Карэспандэнт менскага выданьня «Новы час» Зьміцер Галко езьдзіць па гарачых кропках Украіны ўжо 78-я суткі. За гэты час журналіст наведаў дзясяткі гарадоў, трапіў у палон да сэпаратыстаў, паспытаў салдацкай ежы, а таксама пераасэнсаваў страх трапіць на суткі ў Беларусі. Пра гэта ён распавёў у інтэрвію Радыё Свабода.
Пра паездку
Акурат у мой дзень народзінаў, 30 лістапада, адбыўся першы разгон Майдана. У той дзень я пачаў пільна сачыць за ўкраінскімі падзеямі, проста ня мог адарвацца. Так блізка прыняў супрацьстаяньне ва Ўкраіне да сэрца, што двойчы адпрошваўся з працы ў рэдакцыі і езьдзіў на Майдан на чатыры дні: першы раз — калі супрацьстаяньне было яшчэ вельмі мірным, другі быў пасьля сутычак на Грушэўскага, калі ўжо зьявіліся ахвяры. Трэцяя паездка пачалася 8 сакавіка і цягнецца да гэтага дня. Першы горад, куды я прыехаў, быў Харкаў. Далей геаграфія такая: Данецк, Днепрапятроўск, Адэса, Хэрсон, дзе я затрымаўся вельмі надоўга, Жытомір, Наваград-Валынскі, Кіеў, Харкаў, Данецк, Адэса, Данецк, Луганск, Марыюпаль, а таксама шматлікія малыя гарадкі на Данеччыне.
Пра грошы
Калі толькі плянаваў ехаць, было бачна, што паездка будзе доўгай. Ні рэдакцыя, ні я сам не маглі фінансава яе пацягнуць. Але я ўдзячны свайму кіраўніцтву, што мяне адпусьцілі на ўвесь гэты час. Ганарараў, якія плоціць рэдакцыя за мае матэрыялы, хапіла б, можа, на тыдзень майго тут знаходжаньня.
Пра іншых журналістаў
Чамусьці больш за ўсё сустрэў журналістаў з раманамоўных краін — з Францыі і Італіі. Але былі і амэрыканцы, і канадцы. Мяне вельмі зьдзівіла, што вельмі шмат заходніх журналістаў з прарасейскай пазыцыяй, і яны проста пра гэта адкрыта казалі. Ці вось, напрыклад, нямецкая журналістка з тэлеканалу ARD, якая асьвятляла падзеі аб’ектыўна, атрымлівала праз тэлефон і інтэрнэт пагрозы ад сваіх суайчыньнікаў за няслушнае, на іх думку, інфармаваньне.
Пра ежу
Вядома, бывала, што за дзень нічога ня мог паесьці. Калі раз паеў, то ўжо добра. Гарачыя стравы гатаваць не было дзе і не было калі. Еў нешта накшталт «Ролтана» і заўсёды на бягу, сьпяшаючыся. Але было такое, што даводзілася есьці разам з салдатамі — гэта рэальна крута, лепш, чым у любой кавярні. Напрыклад, на Хэрсоншчыне салдатам даюць нешта накшталт плову, але зь вялікімі кавалкамі мяса, пасьля боршч таксама зь вялікімі кавалкамі мяса, на дэсэрт — смачнае сочыва. І ўсё вельмі добрае. Магу сказаць, што калі даводзілася паесьці з салдатамі, гэта была вялікая ўдача. Таксама быў выпадак, што на блёкпасьце пад Марыюпалем, харчуючыся разам з салдатамі, я чуў, як яны вельмі хваляць беларускую тушонку і згушчонку.Пра бясьпеку
Я і амаль усе журналісты маленькіх выданьняў ня маем абсалютна ніякіх сродкаў бясьпекі. У той жа час супрацоўнікі вялікіх сусьветных мэдыяў, такіх як BBC ці CNN, маюць і шлемы, і бронекамізэлькі, і свае сродкі перамяшчэньня, ужо ня кажучы пра тое, што яны праходзяць адмысловую ваенную падрыхтоўку. Таму журналісты ў вельмі розных умовах працуюць у залежнасьці ад выданьня. І вельмі шмат журналістаў увогуле ніякім чынам не абароненыя, таму вельмі сур’ёзна рызыкуюць, знаходзячыся ў гарачых кропках.
Пра «Новы час»
Рэдакцыя мяне не камандзіравала. Я сам вырашыў паехаць. Добра, што мяне адпусьцілі. Увогуле, ступень свабоды ў маёй рэдакцыі даволі высокая, таму праблемаў тут ня ўзьнікла. Ня ведаю, ці адпусьціла б мяне на тры месяцы якое іншае выданьне. Пэрыядычна я пішу артыкулы для «Новага часу», за якія мне налічваецца заробак. Жонка атрымлівае гэтыя грошы. Таксама рэдакцыя, зь якой я пастаянна на сувязі, добра дапамагае кантактамі і інфармацыяй, якая мне тут часам патрэбная. Іншая справа, што за ганарары я б змог тут прабыць толькі тыдзень, таму ў фінансавым пляне я зьвярнуўся да сяброў-праграмістаў. Апроч гэтага, у мяне ўжо ва Ўкраіне завялося вельмі шмат сяброў, якія дапамагаюць тым ці іншым. Напрыклад, на Хэрсоншчыне, дзе важная частка грамадзкай супольнасьці — гэта сьвятары, я вельмі добра зь імі пасябраваў, і цяпер, калі я вельмі далёка ад таго рэгіёну, яны часта мне тэлефануюць, каб спытаць, ці ня трэба чаго.
Пра сацыяльныя сеткі
У мяне заўсёды з сабою смартфон. Дзякуючы яму я змог паведаміць пра тое, што трапіў у палон да тэрарыстаў у Славянску разам зь іншымі журналістамі. Калі б не было яго і там бы нешта здарылася, ніхто б пра гэта ня змог бы даведацца. Калі мне трэба вырашыць, куды паехаць і дзе шукаць чарговую гісторыю, я ведаю, што сачыць за сайтамі бессэнсоўна, яны спазьняюцца ня тое што на хвіліны — на гадзіны. Таму тут толькі сацыяльныя сеткі — Twitter і Facebook. Увогуле, ваенная сытуацыя, дзе падзеі абнаўляюцца кожную хвіліну, паказала неканкурэнтнасьць навінных сайтаў, дзе ты чытаеш тое, што чытаў у сацыяльных сетках некалькі гадзін таму. Я за дзень у сярэднім пішу 10 пастоў у сацыяльныя сеткі, а для «Новага часу» — адзін матэрыял на некалькі дзён. Наконт сваіх пастоў у Twitter і Facebook я нават атрымліваю нэгатыўныя водгукі, што нібыта гэта не зусім онлайн-журналістыка, калі я выкарыстоўваю сацыяльныя сеткі як сродак сувязі са знаёмымі і сябрамі і таксама як нататнік, калі я проста нейкія рэчы каротка фіксую для сябе, каб пасьля вярнуцца і прааналізаваць іх. Пісаць грунтоўна і падрабязна, як бы таго хацелі некаторыя мае чытачы, ва ўмовах вайны не атрымліваецца. І я ведаю, што гэтаксама пішуць і іншыя журналісты, якія знаходзяцца ў гарачых кропках. Напрыклад, польскі журналіст Пётар Андрушэчка піша прыкладна гэтаксама, як і я: паехаў туды, паехаў сюды, там пачуў выбух, там страляніна. А пасьля ўжо можна сесьці і, прааналізаваўшы, напісаць вялікі матэрыял.
Пра адэскую трагедыю
Я быў на месцы пажару ў адэскім Доме прафсаюзаў і спрабаваў на месцы зразумець, што там магло адбыцца. Хоць я не спэцыяліст, магу сказаць, што блізкая да ісьціны вэрсія з атручэньнем хляраформам. Пажарышча выглядае вельмі дзіўна: 90% памяшканьняў практычна не былі закранутыя агнём, столь у будынку вельмі высокая, што дало магчымасьць дыму сканцэнтравацца ўверсе. То бок, каб выратавацца, там трэба было зрабіць пару крокаў. Таму вельмі дзіўна, што так шмат людзей загінула. Хацеў бы адзначыць, што і вакол адэскай, і марыюпальскай трагедыяў вельмі шмат чутак і вымыслаў і не хапае апэратыўнай афіцыйнай інфармацыі.
Пра гарады, захопленыя расейскімі баевікамі
Некаторыя акупаваныя гарады адрозьніваюцца візуальна толькі тым, што на вуліцы ляжаць мяшкі зь пяском і шыны, а ў іх уторкнутыя расейскія сьцягі. Вядома, там яшчэ міліцыя і ўсё мясцовае кіраўніцтва падпарадкоўваецца расейскім баевікам. У той жа час на вуліцы няма людзей у балаклавах ці са зброяй, і гараджане ходзяць звычайнымі сьцежкамі па сваіх справах. Горад, цалкам падкантрольны тэрарыстам, — гэта Славянск. Там усюды блёкпасты, узброеныя людзі, увогуле няма ўкраінскай сымболікі, няма міліцыі, а міліцэйскія машыны выкарыстоўваюцца баевікамі. Разам з тым я ня бачыў нават у Славянску, што адбываецца кантроль у сфэрах гаспадаркі ці фінансаў. У мяне ўражаньне, што ўзброеныя бандыты не займаюцца гаспадарчымі пытаньнямі, утрымліваючы горад толькі сілавымі мэтадамі. У Данецку, калі не набліжацца да будынку СБУ і абласной адміністрацыі, можна проста не заўважыць, што горад захоплены. Хоць апошнім часам у тым жа Данецку пастаўлены на паток працэс адбіраньня ў насельніцтва дарагіх легкавых аўто, чаго, вядома, складана не заўважыць.
Пра зялёных чалавечкаў
Трэба адрозьніваць падрыхтаваных і абмундзіраваных баевікоў, якіх і называюць зялёнымі чалавечкамі, якія збольшага прыехалі з Расеі і маюць новую сучасную форму, добрыя баявыя машыны, — і ўкраінцаў, якія падтрымліваюць прарасейскіх захопнікаў і выходзяць з аўтаматам у трэніках і майцы. Вядома, вось такія ўкраінцы, збольшага гэта маргіналізаваныя беспрацоўныя, і становяцца першымі ахвярамі, бо ня маюць ні формы, ні навыкаў. Разам з тым такіх людзей становіцца ўсё менш і менш. Напрыклад, у Данецку на мітынгі ўжо не зьбіраецца нават тысяча людзей. А тыя, хто прыходзіць, — гэта савецкія бабулькі і маргіналы. А працоўныя людзі, якія раней нават запісваліся ў атрады самаабароны, ужо ня ходзяць нават на акцыі.
Пра вяртаньне ў Беларусь
Яшчэ нейкі час пляную заставацца на Данеччыне. Але пасьля выбараў мяркую зьезьдзіць у Беларусь, бо сканчаюцца 90 дзён, на працягу якіх магу знаходзіцца ва Ўкраіне. Высновы пра гэты досьвед і як я яго магу выкарыстаць у Беларусі, яшчэ рабіць рана, бо мая праца тут працягваецца. Аднак магу сказаць, што каля раней у Беларусі я баяўся быць затрыманым і сесьці на суткі, то цяпер мне той страх падаецца сьмешным. Тое, што я трапіў у палон да тэрарыстаў, або магчымасьць у любы момант апынуцца пасярод бою, пагрозы сьмерці і катаваньняў, — гэта ўсё вельмі істотна падняло мой парог страху.