ў Адэскую абласную адміністрацыю — дакумэнты аб магчымай яго нацыяналізацыі.
На продаж цеплаход выставілі 5 студзеня 2024 году, аўкцыён завяршыўся 5 лютага.
Вядома, што стартавая цана беларускага карабля была 1,17 мільёна грыўняў (на момант аўкцыёну гэта складала прыблізна 31 150 даляраў у эквіваленце) з крокам 11 706 грыўняў (311 даляраў у эквіваленце).
На набыцьцё беларускага вадаплаву прэтэндавалі 7 удзельнікаў — тры фізычныя асобы і чатыры кампаніі, але чатырох зь іх не дапусьцілі да аўкцыёну, бо яны не аплацілі гарантыйны ўнёсак. Апроч «Ньюенерджі», на цеплаход прэтэндавалі ТАА «Надійна транспортна компанія» і ТАА «Президент Тревел». Канчатковая цана, за якую «Ньюенерджі» купіла беларускі карабель, склала 4,25 мільёна грыўняў (113 тысяч даляраў у эквіваленце, курс на 5 лютага 2024 году. — РС).
Пад беларускім сьцягам «Надежда» спачатку перавозіла калійныя угнаеньні па Дняпры з Мазыра да Мікалаева, а пасьля мадэрнізацыі (нарошчваньне бартоў, счэпка зь несамаходнай баржай) пачала вазіць украінскае збожжа. Але пазьней беларускі вадаплаў перавялі на Дунай, дзе ён хадзіў у рачныя парты Румыніі і Сэрбіі.
Карабель пабудавалі ў 2002 годзе ў Гомлі.
Што вядома пра ўкраінскага ўласьніка беларускага цеплаходу
ТАА «Ньюенерджі» працуе на ўкраінскім рынку з 2007 году. Згодна з статутам, асноўны від дзейнасьці кампаніі — дапаможнае абслугоўваньне воднага транспарту. Апроч гэтага, ТАА ажыцьцяўляе дапаможную дзейнасьць у расьлінаводзтве, надае пасярэдніцкія паслугі ў гандлі сельскагаспадарчай сыравінай, а таксама вырабляе гатовыя кармы для сельскагаспадарчай жывёлы.
Кампанія мае ўнівэрсальны перагрузачны комплекс у горадзе Ізмаіле. Яе тэрмінал знаходзіцца ў акваторыі Ізмаільскага марскога гандлёвага порту на Дунаі. Порт цярпіць ад сталых абстрэлаў расейскіх войскаў.
Заснавальніца і канцавы бэнэфэцыяр ТАА «Ньюенерджі» — адэсітка Натальля Шарангава.
Статутны капітал кампаніі — 1 231 500 грыўняў (25 539 даляраў у эквіваленце паводле сёньняшняга афіцыйнага курсу. — РС).
У 2024 годзе ў ТАА працавалі 58 чалавек. Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны супрацоўнікаў пабольшала ўдвая.
Даход кампаніі склаў 160 525 300 грыўняў (амаль 4 мільёны даляраў) з чыстым прыбыткам 44 703 300 грыўняў (1 072 278 даляраў паводле курсу 26 сакавіка). Актывы кампаніі 159 239 000 грыўняў (прыблізна 3,8 мільёна даляраў. — РС).
Адметна, што ў 2020 годзе кампанія была стратная, а пасьля пачатку вайны і вымушанай дывэрсыфікацыі грузавых перавозак з Чорнага мора на Дунай кампанія ў дзясяткі разоў палепшыла свае фінансавыя вынікі.
У 2021 годзе кампанію падазравалі ў кантрабандзе тытунёвых вырабаў у Вугоршчыну — тады ў гэтай краіне знайшлі баржу з цыгарэтамі, якія перапраўлялі пад выглядам солі ўкраінскай вытворчасьці. Што праўда, тады «Ньюенерджі» належала адэскаму банкіру Аляксандру Мамантэнку і ягонай сям’і. Банкір быў бізнэс-партнэрам «тытунёвага» манапаліста і алігарха Барыса Каўфмана і колішняга народнага дэпутата Аляксандра Граноўскага (абодва мелі вялікі ўплыў у часы прэзыдэнцтва Віктара Януковіча. — РС).
Цяперашняя ўласьніца кампаніі Натальля Шарангава была ў складзе заснавальнікаў да лістапада 2023 году — тады яна разам з Аляксандрам Мамантэнкам выйшла з кампаніі, але ўжо ў канцы 2024 году вярнулася ў склад заснавальнікаў і стала адзінай уласьніцай ТАА «Ньюенерджі».
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
Форум