Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі рабочы атрымлівае 4 мільёны, а начальнік — у 10 разоў болей, то ў сярэднім нядрэнна выглядае...»


У Горадні не адразу сустрэнеш чалавека, які атрымлівае сярэдні статыстычны заробак. Паводле афіцыйных дадзеных, гэта 5 мільёнаў 858 тысяч рублёў. Шмат хто з гарадзенцаў наагул ня верыць дзяржаўнай статыстыцы і кажа, што ўлады папросту маніпулююць лічбамі.

Паводле афіцыйных дадзеных, сярэдні заробак на Гарадзеншчыне ў галінах эканомікі сёлета павысіўся на 20% і складае 5 мільёнаў 858 тысяч рублёў. Афіцыйныя СМІ сьцьвярджаюць, што сярод абласных цэнтраў Горадня займае другі радок па ўзроўні заробкаў пасьля Менску — і гэта, маўляў, не мяжа, бо па выніках году заробак у Горадні павінен сягнуць шасьці з паловай мільёнаў.

Тым ня менш на гарадзенскіх вуліцах мінакі на падобныя лічбы рэагуюць пераважна зь недаверам, некаторыя ўспрымаюць іх як жарт. Спадарыня Сьвятлана, пэдагог-псыхоляг у адной з гарадзенскіх школ, апавядае, што да сярэдняга заробку ў іх не дацягваюць нават тыя пэдагогі, у каго найбольшы стаж і хто працуе на паўтары стаўкі:

«У мяне тры мільёны складае заробак. Наагул, аклад у пэдагога-псыхоляга — 2 мільёны. А там ідуць надбаўкі, матэрыяльная дапамога, за дадатковыя нагрузкі, і выходзіць 3 мільёны».

Не прамінула спадарыня Сьвятлана падзяліцца і тым, як ёй жывецца за такія грошы:

«Жывём на заробак мужа, бо мой цалкам ідзе на тое, каб заплаціць за кватэру, камунальныя паслугі, тэлефон, інтэрнэт. Муж працуе зваршчыкам, праца цяжкая, заробак амаль дацягвае да сярэдняга. Але жывём па сродках, даволі ашчадна».

Працаўніца гандлю спадарыня Валянціна кажа, што яе заробак — тры з паловай мільёны. Дадае, што і сярод усіх сваіх знаёмых нікога ня ведае, хто б меў той сярэднестатыстычны заробак. Як і шмат хто са знаёмых, мусіць дарабляць, каб пражыць: езьдзіць у Польшчу па танныя харчы, палоць бульбу ў вёсцы і г.д.:

«Я лічу, што гэтыя зьвесткі — падман. Трэба перастаць падманваць людзей. Па-другое, беларусам даўно пара над гэтым усім задумацца і не баяцца пратэставаць, зразумела, там, дзе гэта патрэбна. А мы пад страхам баімся, хоць і ведаем, што нас падманваюць. А ня трэба маўчаць».

Спадар Аляксандар толькі паўсьміхаўся, пачуўшы лічбу сярэдняга заробку. Кажа, што на сылікатным заводзе ў іх такога няма:

«На сылікатным, як я ведаю, ад 2 да 4 мільёнаў. У каго стаж большы, то надбаўкі. А так, як новы чалавек прыйшоў, то да трох мільёнаў. Можа, у начальства высокія заробкі, невядома. Яны, можа, і ў 10 разоў болей зарабляюць, але гэта ёсьць таямніца за сямю замкамі...»

Спадар Аляксей — звычайны будаўнік на прадпрыемстве «Гроднапрамбуд». Кажа, што ў Горадні і 5 мільёнаў не атрымліваў, але цяпер езьдзіць вахтавым мэтадам на будоўлю Астравецкай АЭС і там ужо зарабляе звыш 7 мільёнаў:

На Астравецкай АЭС мы працуем па 12 гадзін, прычым 15 дзён запар…

«Можна было б трохі болей за гэта плаціць, бо там даволі цяжкая праца. Мы працуем па 12 гадзін, прычым 15 дзён запар працуем, а пасьля 15 адпачываем. Хто хоча зарабляць, то імкнуцца туды трапіць. У Горадні цяпер заробкаў няма, мы практычна нічога тут не будуем».

Спадар Пётра працуе ў арганізацыі «Дарводаканал», якая належыць Беларускай чыгунцы. Яго заробак — каля трох мільёнаў. Кажа, што адзіны шанец зарабляць добрыя грошы — прабівацца ў начальства:

«Калі начальнік атрымлівае пад 100 тысяч, а рабочы толькі 4, то вось вам і статыстыка».

Спадар Ігар — індывідуальны прадпрымальнік, займаецца аптовым гандлем. Зарабляе болей, чым сярэдні заробак у Горадні, але лічыць, што структура эканомікі ў нашай дзяржаве патрабуе карэнных зьменаў. Афіцыйная статыстыка, паводле яго, не адлюстроўвае як мае быць узроўню жыцьця ўсяго народа.

«Нават калі я размаўляю зь людзьмі, якія працуюць у Менску, то і там не атрымліваюць такіх заробкаў. Я маю на ўвазе сфэру дзяржаўных прадпрыемстваў, бюджэтнікаў. Іншая справа — у сфэры IT-тэхналёгіяў, у банкаўскай і страхавой сыстэме — там зарабляюць і болей. А вось на МАЗе, іншых прадпрыемствах людзі атрымліваюць голыя аклады: 3–4 мільёны. Склады перапоўненыя, сабекошт прадукцыі высокі, няма попыту на зьнешніх рынках».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG