Ой, кажане, кажане, чаму ж ня сеў ты на мяне...
А чаго ім, уласна кажучы, на нас садзіцца?
«Калі нехта хварэе на жаўтуху, дык няхай насадзіць кажана на востры кій, ды так асьцярожна, каб той кажан застаўся жывы, — раіла ў ХІ стагодзьдзі міласэрная лекарка Гільдэгарда Бінгенская. — Потым трэба прывязаць кажана да сваёй сьпіны, потым да жывата, і так да таго часу, пакуль кажан не падохне». Варта параўнаць гэтую параду з благаньнямі сучасных, ня менш міласэрных дачніц: «Памажыце пазбавіцца ад кажаноў! Пасяліліся на другім паверсе, ноччу немагчыма па хаце прайсьці, жудасьць! Чым іх патруціць?» Дымам іх, дымам, раяць абазнаныя ў справе забойцы. Або хімікатамі. Вынішчыць нячысьцікаў, ня даць ім ніводнага шанца.
Стагодзьдзямі ў Эўропе кажан працаваў в. а. д’ябла на зямлі — або, прынамсі, істотай зь ягонай, прабацькі зла, каманды. Кажаноў блыталі з рознымі «чорнымі птушкамі», зь якімі ніводзін нармальны кажан побач ня сядзе, яны абылганыя і зганеныя, і нават у Баршчэўскага — тое самае: як толькі дзесьці штосьці благое або падазронае — вінаваты кажан. Ён такі... то яго бачылі на месцы здарэньня, то адбіткі кіпцюроў супадаюць, суседзі паказваюць пальцам і жагнаюцца.
У кажана ніколі няма алібі. Дзе-нідзе жанчыны былі абавязаныя накапаць сабе пад падушкі кажановай крыві, калі яны зычаць шчасьця сваім дзецям. А яшчэ ў некаторых надта ўжо культурных народаў быў такі звычай: прыбіваць кажаноў на дзьверы дома. На шчасьце і каб духаў адганяць — бо які ж дух палезе да сваіх. Прыбіваць, як падкоўку або кітайскі ліхтарык.
Кітайцы, дарэчы, кажаноў якраз-такі любілі. А ўсё праз чароўнае слова «фу», якое значыць і «кажан», і «шчасьце». У Эўропе такое стаўленьне да кажаноў сустракалася рэдка. «Душа, якая вяртаецца дадому» — бывала, што і так паэтычна адгукаліся пра гэтых цудоўных істотаў, але і гэткія прызнаньні канчаліся тым самым выракам: расстраляць!
Кажан заўжды вабіў літаратараў — асабліва тых, хто, як і Баршчэўскі, меў справу з ірацыянальным і містычным. «Маска, зь якою танцаваў Мэлянхтон, — гэта быў кажан, дагары нагамі, галавою ўніз, — так пачынае адно з сваіх апавяданьняў Майрынк, сам — кажан з кажаноў у літаратуры. — Крылы шчыльна абліпалі цела, а ў кіпцях кажан моцна трымаў вялікую залатую апону, падняўшы яе ўгору, як бы тым самым паказваючы, што ён зь нечага зьвісае...»
Што ж, на карусёў каганцоў і іншых аліндарак кажаны больш сапраўды не садзяцца і ў валасах ні ў кога больш ня блытаюцца (апошняе чамусьці палохала добрапрыстойных сялянаў больш за ўсё; ну, што паробіш — хочаш хадзіць блыхасты, хадзі). І сам кажан ужо зразумеў, што яго хочуць сьцерці зь зямнога аблічча, толькі за тое, што ён іншы. «Калі ты мыш, мусіш хадзіць, а ня лётаць», вучыць народна-камунальная мараль. Усё, што засталося ў кажана, — гэта яго ноч. Амаль музэйная. Штогоду з 20-га на 21-га верасьня ў сьвеце адзначаецца міжнародная ноч кажаноў — добрая нагода выбіць з чалавечых галоваў усе тыя забабоны што да рукакрылых, якія закладваліся туды вякамі. Кажуць, кажаны пераносяць інфэкцыі... Але, паводле дадзеных ААН, колькасьць людзей, якія даядаюць за кажанамі і ходзяць зь імі ў агульныя туалеты, у сьвеце няўхільна зьніжаецца. Пекла — гэта іншыя людзі, нагадвае нам кажан. А я не чалавек, дык пакіньце мяне нарэшце ў спакоі. Павішу ды палячу. Як толькі сьцямнее.