Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расейская мова ад інтэлігента — інтэлектуальная здрада»


Онлайн-канфэрэнцыя з Глебам Лабадзенкам
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:09 0:00
Наўпроставы лінк

Глеб Лабадзенка пра Зянона Пазьняка і Паўла Севярынца, ці можна абараніць судамі беларускую мову, ці мае права беларускі інтэлігент гаварыць па-расейску і дзе знайсьці беларускага Цмока.

На сайце Свабоды адбылася онлайн-канфэрэнцыя з літаратарам і журналістам Глебам Лабадзенкам, які нядаўна выйграў суд супраць ЖЭСу за адмову адказваць на афіцыйны зварот па-беларуску.

Поўны тэкст онлайн-канфэрэнцыі вы можаце прачытаць тут, а тут мы прапаноўваем вам выбраныя адказы Глеба Лабадзенкі на пытаньні нашых чытачоў.


Пра вынікі суду

«Як жа мы адвыклі жыць у прававой дзяржаве, калі справядлівае рашэньне суду на карысьць чалавека «з нашага боку барыкад» успрымаецца падазрона, з налётам тэорыі змовы. Прыпамінаю, як у горадзе павесілі білборды «Смак беларускай мовы», «Размаўляйце па-беларуску» і да таго падобныя. Знайшліся людзі, якія пачалі называць гэта цынізмам уладаў, шыльдавасьцю, імкненьнем пыл у вочы пусьціць… Дык трэба разабрацца: хочам мы, каб у горадзе віселі білборды па-беларуску, ці не?..

Думаю, што ў дадзеным выпадку з ЖЭСам рашэньне абумовілі некалькі чыньнікаў. Найперш — абсалютная, дакумэнтальна даказаная віна адказчыка. Па-другое — судзьдзі відавочна ніхто не тэлефанаваў і не даваў інструкцыі. І па-трэцяе — зоркі правільна сталі )

…Прыняцьця гэтай папраўкі многія неабыякавыя людзі, найперш Таварыства беларускай мовы на чале з Алегам Трусавым, дамагаліся доўга. Мяркую, улады маглі прадбачыць, як скарыстаюць гэтую папраўку «агалцелыя нацыяналісты». Тое, што два гады пасьля прыняцьця закону не было судовых прэцэдэнтаў, — даволі дзіўна. Мажліва, калі суды пойдуць дзясяткамі, у іх там нешта стрэльне. Аднак пакуль гэты пункт закону ёсьць, карыстацьмем зь яго!»


Пра Пазьняка

«Стаўлюся зь вялікай павагай. Зянон Пазьняк — чалавек, які назаўсёды ўвайшоў у гісторыю Беларусі і зрабіў у свой час вельмі шмат. У сёньняшнім становішчы нашай нацыі пра лідэраў увогуле казаць не выпадае — не магу назваць ніводнага. Аўтарытэты — так. Паважаныя і заслужаныя людзі — так. Калі б у нас быў нацыянальны лідэр, мы б ня мелі 18 год тое, што маем».


Пра мову

«Мы з вамі мусім, самае галоўнае, — захоўваць і намагацца памнажаць. Пра гэта падрабязьней я пісаў тут.

Ведаючы, як душылі мову суседзі і з захаду, і з усходу, — мусім улічваць досьвед тых, хто нават у такіх варунках ухітраўся нешта рабіць. З розных прычын традыцыя беларускамоўнай інтэлігенцыі не такая даўгая, як нам хацелася б. Але я, напрыклад, не гатовы адмовіцца ад Вітаўта і Міцкевіча толькі таму, што яны, магчыма, не гаварылі па-беларуску. Да іх такія прэтэнзіі выстаўляць, скажам так, негістарычна. Сёньня іншая сытуацыя, і руская мова ад інтэлігента, у прыватнасьці гуманітарыя, — інтэлектуальная здрада. Бо няма тут чым апраўдваць. Вырасьлі ў Савецкім Саюзе — ня вырасьлі, гадавалі вас на Пушкіну — не гадавалі. Калі ты за 20 год не зразумеў, наколькі важная мова — дык нешта з табой ня тое.
Мусім не скуголіць, а дзейнічаць у тых умовах, што ёсьць

Зразумела, што пры наяўнасьці палітычнай волі адраджаць мову было б прасьцей. Але мусім не скуголіць, а дзейнічаць у тых умовах, што ёсьць. Не чакаць лепшага часу, бо губляем гэты. Мы ня ведаем, колькі ўсё гэта яшчэ працягнецца. Мусім дзейнічаць!»


Пра сваю эміграцыю

«За мяжою даволі хутка пачынаю скуголіць ад тугі. Занадта шмат тут усяго, што ня возьмеш з сабою. Магчымасьці зваліць былі. Аднак сам бы лічыў сябе пасьля гэтага здраднікам, які ўцёк з поля бою. Хоць вандраваць вельмі люблю, шмат дзе пабыў».


Пра Цмока

«Самы пазытыўны прыклад — тое, што 14 верасьня ў Лепелі ў гарадзкім парку на беразе возера адкрыюць помнік Цмоку. Гэта — заслуга мясцовага краязнаўцы, апантанага чалавека Ўладзімера Шушкевіча.

Цмок жыве ў народзе. І калі перагледзіце матэрыялы на cmok.budzma.org — пераканаецеся. Асабліва раю паглядзець відэа ў апошнім матэрыяле.

Тлумачым людзям, што Цмок — гэта нашыя паданьні, нашая даўніна. Бываюць прыкрыя выпадкі — напрыклад, у Камянецкай вежы нам няветліва адмовілі. Хоць мы не зьбіраліся прыкалочваць шыльду на помнік архітэктуры ХІІІ ст. — а проста хацелі яе пакінуць у музэі, каб турысты фоткаліся. Але такія выпадкі адзінкавыя, у цэлым стаўленьне вельмі пазытыўнае — у тым ліку і з боку дзяржаўных музэяў.

А атрыбутыку з Цмокам можна знайсьці, напрыклад, у Пружанах — бо ў іх Цмок на гербе. Альбо ў Жлобіне — дзе мясцовая фабрыка шые якіх хочаш цацачных Цмокаў».


Пра Севярынца

«Павал Севярынец — адзін з самых сьветлых і шчырых людзей, якіх я ведаю. Да таго ж ён разумны і харызматычны. За ўсіх казаць не хачу, але я пайсьці за ім гатовы. Ведаю і шмат іншых людзей, якія гатовыя».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG