Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Робім, робім: з канвэера і — пад плот», — апытаньне на МТЗ


У сьнежні Радыё Свабода паведамляла пра складаную сытуацыю на Менскім трактарным заводзе: праблемы са збытам прадукцыі, зьніжэньне заробкаў, масавыя звальненьні.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, на ліцейнай вытворчасьці тады нават адбыўся стыхійны страйк. Як зьмянілася сытуацыя за мінулыя паўтары месяцы? Каля прахадной МТЗ з працаўнікамі прадпрыемства размаўляла Галіна Абакунчык.

Галоўная прахадная Менскага трактарнага заводу — насупраць аднайменнай станцыі мэтро. Уздоўж кароткага шляху — стыхійны гандаль шкарпэткамі, пальчаткамі ды іншай драбязой, каля кой мала хто спыняецца. Падчас перазьменкі ў абодва бакі кіруецца плынь працаўнікоў. З трактаразаводцамі размаўляю каля ўваходу на завод:

Карэспандэнтка: «Ці даўно працуеце? Ці задаволеныя заробкам, ці ёсьць праца?»

Працоўны: «Толькі тыдзень працую. Ну, працаваць можна, а заробак — крыўдзяцца на заробак усе вакол».

Карэспандэнтка: «Чаму тады вы прыйшлі сюды?»

Працоўны: «А мяне больш ня бралі нікуды — мне 52 гады. А месяц не папрацаваўшы — бамжом можна сябе адчуць».

Працоўная: «Працую на валах — гэта цэх № 5. Раней праца была больш стабільная, а зараз — самі разумееце — крызіс і гэта адчуваецца. Перадусім — на заробках, таксама ў цэхах халодна, даводзіцца надзявацца цяплей. Спрабуем аднавіць аб’ёмы прадукцыі, каб вырабіць больш».

Карэспандэнтка: «Што вам кажа кіраўніцтва, калі становішча зьменіцца да лепшага?»

Працоўная: «Ну, плян мы выканалі, начальнік быў задаволены, а што далей — будзе бачна».

Карэспандэнтка: «Ці ёсьць праца, ці яе хапае?»

Працоўны: «Не сказаў бы — пакуль ня выйшлі на тыя аб’ёмы, якія былі да новага году». А калі ад сябе казаць, то плян гэты мы выканалі яшчэ ў кастрычніку-лістападзе. Але прадукцыя стаіць на складах, яе не прадаюць, яе няма куды дзець. Адсюль, адпаведна, і вытворчых плянаў няма, і грошай. Прадукцыя ёсьць, але яе няма куды прадаць«.

Карэспандэнтка: «Што вы думаеце пра такую сытуацыю?»

Працоўны
: «Гэта абавязак міністэрства. Людзі скардзяцца на малую колькасьць працы, на неадпаведнасьць кіраўніцтва ў арганізацыі працы, на нізкія заробкі, на жыльлёвыя праблемы і гэтак далей».

Карэспандэнтка: «Ці шмат моладзі працуе на заводзе?»

Працоўны: «Дастаткова шмат працуе. Але апошні год — шмат маіх знаёмых таксама — пасыходзілі. Я і сам пляную сысьці: дзеці ёсьць — іх трэба падымаць, інтэрната не даюць, кватэру я пабудаваць не магу, здымаць — дорага. Адпаведна — даводзіцца шукаць іншае месца працы».

У адрозьненьне ад працоўных, умовамі працы і заробкамі на трактарным заводзе задаволеныя прадстаўнікі сярэдняга кіроўнага складу:

Карэспандэнтка: «Пэўна, вы — сярод маладзейшых, хто працуе на заводзе, так?»

Юнак: «Не, ня самыя маладыя — 5-6 гадоў працуем».

Карсэпандэнтка: «Ці задаволеныя?»

Юнак: «У прынцыпе так — працы хапае, заробак нядрэнны — чаму не?»

Юначка: «Увогуле так, мы задаволеныя».

Карэспандэнтка: «У цэху працуеце ці вы з кіроўнага складу?»

Юначка: «Так, з кіроўнага».

Карэспандэнтка: «Кажуць, што склады затавараныя, прадукцыя не прадаецца, а таму ў працоўных нізкія заробкі».

Юнак: «Ды не — якія былі заробкі, такія і засталіся. Усё гэта брахня. Брэшуць людзі».

Тым часам працоўныя МТЗ, якія непасрэдна вырабляюць трактары ў цэхах, кажуць, што імкнуцца як найхутчэй разьвітацца з прадпрыемствам:

Карэспандэнтка: «Ці нешта зьмянілася ў новым годзе, як працуецца?»

Працоўны: «Ой, не пытайцеся лепш, не хапае. З таго, з чаго трэба рабіць, не хапае — камплектуючых. Ну, новы год распачаўся — пакуль гэта ўсё расчухаецца, а працаваць трэба ў дзьве зьмены. Плян быў вялікі, начальства шмат хоча, але нічога не атрымліваецца».

Карэспандэнтка: «А што кажа начальства, калі што зьменіцца?»

Працоўны: «Ну, ня ведаю, калі што зьменіцца. Бо робім, робім — загружаная ўся тэрыторыя, а толку з таго? А мы робім, куды робім — незразумела. На вуліцу пад плот — абы з канвэера. І зь месца на месца перакідаецца».

Карэспандэнтка: «Што будзе з заробкам?»

Працоўны
: «Ніхто не шавеліцца, каб падняць. Было мала, дык яшчэ і падрэзалі — яшчэ трэба менш. Ну, а сабе ж начальства не падрэжа. Каб яно сябе абдзяліла — о, не!»

Карэспандэнтка: «Ці трымаюцца людзі за працу ў гэтых умовах?»

Працоўны: «Не, народ паціху зьбягае. Я б таксама ўцёк, але яшчэ не знайшоў куды. Дай Бог, каб сёлета сысьці з гэтага дурдому куды-небудзь, абы яго ня бачыць».

Некаторыя з працаўнікоў МТЗ адмаўляліся размаўляць пры ўключаным мікрафоне. Прычынай яны называлі боязь перасьледу з боку адміністрацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG