Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь застаецца ў другой лізе «Ўсходняга партнэрства»


Андрэй Ягораў
Андрэй Ягораў

У беларускім Форуме грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства» перакананыя, што ў Беларусі няма адэкватных мэханізмаў рэагаваньня на агрэсію Расеі.

Новы старшыня каардынацыйнага камітэта Беларускай нацыянальнай плятформы Форуму грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства» Эўразьвязу Андрэй Ягораў ацаніў для Свабоды пэрспэктывы ініцыятывы ў цяперашніх умовах. Гутарка адбывалася пасьля абраньня спадара Ягорава на канфэрэнцыі нацыянальнай плятформы, якая адбылася ў мінулыя выходныя.

Андрэй Ягораў перакананы, што Праграма «Ўсходняе партнэрства» знаходзіцца ў крызісе і патрабуе рэфармаваньня, бо ў сёньняшнім выглядзе ініцыятыва зьяўляецца няжыцьцяздольнай.

Спадар Ягораў лічыць, што галоўная праблема «Ўсходняга партнэрства» ў тым, што праграма ня можа адэкватна адказаць на тыя выклікі, якія стаяць перад усходняй палітыкай Эўразьвяза і краінамі ўдзельнікамі партнэрства:

«Ва „Ўсходняга партнэрства“ сёньня няма адэкватных мэханізмаў рэагаваньня на агрэсію Расеі супраць Украіны, шантаж эканамічнага і геапалітычнага характару, які яна выкарыстоўвае да краін „Усходняга партнэрства“, каб блякаваць іх рух да больш шчыльных адносін з Эўразьвязам».

Акрамя гэтага, кажа Ягораў, УП так і ня стала дастаткова моцнай і арыгінальная ініцыятывай, якая задавальняла б інтарэсам ўсяго рэгіёна. Андрэй Ягораў адзначае, што зараз адбываецца імклівае дывэрсыфікаваньне адносін ва Усходнім Партнэрстве і атрымліваецца падзел на «дзьве лігі»: на краіны, якія імкнуцца да асацыяцыі з Эўразьвязам (Грузія, Малдова, Украіна) і тых, хто выпадае з гэтага працэсу (Беларусь, Армэнія, Азэрбайджан). З апошняй групай Эўразьвяз фактычна ня можа нічога зрабіць, каб садзейнічаць трансфармацыйным працэсам унутры гэтых краін.

Адной з прычын гэтай сытуацыі зьяўляецца тое, што палітыка «Ўсходняга партнэрства» ігнаруе геапалітычны фактар Расеі ў рэгіёне. Таксама можна канстатаваць, што «Ўсходняе партнэрства» засяроджана на фармальных працэсах адаптацыі нормаў эўрапейскага заканадаўства ў заканадаўства краін партнэрства, а з гэтага фармальнага працэсу выпадаюць тыя, хто рэальна зацікаўлены ў эўрапейская інтэграцыі — грамадзянскія супольнасьці.
«Трэба пашырэньне ініцыятывы ў палітычным сэнсе, — перакананы Ягораў, — Патрэбен больш шчыльны ўваход Эўразьвязу ў разуменьне ўнутраных сытуацый у кожнай з краін, садзейнічаньне таму, каб гэтыя праэўрапейскія гульцы ў большай ступені ўплывалі на ўнутраную палітыку краін. Гэтага Эўразьвяз па розным прычынам рабіць ня хоча».

Зыходзячы з гэтага, рэфармаваньне «Ўсходняга партнэрства» Ягораў бачыць па некалькіх напрамках. Па-першае, гэта разьвіцьцё супрацоўніцтва краін УП і ЭЗ па пытаньнях бясьпекі, якія сталі надзвычай актуальнымі ў сувязі з ўкраінскім крызысам. Па-другое, пераарыентацыя сэнсаў праграмы ў бок больш выразнай эўрапейскай пэрспэктывы для краін «Ўсходняга партнэрства». Па-трэцяе, гэта большае пагружэньне ЭЗ ва ўнутраную сытуацыю ў краінах і ўцягваньне ў інтэграцыйныя працэсы шырокіх колаў грамадзянскай супольнасьці:

«Гэта дэкляруецца, але па факту ня робіцца. І гэта вельмі абмяжоўвае магчымасьць праэўрапейскіх сілаў ўплываць на трансфармацыйныя працэсы», — адзначае кіраўнік БНП.

Ягораў не чакае, што ў бліжэйшы час ЭЗ пачне весьці больш актыўную і грунтоўную палітыку ў нашым рэгіёне — зараз наадварот можна казаць пра імкненьне Брусэля ігнараваць крызыс усходняй палітыкі і кансэрваваць сытуацыю. У лепшым выпадку нейкія зьмены ў палітыкі Эўразьвязу могуць адбыцца толькі пасьля лістапада 2014 года, калі зьменіцца склад Эўрапейскай камісіі службы зьнешніх дзеяньняў. Ад новых людзей магчыма можна будзе чакаць нейкай перафармулёўкі палітыкі ва ўсходнеэўрапейскім рэгіёне.
Уладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч
Старшыня рады Міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь» Уладзімер Мацкевіч таксама упэўнены, што ў сёньняшнім выглядзе «Ўсходняе партнэрства» нежыцьцяздольнае і павінна быць перафарматавана. Пры гэтым ён перакананы ў тым, што адзіным саюзьнікам Эўразьвяза на шляху рэфармаваньня «Ўсходняга партнэрства» зьяўляюцца грамадзянскія супольнасьці краін-удзельніц праграмы.

Паводле Мацкевіча, пры сёньняшняй беларускай уладзе актыўны ўдзел Беларусі ва «Ўсходнім партнэрстве», або іншых эўрапейскіх інтэграцыйных ініцыятывах немагчымы:

«Гэта разумеюць нават тыя з эўрапейскіх палітыкаў, якія робяць выгляд, што гэта магчыма і наладжваюць узаемадзеяньня з беларускай дзяржавай».
Але ўсе ўрады часовыя, а палажэньне Беларусі як памежнай зоны паміж эўрапейская цывілізацыяй і Расеяй — вечнае. Таму, лічыць Мацкевіч, трэба будаваць доўгатэрміновыя пляны, памятаючы што беларусы гэта эўрапейская нацыя і наша гістарычнае месца ў Эўропе. У гэтым напрамку грамадзянская супольнасьць сёньня павінна весьці працу з самасьвядомасьцю беларусаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG