Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«З калёніі выносілі на насілках. Праз тыдзень ён памёр»


Тэма праграмы — інваліды, цяжка хворыя і нямоглыя старыя за кратамі. У перадачы ўдзельнічаюць былыя сядзельцы беларускіх папраўчых устаноў.


«Лепей бы адразу расстрэльвалі»


«Калі ў працэсе выпраўленьня вязьня ператвараюць у жывёлу і ён пакутліва канае, ці не гуманьней адразу расстрэльваць?» — кажа з горыччу 30-гадовы Барыс. Пару гадоў таму ён вызваліўся з калёніі. За чатыры гады адседкі бачыў некалькі сьмерцяў, а таксама перадсьмяротныя мукі. Адзін з памерлых быў яму добра знаёмы...

Паводле Барыса, хвароба гэтага яшчэ маладога хлопца доўгі час ніяк не праяўлялася: ці мала сярод нас дзівакоў? Раптам пачалі зьвяртаць увагу на дэградацыю асобы гэтага вязьня, у тым ліку на поўную абыякавасьць да асабістай гігіены.

Барыс: «Усё думалася: нейкі надзвычайны пафігізм, лянота. Пакуль не дайшло: у хлопца рэальна „паехаў дах“. Дарэчы, выпадак зь ім ня быў нейкі выключны. Тых, хто вар’яцее за кратамі, не адзін і ня два. Людзі становяцца рэальнымі вар’ятамі, аднак паводле ўсіх мэдычных дакумэнтаў яны здаровыя. Хоць і блізка ня так. Што да адміністрацыі, то ёй галоўнае, каб такія душэўна хворыя не былі буйнымі. Задумвацца над тым, што да пэўнага часу чалавек быў больш-менш адэкватны, а потым у яго штосьці стала не ў парадку з мазгамі, ніхто ня хоча. Тым больш ніхто ня хоча накіроўваць чалавека на новую экспэртызу. Ну, сядзіць ды сядзіць. А людзі ня мыюцца, не мяняюць вопраткі, ходзяць пад сябе, фактычна страчваюць чалавечае аблічча».

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:24 0:00
Наўпроставы лінк


Як мяркуе Барыс, падставай для такой дэградацыі стаў, «магчыма, стрэс, а магчыма — нейкія невядомыя ўнутраныя захворваньні, справакаваныя вязьніцай... Ніхто нічога ня ведае, бо такіх людзей турэмныя мэдыкі не абсьледуюць». Сярод зэкаў такія хворыя атрымліваюць статус «пакрыўджаных». Не з-за таго, што іх нехта можа гвалціць. Яны недатыкальныя таму, што выклікаюць ва ўсіх агіду. У сэкцыі іх ніхто не пускае, бо яны сьмярдзяць, маюць вошы і невядома яшчэ якую заразу. Жывуць увесь час на палянцы за баракам, прычым нават зімой. Сьпяць на зямлі. Калі на зону прыяжджае нейкая камісія з ДВП, дык мянты адлоўліваюць іх і хуценька зьмяшчаюць у санчастку. Там ім робяць санацыю, мыюць, пераапранаюць, але яны ўсё роўна гадзяць пад сябе«.

Колішні асуджаны дадае, што за ягоную адседку некалькі такіх вар’ятаў памерлі. Ягоны знаёмы проста замерз у халады. Барыс ня ведае, што можна рабіць з такімі людзьмі, аднак лічыць недапушчальным, каб папраўчая ўстанова рабілася месцам зьдзекаў з гэтых хворых, каб да іх ставіліся як да жывёлаў.

У сваёй кнізе «Турма і здароўе» былы палітвязень, доктар мэдыцыны Юры Бандажэўскі тлумачыць, што любая набытая за кратамі паталёгія, у тым ліку і псыхічная, зьвязаная з наступствамі вострай рэакцыі на стрэс. «Перадусім гэтыя наступствы праяўляюцца ў паніжаным настроі, млявасьці, апатыі, эмацыйнай абыякавасьці. У чалавека зьнікае цікавасьць да навакольнай рэчаіснасьці, жаданьне атрымліваць прыемнасьць, прападае імкненьне пазнаваць новае, нязьведанае. Чалавек пазьбягае вялікіх кампаній, аддае перавагу адзіноце».

Такія праявы нельга ігнараваць, перакананы прафэсар Бандажэўскі. Блізкім вязьняў з падобнай сымптаматыкай трэба шукаць самыя розныя шляхі, каб вывесьці чалавека з такога стану. Інакш дэградацыя асобы і зьвязаныя з гэтым трагічныя наступствы стануць незваротнымі.

У той жа кнізе Юры Бандажэўскі называе ў ліку сур’ёзных пагрозаў жыцьцю ды здароўю чалавека ў няволі сухоты.

...Былы асуджаны Сяргей падхапіў гэтую хваробу некалькі гадоў таму на зоне. На лячэньне быў этапаваны ў спэцыялізаваную тубэркулёзную лякарню-калёнію № 12 у Воршы. Там Сяргей стаў сьведкам не адной сьмерці.

Турма і сухоты: зь няволі на волю
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:19 0:00
Наўпроставы лінк
Лістапад, 2012

Паводле Сяргея, сярод сухотнікаў апошнім часам вельмі шмат ВІЧ-інфікаваных зьняволеных. Колькасьць гэтых хворых стала расьце. Адпаведна расьце і колькасьць сьмерцяў.

«Калі б чалавека столькі не мурыжылі, нейкі шанец у яго быў бы»


...ВІЧ-інфікаваны Уладзімер Л. пасьля вызваленьня пражыў усяго тыдзень. Як кажа яго сябар, таксама былы асуджаны Івацэвіцкай калёніі № 5 Міхаіл, за некалькі дзён да сьмерці вольны лекар-пульманоляг дыягнаставаў у Валодзі сухоты. У турэмнай лякарні гэтай хваробы за ўсе гады не знайшлі.

Міхаіл, які сядзеў разам зь сябрам шэсьць гадоў, сьведчыць, што апошнім часам Уладзімер літаральна таяў на вачох. Ён моцна кашляў, тэмпэратура нярэдка даходзіла да 40 градусаў. Апошнім часам яшчэ малады мужчына ня мог самастойна рухацца, нават у прыбіральню яго даводзілася суправаджаць. Флюараграфіі ды рэнтгены, аднак, быццам бы нічога не паказвалі. Нічога не дало і лекаваньне ў турэмнай бальніцы ў Жодзіне, ад этапаваньня ў якую яму зрабілася толькі горш. Убачыўшы крытычны стан зьняволенага, мэдычная камісія падрыхтавала ўсе паперы на ўмоўна-датэрміновае.

Міхаіл: Паперы трэба было проста хутка падпісаць або пракурору, або судзьдзі. Аднак Уладзімера павезьлі ў суд. З калёніі яго выносілі на насілках. У судзе на гэтых насілках яго паклалі на падлогу. Каму была патрэбная прысутнасьць такога хворага, які ледзь размаўляў, не разумею. Недзе празь месяц яго вызвалілі. З калёніі таксама выносілі на насілках. Праз тыдзень свабоды Валодзя памёр. Потым ягоная маці расказала мне, што за некалькі дзён да сьмерці яго паглядзеў спэцыяліст-фтызіятар і сказаў, што ў хворага адкрытая форма сухотаў. Выходзіць, чалавек з такой хваробай не атрымліваў ніякага лячэньня, больш за тое, быў у кантакце зь іншымі«.

Міхаіл упэўнены: «калі б хворага сябра столькі не мурыжылі, у яго быў бы нейкі шанец. Самае дзіўнае, што турэмныя лекары так і ня ўбачылі сухотаў. А можа і ўбачылі, толькі вырашылі схаваць праўду...»

Былы асуджаны суседняй з Івацэвіцкай «пяцёркай» калёніі «Воўчыя норы» Андрэй Чаропка, наведаўшы нашу рэдакцыю, расказаў пра хворага на рак мозгу сядзельца ПК-22 Міхася Ўсьпенскага. Гэты чалавек фактычна асуджаны на пакутлівую сьмерць, прычым не законам, а адміністрацыяй. Спачатку мужчыну, які скардзіўся на цяжкія галаўныя болі, адмаўляліся вывозіць у рэспубліканскі турэмны шпіталь. Змаганьне за права абсьледавацца заняло ў Міхася паўгода. Нарэшце хворага паказалі спэцыялістам. Але тыя сказалі, што хвароба цягнецца ўжо сама меней два гады, працэс запушчаны і штосьці зрабіць немагчыма. Мэдыкі вынесьлі вэрдыкт: жыць Міхасю засталося месяцы тры.


Ці павінен улічвацца стан здароўя зьняволенага?


Як бязрукаму інваліду жывецца за кратамі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:29 0:00
Наўпроставы лінк

Ці павінны суды, пэнітэнцыярныя ўстановы ўлічваць стан здароўя зьняволенага? Ці павінны для цяжка хворага ды інваліда, які парушыў закон, быць тыя ж умовы ўтрыманьня, што і для іншых? Такія пытаньні мы задалі мінакам на вуліцах Горадні. Большасьць зь іх палічыла, што паслабленьне для гэтай катэгорыі павінна быць, тым ня менш любы правапарушальнік павінен за свае дзеяньні адказваць перад законам. Падчас апытаньня адзін зь яго ўдзельнікаў расказаў, што сам некалі сядзеў у калёніі разам з чалавекам, які на волі страціў правую руку падчас аўтааварыі. Ніякіх паслабленьняў яму з улікам частковай недзеяздольнасьці інваліду не рабілася, хоць адміністрацыя і бачыла, наколькі гэтаму асуджанаму бывае няпроста сябе абслугоўваць.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:06 0:00
Наўпроставы лінк


Вадзім Едакоў
Вадзім Едакоў
У беларускіх калёніях, аднак, можна сустрэць асуджаных і з больш цяжкай інваліднасьцю. Нядаўні госьць рэдакцыі Андрэй Чаропка расказаў, што разам зь ім у «Воўчых норах» сядзеў і працягвае яшчэ сядзець пакараны на 6,5 гадоў няволі Вадзім Едакоў. У яго няма абедзьвюх рук. Пратэзаў няма таксама. Абслугоўвае сябе вязень як можа. Есьці ў сталоўку з дазволу ахоўнікаў прыходзіць раней за ўсіх на некалькі хвілін і «як сабака, сёрбае ежу зь міскі». У прыбіральні спраўляецца пры дапамозе нагі.

«Тым ня менш, да гэтага чалавека выстаўляюцца тыя ж патрабаваньні, што і да здаровых вязьняў, — кажа Андрэй. — Напрыклад, да Вадзіма нярэдка чапляюцца за тое, што ў яго не прыбраны ложак. Хоць у яго выпадку гэта ніяк немагчыма. Гэтага інваліда маглі б пакласьці ў мэдычную частку, дзе яму было б зручней, але «адміністрацыя гэтага прынцыпова ня робіць, хоць вольныя ложкі ў мэдычнай частцы заўсёды ёсьць».

«На нейкія паслабленьні ў сувязі са станам здароўя, а таксама мэдычны дагляд можа разьлічваць толькі той, хто мае добрыя стасункі з адміністрацыяй», — перакананы 59-гадовы Станіслаў. За кратамі падчас васьмігадовай адседкі ён набыў псарыяз. Хвароба цяжкая, тым больш што ад яе ўвесь гэты час ніхто не лячыў.

«У нас любы мэдычны супрацоўнік, уключна з начальнікам мэдычнай часткі, у поўным падпарадкаваньні ў апэратыўніка. Калі ў вязьня ня склаліся дачыненьні з кімсьці з адміністрацыі, ты адпаведнага лячэньня не атрымаеш ніколі... Якая б хвароба ў цябе ні была. Хіба можна назваць гэта мэдыцынай?» — пытаецца Станіслаў.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:07 0:00
Наўпроставы лінк



Зь ліста асуджанага: «Мне стала цяжка дыхаць... Кашаль не спыняецца і дагэтуль»



За жыцьцё 58-гадовага мужа, які ў выніку трагічнага зьбегу абставінаў пазбаўлены волі на 18 гадоў, Людміла Кучура змагаецца ад сьнежня 2004-га.

«Адседка паводле несправядлівага прысуду, — кажа яна, — прынесла Пятру шмат праблемаў са здароўем, уключна зь інваліднасьцю па сэрцы. Ня так даўно зьявіліся кепскія падазрэньні на хваробу лёгкіх. Усё пачалося пасьля таго, як муж, вязень тады яшчэ 15-й магілёўскай калёніі, надыхаўся хлёркі ў штрафной камэры.

Пётар Кучура
Пётар Кучура
Кучура: «Да здароўя і жыцьця вязьня нашай папраўчай сыстэме абсалютна няма справы. Сьцьвярджаю гэта з поўнай адказнасьцю на прыкладзе майго мужа. Усім ім вядома, што ён інвалід, што ў яго мігальная арытмія, ішэмічная хвароба сэрца. Гэта значыць, што чалавек лёг спаць, а назаўтра можа ўжо і не прачнуцца. Вось такая хвароба. Само сабой зразумела, што мужу патрэбнае лячэньне... Але вось ў апошнім лісьце ўжо з Магілёўскай „крытай“, куды яго перавялі як злоснага парушальніка рэжыму, муж напісаў, што пасьля санацыі хлёркай прыбіральні, якая забілася — гэта было летась у верасьні — у яго некалькі дзён сьлязіліся вочы, цякло з носу, пякло ў горле і грудзях. Пачаўся кашаль, які не спыняецца дагэтуль».

На кашаль Пятра зьвярнулі ўвагу толькі ў студзені, ужо ў Магілёўскай турме № 4. Каб выключыць ці пацьвердзіць сухоты, прызначылі флюараграфію. Здымак лекару не спадабаўся. Празь некалькі хвілін яго паўтарылі, потым зрабілі рэнтген. Сухоты выключылі, аднак патлумачыць пэўныя зьмены ў лёгкіх на здымку не змаглі. Потым, размаўляючы з турэмным тэрапэўтам, асуджаны расказаў пра той выпадак у калёніі. І лекар выказаў меркаваньне, што гэта, хутчэй за ўсё, сьляды хлёркі.

Людміла Кучура пракансультавалася з адмыслоўцам-пульманолягам у Менску і пачула: сытуацыю трэба трымаць пад кантролем, асабліва з улікам таго, што ў Беларусі расьце дынаміка анказахворваньняў...

Кучура: «Трэба, каб турэмныя лекары пільна адсочвалі сытуацыю. Але як мы можам гэта кантраляваць? Муж напісаў заяву, каб яму выдалі заключэньне адносна рэнтгенаўскага здымку. І вось чакаем. Ведаеце, я вельмі хвалююся за мужа. Нейкай мэдычнай дапамогі адэкватнай чакаць у калёніі нельга. Іншай думкі, чым тое, што чалавека зь ягоным спрэчным прысудам, з інваліднасьцю, якую ён набыў у калёніі, проста хочуць элемэнтарна зьнішчыць, няма... Калі, крый Божа, зь Пятром нешта здарыцца, то адказным ня будзе ніхто. Для іх чалавечае жыцьцё нічога ня значыць».

Што рабіць са старымі нямоглымі правапарушальнікамі?


Паводле апублікаваных зьвестак, зьняволеных веку Пятра Кучуры і старэйшых у Беларусі прыкладна каля 5%. Сярод гэтага кантынгенту сустракаюцца і забойцы, і пэдафілы, але найчасьцей гэта людзі, асуджаныя ў выніку нацягнутых абвінавачваньняў. Самыя частыя з такіх узроставых сядзельцаў — жабракі-крадуны. Большасьць старых за кратамі — людзі нямоглыя. Паколькі турма арганізаваная так, што ў ёй кожны імкнецца самасьцьвердзіцца, у тым ліку за кошт слабейшых, старасьць за кратамі там не шануюць ніяк.

Як сьведчыць кіраўнік праваабарончай «Плятформы», колішні палітвязень Андрэй Бандарэнка, які вывучаў досьвед іншых пэнітэнцыярных сыстэмаў, мэта папраўчага працэсу ў Беларусі — адрозна ад краінаў ЭЗ — не выпраўленьне, а ізаляцыя. Таму ў вязьніцах такім парушальнікам закону не аказваецца належнай мэдычнай дапамогі. Не існуе ў нас для гэтага кантынгенту і нейкай альтэрнатывы турэмнаму ўтрыманьню. Ні на ўзроўні дзяржавы, ні на ўзроўні грамадзтва проста не прынята думаць пра тое, што калі чалавеку вельмі мала засталося жыць, трэба ўжыць нешта іншае, а не саджаць яго, скажам, на 10 гадоў, кажа праваабаронца.

Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка
Бандарэнка: Многім старым вязьням цяжка хадзіць, а іх прымушаюць ісьці на шыхтаваньне. Хоць яны афіцыйна і не працуюць, іх прымушаюць рабіць працу па самаабслугоўваньні. У нас у калёніі ў Бабруйску быў вельмі стары чалавек, яму было цяжка рухацца, а яго прымушалі хадзіць на тыя шыхтаваньні і г.д... Быў, напрыклад, стары, які ўвогуле ня мог рухацца. Ён нікуды ня мог хадзіць, яму прыносілі ежу са сталоўкі. За ім неяк спрабавалі прыбіраць. А ў ягоным прысудзе было, што ён небясьпечны для грамадзтва. Вось на гэтым у нас пабудаваная ўся сыстэма выпраўленьня асуджаных.

Але што ж рабіць са старымі нямоглымі правапарушальнікамі? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвярнуўся да мінакоў на вуліцах Гомеля. Большасьць апытаных перакананыя, што перад законам роўныя ўсе, аднак старых злачынцаў усё ж лепш трымаць у закрытых пансіянатах, а ня ў турмах.

Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG