Сьцісла:
- Паўтрацяста + паўпятадзясят + паўчварта = ? Каб адказаць, мусім ведаць словы паўтраця, паўпята і падобныя.
- Паўчварта — значыць палова засталася да чатырох: 3½, тры з паловай. Паўтара (калісьці полъ+вътора) — палова да двух.
- Эканомныя словы накшталт паўпята пуда былі звычайнымі ў старабеларускай мове, ёсьць у беларускіх клясыкаў і ў гаворках.
- Яны не скланяюцца, мяняецца толькі род: паўтара мільёна, паўтары тысячы.
- Назоўнік пры дробах — у адзіночным ліку: паўтара зялёнага яблыка; 4,6% = чатыры цэлыя шэсьць дзясятых працэнта.
- Лічэбнік два ў мужчынскім і жаночым родзе мае розныя асновы: з двумá братамі, але зь дзьвюмá сёстрамі.
- Зь лікамі 2, 3, 4 ўжываецца назоўны склон множнага ліку: два, тры, чатыры добрыя камэнтары, а ня „
добрых камэнтара“.
Лічыць трэ кожнаму: зьмесьціва кішэні, цагліны для будоўлі, кілямэтры дарогі (хіба што выбарчыя бюлетэні ў нашай рэальнасьці лічыць неабавязкова).
Усе мы вучыліся лічыць у школе — прапаную задачу:
паўтрацяста + паўпятадзясят + паўчварта = ?
Прадказваю шмат варыянтаў адказаў. Але правільны будзе 298,5.
Чаму так? Мусім найперш высьветліць, што азначаюць словы паўтраця, паўчварта, паўпята, паўвасьма, паўдзесята.
Найпрасьцейшы шлях — вырашыць, што паўчварта — гэта палова чацьвёркі, то бок двойка, — шлях памылковы. Паўчварта — гэта першы, другі, трэці і палова ад чацьвертага ліку пры лічэньні: 3½, тры з паловай!
Так, выкарыстоўваючы адно слова, па-беларуску можна назваць цэлую чараду мяшаных дробаў (г. зн. дробаў з цэлаю часткаю). А запачаткоўвае чараду слова паўтара, якое паходзіць ад старажытнага спалучэньня паў + утара (параўн. уторыць 'падпяваць другім голасам'). Такім чынам, 1½ = паўтара (паўтары), 2½ = паўтраця (паўтраці), 4½ = паўпята (паўпяты).
Адпаведна паўпятадзясят = 4,5 х 10 = 45, а паўтрацяста = 2,5 х 100 = 250. Дадамо яшчэ 3½ і маем вышэйзгаданы адказ.
Зрэшты, лічэбнікі накшталт паўвасьмаста, відаць, засталіся ў гісторыі, хоць у старабеларускай мове іх поўна: Тавары свае прадаваці… лісіцы, норыцы па паўтрацяста (1580); Адзін залаты каштаваў паўпятадзясят грошай літоўскіх (1582), гэта значыць сорак пяць.
Але паўтраця, паўчварта і г.д., дый нават паўтрыццаця бытуюць у нашых дыялектах: Прынёс на плячах паўшаста пуда (Альхоўка, Наваградзкі р-н). Дасьледніца беларускага лічэбніка Алена Чабярук сьведчыць, што сыстэмна ўжываюцца такія словы на захад ад умоўнай лініі Дрыса — Ушача — Смалявічы — Мар’іна Горка — Бабруйск — Шацілавічы (Сьветлагорск) — Камарын. На ўсход таксама ёсьць, але радзей.
Афіцыйныя слоўнікі савецкае пары фіксуюць такія словы, аднак з абмежавальнаю пазнакаю „размоўнае, устарэлае“. Прыклад з шасьцітамовага Тлумачальнага слоўніка, том 4, 1980:
ПАЎТРАЦЯ, колькасны лічэбнік. Два з палавінай. Сьвінчо невялікае ды худаватае, так пуда на паўтраця можа. Крапіва
У слоўніку ёсьць яшчэ „размоўна-ўстарэлае“ паўчварта — і ўсё. Але прыклад з мастацкае прозы Кандрата Крапівы можна дапоўніць шматлікімі іншымі — з палітычнае публіцыстыкі ХХ стагодзьдзя, зь філязофскіх эсэ, дзе няма ніякай стылізацыі „пад старыну“ ці гутарковы стыль.
За апошнiя паўтраця году Вiльня й Менск — гэтыя два галоўныя цэнтры Беларусi — жылi ў зусiм розных варунках — як палiтычных, так i агульных... Вiльня за час вайны аказалася цэнтрам беларускай культурна-нацыянальнай працы, а Менск — палiтычным цэнтрам…
Гэта пачатак хрэстаматыйнага тэксту Антона Навіны (Антона Луцкевіча) „Два цэнтры“, напісанага ў 1918 годзе. І каб яго правільна зразумець, трэба ведаць, які гэта пэрыяд — „апошнія паўтраця году“.
І патрыярх Адраджэньня Аляксандар Уласаў ва ўспамінах пра пачаткі „Нашае Нівы“ ўжывае адпаведны лічэбнік зусім натуральна:
Пачатак беларускай прэсы быў увесь на ахвярах і цяжкай начной працы. Паўтраця году мы з Антонам Луцкевічам пісалі ад вечара да раніцы. Як мы вытрымалі гэту работу, я не разумею. Моладасьць, нязломная воля і энтузіязм! Трэба было вырабляць літаратурную мову.
Аналягічныя словаўтваральныя мадэлі ў літоўскай мове — у межах літаратурнае нормы. Іх ведалі, пэўна, і ўсе славянскія мовы. У расейскай яны зьніклі даволі даўно. Ва ўкраінскай і польскай вядомыя, але лічацца састарэлымі ці гутарковымі. Іх шмат у Адама Міцкевіча, які гадаваўся на фоне беларускае мовы:
Chociaż wody nie było i nawet nie grząsko:
Studnia na półczwarta łokcia,
Za wysokie progi
Na lisie nogi.
(Байка „Ліс і Казёл“: ліс уваліўся ў студню глыбінёю на паўчварта локця)
На жаль, перакладнікі не захоўваюць гэтую, несумненна, беларускую дэталь у Міцкевічавай мове:
Хаця вады няма і нават ня гразка,
Але сядзі вось цяпер, калі ласка, —
Завысокі парог
Для лісіных ног.
(пераклад Ул. Корбана)
Яшчэ Міцкевіч:
Sernica w górze miała wszerz sążni półczwarta,
A u dołu na jednym wielkim słupie wsparta
Niby gniazdo bocianie. Stary słup dębowy
Pochylił się, bo już był wygnił do połowy
(Быліца ІХ „Пана Тадэвуша“: старую сырніцу Судзьдзі шырынёю сажня паўчварта Войскі з Возным у наступных радках абвалілі на маскалёў.)
Браніслаў Тарашкевіч у сваім перакладзе „Пана Тадэвуша“ (дарэчы, зробленым у польскай турме) прынамсі захаваў прыблізны памер сырніцы (на паўсажня павялічыўшы):
Ушыркі так сажні чатыры та сырніца мела
уверсе, а ўся на стаўбе на вялізным тырчэла,
як бусла гняздо. А той стоўб быў стары, хоць дубовы,
ужо пахіліўшыся, выгніўшы аж да паловы
А Язэп Семяжон у сваім перакладзе зусім абмінуў фармат згнілае сырніцы, сканцэнтраваўшыся на яе зьнішчальным эфэкце.
Трэба правільна ўжываць назоўнікі (назвы прадметаў, якія мы лічым) пры словах паўтара, паўтраця і падобных. Яны не скланяюцца, толькі мяняецца іхны род: паўтара мільёна і паўтары тысячы, паўтраця літра і паўтраці гадзіны.
Увага: няправільна ставіць пры слове паўтара назоўнік у множным ліку. У ім жа хаваецца дроб „адна цэлая адна другая“. Таму — паўтара грама, а ня „грамы“.
****
Ёсьць таксама істотная розьніца ў чытаньні звычайных (праз рысачку між лічнікам і назоўнікам) і дзесятковых дробаў у расейскай і беларускай мовах.
2/5 — гэта дзьве пятыя. (А па-расейску будзе канчатак –ых.) Чаму так?
Возьмем дзесятковы дроб з цэлаю часткаю. 1,3 — адна цэлая тры дзясятыя. Маецца на ўвазе — і прапускаецца — слова частка. Адна цэлая частка і тры дзясятыя часткі. Таму і тры чацьвертыя, чатыры сёмыя.
****
Лічэбнік два ў мужчынскім і жаночым родзе мае розныя асновы: з двумá братамі, але зь дзьвюмá сёстрамі. Такога адрозьненьня няма ў расейскай і ўкраінскай (а ў польскай канчаткі жаночага роду іншыя).
Адрозьненьне мужчынскага і жаночага скланеньня (два, двух, двума — дзьве, дзьвюх, дзьвюма) камусьці муляла, яго выкасавалі зь беларускай літаратурнай мовы БССР у 1933 годзе, але ўсё ж вярнулі ў 1957-м.
І яшчэ пра лічэньне. Па-расейску — два барАна, як у вершы Чукоўскага. А ў нас — два баранЫ, тры дамЫ, чатыры гарадЫ. У расейскай мове тут форма роднага склону адзіночнага ліку, і толькі зь пяці прадметаў пачынаецца множны лік: пять баранов. А ў беларускай мове лікі 2, 3, 4 патрабуюць назоўнага склону множнага ліку. Вось жа 2, 3, 4 камэнтары, а не „камэнтара“, як памылкова закладзена ў форму аднае з сацыяльных сетак.
Я вам скажу, што рацыя ў беларускім падыходзе ёсьць. У мяне дома жылі два энэргічнЫЯ катЫ — і гэта сапраўды множны лік, яны запаўнялі сабой усю прастору.