Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі прапусьціць момант, Украіна ператворыцца ў Беларусь-2


Юры Сьвірко
Юры Сьвірко

Госьць нашага эфіру – незалежны беларускі журналіст у Кіеве Юры Сьвірко.

Зь ім мы зараз абмяркуем разьвіцьцё сытуацыі ва Ўкраіне і законныя магчымасьці дамагчыся сваіх мэтаў, якія дае ўкраінскай апазыцыі заканадаўства і Канстытуцыя краіны.

Абламейка: Юры, як бы вы падсумавалі сёньняшні дзень процістаяньня ў Кіеве і па ўсёй краіне?

Сьвірко: На Майдане пануе разгубленасьць, людзі ня ведаюць, што рабіць. І большасьць пагаджаецца з тым, што няма лідэраў. Ёсьць тройка кіраўнікоў апазыцыйных фракцыяў – Клічко, Яцанюк і Цягнібок, якія хадзілі сёньня ў Вярхоўную Раду. Адстаўка ўраду не атрымалася. Потым маніфэстанты пайшлі да адміністрацыі прэзыдэнта, хаця Януковіч у гэты час ужо паляцеў у Кітай. Лідэры апазыцыі заклікалі людзей «марыць» Януковіча, паводле выразу Яцанюка. А Януковіч быў ужо ў самалёце. І людзі зараз разгубленыя, бо «морацца» яны самі.

Што да заканадаўчага поля, то большасьць пагаджаецца з тым, што юрыдычныя магчымасьці скончыліся. Адстаўка ўраду ўжо немагчымая. Паводле заканадаўства, калі адбылося галасаваньне ў парлямэнце аб даверы ўраду і адстаўкі не адбылося, ў наступны раз Вярхоўная Рада можа галасаваць вотум даверу толькі праз год. Але праз год ужо будзе ў разгары прэзыдэнцкая кампанія, у сакавіку 2015 году сканчаецца прэзыдэнцкі тэрмін Віктара Януковіча. Палітыкі чакаюць гэтых выбараў і ўсе чакаюць, што ж будзе на Майдане – ці ён разыдзецца ці будуць нейкія іншыя падзеі.

Абламейка: Юры, аглядальнік радыё Свабода Робэрт Колсан у сваім аналізе сытуацыі ва Ўкраіне робіць выснову, што Віктар Януковіч губляе падтрымку алігархаў і народу на ўсходзе краіны. Вы пагаджаецеся з такой ацэнкай? І якія ёсьць знакі гэтага?

Сьвірко: Я часткова згодны. Хіба не галоўная падзея Майдану – гэта зьмена палітыкі тэлеканалаў. У Беларусі немагчыма гэта ўявіць, але амаль усе тэлеканалы ва Ўкраіне прыватныя. Пры гэтым яны кіраваныя алігархамі. Раней яны ўсе кіраваліся лініяй адміністрацыі прэзыдэнта. Зараз мы бачым, што СМІ Ахмэтава, Пінчука, іншых алігархаў фактычна падтрымліваюць Майдан. Журналісты гэтых СМІ выдаюць газэту Майдана. Канал Інтэр, 10% капіталу якога належаць кіраўніку прэзыдэнцкай адміністрацыі Сяргею Лёвачкіну, вельмі аб'ектыўна асьвятляе падзеі Майдану.

Але я не магу пагадзіцца зь іншымі тэзамі сп-ра Колсана. Іна Багаслоўская, чалавек Пінчука, ніколі не была зацятай прыхільніцай Януковіча. Яна канкуравала зь Януковічам на прэзыдэнцкіх выбарах, яна крытыкавала прэм'ера Азарава. Тут шмат падводных плыняў. І падзел Украіны на ўсходнюю і заходнюю – гэта асноўнае. Гэта тое, чаго няма ў Беларусі. Базавы электарат Януковіча – гэта Ўсход. На Ўсходзе, магчыма, ня вельмі добра ставяцца да прэзыдэнта, але па-ранейшаму падтрымліваюць яго, бо для Ўсходу ён свой, наш.

Зараз часта параўноўваюць цяперашні Майдан зь беларускай Плошчай 2010 году. Я б хутчэй параўнаў з падзеямі 1996 году, калі была рэальная магчымасьць імпічмэнту Лукашэнкі.

І тут і там ёсьць рука Масквы. Шмат хто думае, што Пуцін умешваецца ва ўнутрыпалітычныя падзеі. Як тады спадзяваліся ў 1996 годзе, што беларусы скінуць Лукашэнку, гэтак спадзяюцца і зараз ва Ўкраіне. Але гэтага не адбылося.

Абламейка: Наша карэспандэнтка ў Кіеве Аляксандра Дынько паведамляе, што ў апазыцыі пакуль няма пляну ясных дзеяньняў на будучыню. А якія магчымасьці для апазыцыі дае заканадаўства і Канстытуцыя Ўкраіны? Што яшчэ можна зрабіць законным шляхам? Навошта зьбіраецца мільён подпісаў?

Сьвірко: Мільён подпісаў зараз нічога ня значыць. Рэфэрэндум магчымы толькі са згоды прэзыдэнта і яго адміністрацыі, бо ён кантралюе суды і Цэнтарвыбаркам. Суды ўсе кантраляваныя адміністрацыяй, яны ўжо пачалі судзіць людзей, якіх зьбіў спэцатрад МУС «Беркут» падчас сутыкненьняў каля адміністрацыі прэзыдэнта. Сёньня былі ўжо вынесеныя першыя прысуды – 2 месяцы пазбаўленьня волі. І людзі ня могуць нічога зрабіць. Хаця трэба саджаць тых, хто іх зьбіваў. Украінскі суд кіраваны не законам, а тэлефонным правам. Гэты суд забараніў выходзіць на Майдан, аднак украінцы яго не паслухаліся. Але гэтая сыстэма ўсё яшчэ працуе. Лёс Майдану вырашыцца ў бліжэйшыя выходныя. Кіяне масава не падтрымалі заклік да нацыянальнага страйку. Але калі суды будуць працаваць, як рэпрэсіўная машына, мы можам пабачыць і паўтарэньне падзеяў мінулай нядзелі.

Абламейка: Што рэальна можа прымусіць урад або прэзыдэнта Ўкраіны пайсьці ў адстаўку?

Сьвірко: На маю думку, гэта можа быць толькі вялікі Майдан з агульным страйкам, блякаваньнем Вярхоўнай Рады, Кабінэту міністраў, калі прэзыдэнт Януковіч пагодзіцца правесьці датэрміновыя выбары. Але ён ня хоча на гэта ісьці. Але апазыцыя перасьцерагаецца, што выбараў ня будзе, што будзе беларускі варыянт. Шмат хто зараз кажа, што калі зараз прапусьціць момант, Украіна зробіцца Беларусьсю-2.

Цалкам гутарку можна слухаць тут:
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:12:14 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG