Цукеркі прыбылі ў порт Клайпеды, каб потым адправіцца ў Беларусь. Мытнікі зьвярнулі ўвагу на тое, што надпісы на скрынях з надпісам «DEFFERO» вельмі падобныя на прадукцыю вядомай маркі FERRERO S.P.A. Яны зьвязаліся з прадстаўніком брэнду, і той пацьвердзіў, што затрыманыя ў порце цукеркі ня ёсьць прадукцыяй фірмы.
У транзытнай дэклярацыі было пазначана, што амаль 50 тысяч скрынак цукерак зробленыя ў Кітаі, прадавец — кампанія з Баўгарыі, а атрымальнік — кампанія ў Беларусі.
Кошт тавару, калі б ён быў прададзены на рынку як арыгінальная прадукцыя, ацэньваецца ў 282 тысячы эўра, піша мытня краіны.
Літоўская мытня зьнішчыць цукеркі, бо яны ня толькі парушалі інтэлектуальныя правы, але і маглі быць небясьпечнымі для здароўя.
Літоўская мытня штотыдня пераймае тавары, толькі звычайна праблемы паўстаюць не пры ўвозе ў Беларусь, а наадварот, пры ўвозе ў Літву зь Беларусі. Адной з найбольш вострых праблемаў ёсьць кантрабанда тытунёвых вырабаў. Летась літоўская мытня перахапіла 226 мэтэазондаў з кантрабанднымі цыгарэтамі, а ў сакавіку сёлета падала статыстыку за тры першыя месяцы 2025 году, за якія перахапіла 122 паветраныя балёны.
Кантрабандныя цыгарэты зь Беларусі ў Літву ў велізарных колькасьцях ідуць ужо некалькі гадоў. Агульны кошт нелегальнага тавару складае мільёны эўра. Рэкорд зафіксаваны ў 2022 годзе, калі ў Літве спынілі чатыры фуры больш як з 3 мільёнамі пачкаў беларускіх цыгарэт. Страты ў выглядзе нясплачаных Літве і ЭЗ падаткаў ацэньвалі тады ў 9,77 млн эўра.
Форум