Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ксяндза Лазара патрабуюць прызнаць палітвязьнем


Маратон салідарнасьці зь зьняволеным ксяндзом Уладзіславам Лазарам, якога ўжо амаль паўгода трымаюць у СІЗА КДБ, адбыўся ў Менску.

Вечарыну зладзіла каардынацыйная група «За волю» пры падтрымцы БХД.

Былыя вязьні «амэрыканкі», дзе трымаюць ксяндза Лазара, Павал Севярынец і Сяргей Марцалеў апавялі пра ўмовы ў гэтай вязьніцы. Яны згадалі пра сыстэму псыхалягічнага і маральнага ціску, якая ўжываецца ў гэтай турме, дзе «мала што зьмянілася з сталінскіх часоў».

Паводле сустаршыні БХД Паўла Севярынца, абыходжаньне зь вязьнямі «амэрыканкі» можна параўнаць з катаваньнямі.

Павал Севярынец заклікаў прызнаць ксяндза Ўладзіслава Лазара палітвязьнем, што, на ягоную думку, дапаможа зьвярнуць больш увагі грамадзтва на лёс гэтага чалавека і дамагчыся ад беларускіх ўладаў выкананьня ягоных правоў.

Падчас вечарыны прагучала крытыка на адрас каталіцкага касьцёлу, які, паводле некаторых выступоўцаў, заняў невыразную пазыцыю адносна абароны ксяндза Лазара.

Гана Шапуцька з групы «За волю» выказала крытыку і на адрас беларускіх праваабаронцаў. Паводле Шапуьці, затрымка з вызначэньнем таго, ці ксёндз Лазар ёсьць палітвязьнем, спрыяе парушэньню ягоных правоў у вязьніцы.

Праваабаронцы на гэты конт кажуць, што адносна справы сьвятара «недастаткова пэўнай інфармацыі».

Уладзіслава Лазара затрымалі паводле абвінавачваньня ў перадачы грошай асобе, якая вяла шпіёнскую дзейнасьць.

КДБ не прадстаўляе доказаў віны сьвятара і нават не паведамляе, ці выстаўленае Лазару абвінавачаньне.

«Вядома, што ў апошнім лісьце сваякам Уладзіслаў Лазар зноў напісаў, што не вінаваты. На яго і ягоных сваякоў аказваюць моцны ціск. Яму нават не перадалі Біблію», — паведаміла ўдзельнікам вечарыны журналістка «Народнай волі» Любоў Лунёва, якая апякуецца сям’ёй Уладзіслава Лазара.

Удзельнікі маратону салідарнасьці зьбіралі ахвяраваньні дзеля таго, каб сям’я Ўладзіслава Лазара, якая знаходзіцца ў цяжкім матэрыяльным становішчы, магла наняць адваката і аказаць арыштаванаму кваліфікаваную юрыдычную дапамогу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG