Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Вараб’ёў: Калі амэрыканца не ўтрымаеш 10 хвілін, ты яму не цікавы


Замежныя навучальныя ўстановы пачалі новы сэзон. Сярод студэнтаў па ўсім сьвеце нямала і беларусаў. Як ім даецца вучоба? Ці разьлічваюць вярнуцца на радзіму? З другакурсьнікам Лютэранскага каледжу ў Аёве, ЗША пагутарыў Ігар Карней.

Алесь Вараб’ёў — выпускнік Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа. Пасьля заканчэньня «партызанскай школы» два гады адвучыўся ў у Маастрыхцкім каледжы, які ўваходзіць у міжнародную сетку United World College. З Галяндыі скіраваўся працягваць навучаньне ў ЗША.

— Увогуле ў Штатах два тыпы навучальных устаноў — унівэрсытэты і каледжы. Таксама даюць бакаляўра, але па сыстэме, дзе ты сам выбіраеш сабе прадметы — кожны сэмэстар цягам чатырох гадоў — і пасьля выходзіш зь нейкай уласнай спэцыялізацыяй. Можна ўзяць адну, дзьве, чуў нават пра кітайца, які ўзяў ажно сем! То бок, скончыў, атрымаўшы сем бакаляўраў за чатыры гады, што нашаму розуму трошкі не паддаецца. Звычайна людзі бяруць два бакаляўры, плюс нейкі сьпіс галоўных прадметаў. Бо ўстанова такога кшталту імкнецца даць як мага больш усебаковую адукацыю, каб пасьля, калі чалавек ужо жадае пайсьці на магістратуру, ішоў туды ня толькі са сваёй спэцыяльнасьцю, а каб у яго ўжо быў багаж зь іншых навукаў, каб ён быў падрыхтаваны на выпадак «раптам што». Раптам яму нешта не спадабаецца і яшчэ можна зьмяніць шлях у іншы накірунак. Іншымі словамі, заўсёды ёсьць некалькі варыянтаў.

— Што ўяўляе сабой твая навучальная ўстанова? Што гэта за месца?

— Гэта Luther College, Лютэранскі каледж, якіх насамрэч вельмі шмат — асабліва ў цэнтральных штатах. Там амаль усе навучальныя ўстановы зь нейкім рэлігійным ухілам, у дадзеным выпадку — пратэстанцкім. У нас нават абавязкова адзін сэмэстар за чатыры гады трэба ўзяць рэлігійны курс. Але абсалютна ніхто сілком не навязвае, бо ёсьць там і арабы, і прадстаўнікі самых розных канфэсіяў хрысьціянскіх. Гарадок наш мае назву Дэкора, гэта штат Аёва. Усяго 10 тысяч чалавек, гэткая вялікая вёска. Але ў гэтай вёсцы 10 розных прыходаў — каталіцкі, лютэранскі, іншыя. І ўсе стаяць побач на адной вулачцы. Увогуле наша месца досыць далёка ад цывілізацыі — 100 кілямэтраў да бліжэйшага цягніка ці аўтобуса. Дарэчы, з гэтай прычыны кола магчымасьцяў істотна абмежавалася. Апошні сэмэстар у нас было даволі шмат канфэрэнцыяў, я хацеў атрымаць польскую візу, але дзеля гэтага трэба было ехаць у Чыкага. Даехаць можна цягніком, але станцыя — за 100 зь лішкам кілямэтраў ад горада. Дабрацца туды толькі машынай, грамадзкі транспарт адсутнічае. А каб узяць аўто напракат, патрэбныя правы. То бок, кола замкнулася. Хоць правы атрымаць даволі проста і вельмі танна, усяго 20 даляраў каштуе. Але без машыны там сапраўды нікуды.

— Склад навучэнцаў у каледжы інтэрнацыянальны?

— Збольшага амэрыканцы, з самых розных штатаў. Інтэрнацыянальных студэнтаў, напэўна, працэнтаў 5. Пасьля Маастрыхту, канечне, карціна зусім іншая. Увогуле я прыехаў на вучобу пазьней і атрымліваецца, што за паўгода скончыў цэлы курс, за адзін сэмэстар.
Зь ліцэйскім выкладчыкам Міхасём Тычынам
Зь ліцэйскім выкладчыкам Міхасём Тычынам

— Цяжка было пераарыентавацца з эўрапейскай сыстэмы адукацыі на амэрыканскую?

— Па вялікім рахунку, яна вельмі падобная да таго, што мы мелі ў Галяндыі. Таксама сам выбіраеш сабе прадметы, толькі вядзеш яшчэ больш спэцыялізаваны курс. То бок, выбіраеш пэўную спэцыяльнасьць і ўсё зводзіш да яе. Таму пераарыентавацца было ня так і складана. Проста ў Амэрыцы крыху іншы падыход. Калі ўзяць, прыкладам, навукі, то ў Эўропе гэта — дакладныя працы, дзе ты пішаш і размаўляеш толькі пра свой профіль, толькі пра сваю дзейнасьць. А ў Штатах нас адразу вучылі так: вы на сваю працу ў самым канцы пакіньце месца, а галоўная ваша мэта — зацікавіць людзей, зацікавіць патэнцыйных плацельшчыкаў, каб яны плацілі вам грошы. Вось гэта ўкладаюць з першага курса, з самых першых заняткаў. У іх на гэта вельмі шмат арыентавана.

— Дык якая ў цябе спэцыялізацыя?

— Кагнітыўная нэйранавука і перадмэдычная адукацыя. Перадмэдычны профіль я жадаю атрымаць, як кажуць, проста на ўсялякі выпадак. Здаць тэсты і мець гэта ў багажы заўсёды карысна. А што да асноўнай спэцыялізацыі, кагнітыўнай нэйранавукі, то атрымліваецца, што гэта напалову біялёгія, напалову псыхалёгія. Разам вось так усё зьвязанае. Вельмі цікава.

— Падчас вучобы ў Галяндыі, дзякуючы табе, многія маладыя людзі даведаліся пра існаваньне Беларусі. Як з беларускім лікбезам у ЗША?

— У Штатах таксама мала ведаюць пра Беларусь, але амэрыканцы ўвогуле цікавыя людзі. У іх ёсьць такая асаблівасьць: калі зь імі знаёмішся (ня ведаю, магчыма, гэта асаблівасьць толькі такіх кансэрватыўных штатаў цэнтральнай Амэрыкі, як Аёва), ім заўсёды цікава ад цябе нешта даведацца. Першыя 15 хвілін ён будзе з табой заўзята размаўляць, яму ўсё цікава, ён пра нешта пытаецца. Але калі за гэтыя 10 першых хвілін ты яго больш нічым не зацікавіш, акрамя нейкай сваёй аддаленасьці, тым, што ты з краіны, пра якую ён ніколі да гэтага ня чуў, то ўсё — амэрыканец далей можа разьвярнуцца і пайсьці. Яму больш з табой не цікава размаўляць. У мяне было некалькі такіх выпадкаў, каб у гэтым пераканацца. Напрыклад, мой начальнік — даволі сталы чалавек, ніколі пра Беларусь асабліва ня чуў. Мы зь ім разгаварыліся, нешта ён даведаўся, нешта ад мяне пачуў, ну, і на гэтым тэма скончылася. На наступны дзень ён прыйшоў і кажа: слухай, я ўчора ўвесь вечар пасьля працы сядзеў чытаў пра тваю краіну — бедныя вы людзі… Пасьля гэтага мы ўжо шмат гаворылі пра Беларусь. То бок, ім цікавыя некаторыя рэчы і калі ім паказаць, што ў сьвеце бывае нешта зусім ня так, як яны гэта ўяўляюць, зусім іншае за іх ідэалы, то ім становіцца цікава.
З замежнымі сябрамі
З замежнымі сябрамі

— Ці будзеш замахвацца пасьля чатырох гадоў на магістратуру?

— Яно, канечне, можна. Але справа ў тым, што пакуль мне ў ЗША даецца поўная стыпэндыя толькі на бакаляўра. Звычайна яшчэ адзін год пасьля бакаляўра людзі бяруць перапынак, каб трохі папрацаваць па сваёй спэцыяльнасьці, набрацца вопыту і пасьля пайсьці на магістратуру. А вось з магістратуры ў мяне ўсё ж жаданьне назад, сюды..

— То бок, адрозна ад многіх, хто вучыцца ў ЗША, хочаш вярнуцца прынамсі ў Эўропу?

— Мне б хацелася так. Я ўжо атрымаў магчымасьць пабачыць сьвет у розных яго праяўленьнях, і гэта сам па сабе ўнікальны досьвед. Штаты таксама вельмі разнастайныя, вельмі шмат розных культураў — з таго, што я сам заўважыў. У нас людзі і з Каліфорніі, і з Флярыды, і з паўночных штатаў. У кожнага свая культура, гэта адразу заўважна. Але параўнацца з Эўропай вельмі цяжка, дзе ты можаш быць, скажам так, надзвычай мабільным. Кожны гарадок нечым адрозьніваецца, лёгка ад аднаго да другога месца трапіць і выбраць роўна тое, што табе будзе ідэальна для жыцьця.
Перад канцэртам
Перад канцэртам

— Алесь, ведаю пра тваё захапленьне музыкай. У Маастрыхце ты шмат граў на гітары, запісваўся, твае ролікі ў YouTube мелі шмат праглядаў. Ці быў час на творчасьць у ЗША?

— Я першы сэмэстар паспрабаваў тры бакаляўры ўзяць, трэці якраз — музыка. Праўда, з гэтай думкай давялося часова разьвітацца. Па-першае, фізычна не было часу, каб асобна займацца музыкай, вывучаць творы і г.д., бо даводзілася даганяць ўжо па ходу вучобы. Хоць, натуральна, было б вельмі добра і карысна прынамсі адзін сэмэстар так зрабіць. Вельмі спадзяюся на тое, што ў гэтым сэмэстры ў мяне будзе больш часу і атрымаецца самому па сабе займацца музыкай. Дарэчы, пакуль быў на вакацыях у Беларусі, амаль усё лета якраз гэтым займаўся, спрабаваў зрабіць нешта цікавае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG