Лінкі ўнівэрсальнага доступу

108 дзён у засьценках КДБ: кіпень ужо не раскоша, вяртаюся ў маладосьць, аповед Некрашэвіча


Цэнтральны будынак КДБ у Менску
Цэнтральны будынак КДБ у Менску

Радыё Свабода публікуе разьдзелы кнігі Анатоля Лябедзькі «108 дзён і начэй у засьценках КДБ».

8 сакавіка, аўторак

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Нарадзіўся у 1961 г. у вёсцы Трылес Стаўбцоўскага раёну Менскай вобласьці. Скончыў факультэт гісторыі і францускай мовы Менскага пэдагагічнага інстытуту, юрыдычны факультэт БДУ.

Дэпутат Вярхоўных Саветаў Беларусі 12-га і 13-га скліканьняў.

Адзін з ініцыятараў спробы імпічмэнту прэзыдэнта (1996).

Ад 2000 г. — старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Сустаршыня Палітычнай Рады Аб’яднаных дэмакратычных сіл.

За ўдзел у палітычнай дзейнасьці неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці.

Жанаты, мае сына.

Пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў быў затрыманы ў ноч на 20 сьнежня 2010 г. у Менску і зьмешчаны ў СІЗА КДБ.

Яму выставілі абвінавачаньне ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках.

6 красавіка 2011 г. вызвалены зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе.

23 жніўня крымінальная справа супраць яго была спыненая.

Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Лябедзьку вязьнем сумленьня.
Ніякіх прыкмет жаночага сьвята ў СІЗА не заўважана. Так, гендэрны дысбалянс праяўляецца нават у гэтым. 23 лютага, у Дзень абаронцы Айчыны, уся адміністрацыя была як начышчаны самавар. І рысам частавалі. Можа, гэтыя праявы носяць кропкавы характар і накіраваныя канкрэтна на жаночы кантынгент «амэрыканкі». Як мінімум у дзьвюх камэрах з васямнаццаці знаходзяцца жанчыны.

На волі ў гэты дзень мы, як правіла, накрывалі сьвяточны салодкі стол, і ўжо колькі гадоў запар я дарыў нашым мілым дамам кругляк літоўскага сыру. Такая вось традыцыя. Са смакам сыру. Хацелася б, каб яна не перапынялася і сёньня.

З раніцы засеў пісаць ліст. І перш за ўсё падзякаваў за духмяную бэльгійскую гарбату Галіне. Знайшоў «смачныя» словы для Рыты і Эндру за іхнюю нябеснай смакаты літоўскую каўбасу. Калі людзі зь іншых дзяржаў знаходзяць магчымасьць абазначыць свае сымпатыі, сваё суперажываньне, то ўяўляю, колькі неабыякавых зь Беларусі спрабуе дастукацца да дзьвярэй «амэрыканкі». У гэтым пляне я не адчуваю сябе адзінокім і забытым. І гэта здорава!

Нарэшце знайшоў сьляды амэрыканскіх вітамінаў. Нейкі час таму яны былі абвешчаныя ў вышук. Я ўжо схіляўся да думкі, што іх элемэнтарна заныкалі, але ў пошуках праявіў упартасьць і настойлівасьць, і сёньня ў маёй прысутнасьці слоік зь вітамінамі, набыты мной у Вашынгтоне, быў знойдзены ў далёкім куце шафы з мэдыкамэнтамі. Вітаміны як мінімум аказваюць пазытыўнае псыхалягічнае ўзьдзеяньне. А пры нашым бедным і аднастайным рацыёне ёсьць і безумоўная карысьць ад насычэньня арганізму дэфіцытнымі мінэраламі.

Увечары перадалі ліст ад Сьвятланы. Яна ацаніла мае паэтычныя патугі.

«Каханы, дзякуй за вершы! Гэта найлепшы падарунак за ўвесь гэты час! Я чытала і плакала. Нэрвы наагул ужо на мяжы, нават сама гэта заўважаю.

Сёньня неяк незаўважна для сябе прахадзіла па горадзе да трэцяй гадзіны. Ішла паўз той будынак, дзе ты сёньня, і раўла ад болю, ад крыўды і злавалася на ўвесь белы сьвет, хоць сьвяціла сонца і дзень быў цудоўны...»


* * *

Калі пра будні «амэрыканкі», то сёньня перадаў дадому сваю «брудную пасылку» — майкі, ручнікі, швэдар, пару вязаных шкарпэтак. Не люблю, калі вакол мяне брудна, і няважна, пра брудны посуд ідзецца, нямытую адзежу ці нячышчаны абутак. Так што падставу для майго задаволенага настрою можна зразумець.

На прагулцы было шмат сонца. Ня цёпла, але ўжо камфортна. Для фізычных заняткаў — сама тое. І так прыемна лавіць тварам сонечных пасланьнікаў. Зьверху, у праёме аконнай нішы, прымаў сонечную ванну Лёлік. Цяпер ён прылятае практычна кожны дзень. Пяром адчувае вясну. Распушыўся. Расхарахорыўся. Пагаварыў зь ім пра надвор’е, пра вясновы настрой. Пасьля вяртаньня са шпацыру чыркануў абзац у аповед пра Лёліка і некалькі вершаваных радкоў.

На дэсэрт выпіў дзьве конаўкі духмянай гарбаты. Мы ўсё ж такі дажылі да часу, калі кіпень — ужо не раскоша і не дэфіцыт
Увечары вярнуўся да пачатага надоечы ліста.

«Калі-нікалі нахлыне смутак, але імкнуся кіраваць эмоцыямі. Самапавага і годнасьць заўсёды былі для мяне істотнымі. Жыву зь верай у сэрцы, і гэта, як і пачуцьці да родных і блізкіх, умацоўвае мой аптымізм».

* * *

На вячэру быў малочны суп. Гэта мне даспадобы. Заўсёды быў аматарам гэтай стравы, і ў дзяцінстве з усіх супоў, баршчоў аддаваў перавагу малочнаму супу. На другое адрэзаў сьціплы кругляк каўбасы. Не таму, што больш ня хочацца, а таму, што ўсё разьмеркавана на тыдзень наперад. Пытаньне харчовай бясьпекі абвастрылася да рэжыму жорсткай эканоміі. На дэсэрт выпіў дзьве конаўкі духмянай гарбаты. Мы ўсё ж такі дажылі да часу, калі кіпень — ужо не раскоша і не дэфіцыт.


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





9 сакавіка, серада

Увечары раптам уключылі кнопку доступу да БТ. Як на заказ. І проста на інфармацыйную перадачу. Вядучая пакрыўджаным голасам паведаміла, што ўсім адвакатам дадзена зялёнае сьвятло па доступе да фігурантаў «справы 19 сьнежня». І, маўляў, калі хтосьці не карыстаецца гэтым правам, то гэта пытаньне да адвакатаў, а не да дзяржаўных структураў. Прагучала як апраўданьне. Значыць, нейкае варушэньне па нашых справах ёсьць.

* * *

Перайшоў на рэжым штодзённага лістапісаньня. Цяпер гэтай добрай справай і займаюся.

«Сьвеця, не магу і не хачу табе загадваць ці чытаць натацыі. Але плакаць ня трэба! Магу прыняць толькі сьлёзы шчасьця і радасьці.

У апошні час многімі зроблена шмат, каб у маім сэрцы пасялілася нянавісьць. Але яе там няма. Я сам зьдзіўляюся. Ужо сёньня я ўпэўнены, што з гэтай сытуацыі мы выйдзем больш моцнымі, больш уважлівымі адзін да аднаго. Несправядлівасьць робіць мяне больш адказным у адносінах да іншых».


* * *

Што сказаць? Вяртаюся ў маладосьць. Гэта да пытаньня пра зьнешнасьць. І калі адрослае шчаціньне пускаю пад лязо брытвы кожны аўторак і чацьвер, то шавялюра — недатыкальная
Аўторак — час і магчымасьць паглядзець на сябе ў люстэрка. Паглядзеў. Што сказаць? Вяртаюся ў маладосьць. Гэта да пытаньня пра зьнешнасьць. І калі адрослае шчаціньне пускаю пад лязо брытвы кожны аўторак і чацьвер, то шавялюра — недатыкальная. Спачатку пераконваў сябе, што так цяплей (і гэта праўда), ну, а цяпер ніякіх тлумачэньняў няма, ёсьць проста нязвыкла доўгія валасы.

* * *

Перагарнуў апошнюю старонку «Камо грядеши» Сянкевіча. Паспрабаваў апавяданьні Шукшына. Не пайшло, але адгукнулася ўспамінамі пра паездку на Алтай, радзіму Васіля Макаравіча. Улетку мінулага году на канфэрэнцыю ў Барнаул запрасіў Валодзя Рыжкоў. І паездка запомнілася. Праўда, сам горад нічым асаблівым не зачапіў. Хіба што помнік ахвярам палітычных рэпрэсіяў у самым цэнтры. Неяк нязвыкла для расейскай глыбінкі, якая ўсё больш спэцыялізуецца на Леніных, Калініных ды Сьвярдловых. Зрэшты, яны ж — галоўная гістарычная славутасьць і беларускіх плошчаў. Што ў сталіцы, што ў ціхай глушы.

Але паездка ў горны Алтай — гэта нешта. Пабываць у гэтых мясьцінах і не закахацца ў іх немагчыма.

Жылі мы проста на беразе Цялецкага возера. Гэта ўвогуле нешта фантастычнае! Звышгранічна прыгожае. Узімку мядзьведзі на пятай кропцы спускаюцца з гор проста да возера. Паветра ў гарах такое, што дурманіць. Невыпадкова Пуцін нагледзеў тут месцайка для сваёй рэзыдэнцыі.

* * *

Ну, а ў нас тут зусім іншыя водары. Далёка не горнаалтайскія. Вось бы цяпер хвілін хоць на пяць на бераг Цялецкага возера — і зрабіць хоць пару глыткоў горнага паветра! Пацягнуў носам раз, другі... І рашуча прапанаваў праветрыць камэру. Настолькі рашуча, што гэта ня выклікала ніякіх пярэчаньняў.


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





10 сакавік, чацвер

Учора нас пакінуў Сан Саныч. Пайшоў па этапе. Разьвіталіся душэўна. Мы шчыра пажадалі яму як найхутчэйшага вяртаньня дадому. Ён адказаў тым жа. Увечары мне ніхто не прапанаваў згуляць у косьці. На тумбачцы засталася акуратна раскрэсьленая табліца, так і не запоўненая да канца. Побач белыя кубікі ў чорную крапінку. Было сумна. За вячэрай паднялі за Сан Саныча па конаўцы гарбаты — хай усё ў яго складзецца добра!

Прывялі новенькага. У кайданках. І ўжо адзін гэты факт магніціць увагу. Гадоў трыццаць, плюс-мінус. Вельмі незвычайны. Кантрасны. Як бы два розныя чалавекі ў адной цялеснай абалонцы. Шырачэзныя плечы і схіленая галава. Напампаваныя ногі і сагнутыя калені
Сёньня ж у нас падсяленьне. Адразу і не скажу, каторае ўжо па ліку. Прывялі новенькага. У кайданках. І ўжо адзін гэты факт магніціць увагу. Гадоў трыццаць, плюс-мінус. Вельмі незвычайны. Кантрасны. Як бы два розныя чалавекі ў адной цялеснай абалонцы. Шырачэзныя плечы і схіленая галава. Напампаваныя ногі і сагнутыя калені. Жывыя вочы і зацкаваны позірк. У ім дзіўным чынам спалучаюцца фізычная сіла і нейкая душэўная нядужасьць. Ня ведаю, можа, гэта падман першага ўспрыманьня. Пры кожным гуку ўздрыгвае і напружваецца. А калі ўзяць пад увагу, што гукаў-стукаў тут больш чым дастаткова, то напружаньне і нэрвовасьць рэжуць вока. На нас глядзіць неяк спадылба. Маўклівы. Інфармацыю прыйшлося выцягваць празь перакрыжаваны апытальнік. І вось што атрымалася.

У Алега Некрашэвіча, так прадставіўся новенькі, усё па-сур’ёзнаму. Яго падазраюць ва ўчыненьні забойства. Прычым пра беларускую пэнітэнцыярную сыстэму ён ведае не зь міліцэйскіх сэрыялаў. Першы раз трапіў у калёнію праз залішнюю гарачнасьць і абвостранае пачуцьцё справядлівасьці. У рэстаране нейкі юрлівы дзядзька пачаў лапаць ягоную маладую жонку. Не стрымаўся! І цяпер паўтарэньне пройдзенага? Вось пункты ягонага этапу: сьледчы ізалятар у Чарнігаве, СІЗА ў Віцебску, Навінкі («санаторый» для тых, у каго праблемы з псыхікай) і «амэрыканка». Мяркуючы па ягоным аповедзе, хлопец з прыстойнай сям’і. Бацька — даволі буйны прадпрымальнік на Віцебшчыне, валодае некалькімі перапрацоўчымі прадпрыемствамі. Бізнэс сямейны. Сам жа Алег апошнім часам «акучваў» Чарнігаўшчыну, меў ва ўласнасьці элеватар. Усё выглядала надзейным і ўстойлівым.

З жартамі і падколкамі пакуль ня вельмі выходзіць. Алег на ўсё рэагуе сур’ёзна. Гэта або спадчыннае, або набытае ў нейкіх жорсткіх абставінах
Ён не распавядаў шмат пра падрабязнасьці прад’яўленага абвінавачаньня, але цьвёрда рэзюмаваў, што гэта адкрытая «падстава» і спроба выдаіць адкупныя з бацькоўскага бізнэсу.

Як бы там ні было, нам трэба будзе жыць у адной маленечкай замкнёнай прасторы. Алегава мінулае крыху насьцярожвае. Прызнаюся, першай маёй думкай было, што падсялілі яго да нас невыпадкова. Ад чалавека з такім мінулым, з такім артыкулам абвінавачаньня, з такімі фізычнымі дадзенымі можна чакаць чаго заўгодна. Таму ў першыя гадзіны мы напружыліся, сканцэнтраваліся, але ўжо падвечар пачалі паволі жартаваць з новенькага. Ня жыць жа з думкай, што ў камэру ён накіраваны са злым намерам. А калі запраграмавана горшае, то яго не абмінуць. Яго трэба пераадолець, а яшчэ лепш — абясшкодзіць.

З жартамі і падколкамі пакуль ня вельмі выходзіць. Алег на ўсё рэагуе сур’ёзна. Гэта або спадчыннае, або набытае ў нейкіх жорсткіх абставінах.

Уначы я некалькі разоў прачынаўся і зьверху ўніз касіў вокам на навічка. І ня толькі я. Каранеўскі таксама спаў абачліва і час ад часу сканаваў суседа зьнізу. Дый кантралёры праявілі павышаную цікавасьць да нашага новага суседа.

* * *

Учорашняе ўключэньне беларускага тэлебачаньня было разавым. Сёньня нас зноў частуюць тэлепрадуктам, зьляпаным на «РусТВ». Але арганізм катэгарычна адмаўляецца яго засвойваць. Гук прыбралі, і кожны заняты сваімі надзённымі справамі. Я наводжу парадак у справах папяровых.


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





11 сакавіка, пятніца

Шостая раніцы. Навічок аказаўся лёгкі на пад’ём. Выкінуў з-пад коўдры трэніраванае цела, упэўненымі рухамі заправіў пасьцель. Калі прыйшоў час сьняданку, спрытна падхапіў міскі з кашай, апярэдзіў усіх з запраўкай збана вадой. Адным словам, скарыў нас сваім працоўным энтузіязмам. Але, як выявілася, гэта былі яшчэ толькі кветачкі...

Драіў усё, што траплялася пад рукі. Спачатку гэта было тое, што выконвае функцыю стала. Потым дайшло да сьцен. Аказалася, што ў іх усё-ткі ёсьць колер — мяккі сьветла-салатавы, але ён быў схаваны пад слаямі часу і бруду
Пасьля ранішняга агляду Алег паторкаў пальцам у сьценку, правёў ім па байніцы акна, агледзеў бэтон пад нагамі і... прапанаваў зрабіць генэральную прыборку. Дакладней, папрасіў у нас дабро. Спачатку мы пакруцілі галовамі туды-сюды: быццам бы і так усё чыста. Але калі ёсьць такое гарачае жаданьне папрацаваць анучай, то хто ж супраць? Алег тут жа закасаў рукавы, агаліўшы ручышчу малатабойцы. Потым зрабіў рэвізію мыйных ды чысьцільных сродкаў і ўзяўся за справу. Ён выціраў, не, правільней — чысьціў, не, дакладней — драіў усё, што траплялася пад рукі. Спачатку гэта было тое, што выконвае функцыю стала. Потым дайшло да сьцен. Аказалася, што ў іх усё-ткі ёсьць колер — мяккі сьветла-салатавы, але ён быў схаваны пад слаямі часу і бруду.

Назіраючы за Алегам, мы зразумелі, што гэты чалавек мае патрэбу ў занятку, напоўненым сэнсам і дзеяньнем. Ён кайфаваў, ён цешыўся. І, галоўнае, гэта быў ужо зусім іншы чалавек у параўнаньні з тым, якога мы ўбачылі напярэдадні. Ну, а мы таксама атрымлівалі задавальненьне ад мэтамарфозаў з нашым новым суседам.

Пераканаўшыся, што навакольнае асяродзьдзе, то бок мы, рэагуем добразычліва і ўдзячна, Некрашэвіч пусьціў нас да сябе ў душу. Душу, якая ледзь не пакінула цялесную абалонку.

Я зразумеў, што больш не магу. Або трэба падпісваць прызнальныя паказаньні, або... Карацей, выцягнулі мяне зь пятлі. Я ўжо быў дзесьці па дарозе на нябёсы
Аповед ягоны ўразіў! Я б сказаў, ашаламіў. Нават тут, у гэтых нечалавечых умовах, ён гучаў злавесна. Гаварыў Алег ціха, адчувалася, што ўспаміны даюцца нялёгка. І ў той жа час яму хацелася выгаварыцца, не трымаць унутры сябе тое, што зьбіралася месяцамі.

— У віцебскім СІЗА мяне забівалі. Мэтадычна і мэтанакіравана. У гэта былі ўцягнутыя і адміністрацыя, і падсьледныя, усё жывое і ўсё, што ходзіць на дзьвюх нагах. Прыходзіць дзяжурны. Падымае недакурак з падлогі. Хто курыў? Усе як адзін паказваюць на мяне. Адзінага, хто ня курыць. У карцэр! Толькі выйшаў з клапоўніка, зноў кантралёр — з хусткай у руках. Правёў па нарах. Хто дзяжурны? Усе пальцамі тыкаюць у мяне. У карцэр! Гэта было невыносна. Дзень пры дні. З раніцы да вечара. Так мяне прымушалі прызнацца ў зьдзяйсьненьні таго, чаго я не рабіў. І я зразумеў, што больш не магу. Або трэба падпісваць прызнальныя паказаньні, або... Карацей, выцягнулі мяне зь пятлі. Я ўжо быў дзесьці па дарозе на нябёсы. Пасьля гэтага ад мяне вырашылі пазбавіцца. Закавалі ў кайданкі і пад узмоцненай аховай адправілі ў Менск. Пайшоў па руках людзей у белых халатах. Спачатку была псыхушка, потым бальніца. Пракапалі, пракалолі, пралячылі, і вось я тут. Нагледзеўся і там усякага. Ня ведаю, як не звар’яцеў, як усё гэта вытрымаў. Пасьля таго як мяне этапавалі з Украіны ў Беларусь, я ўпершыню бачу нармальныя твары, бяз злосьці і агрэсіі. Я перастаў верыць людзям, ад іх чакаю толькі правакацыяў і паскудзтваў.

Здаравенным кулачышчам ён выцер сьлязінкі. Аказваецца, мужчынам сьлёзы могуць быць да твару! Прынамсі, ёсьць сытуацыі, у якіх яны натуральныя.

Мяне самога гэты аповед расчуліў да пяршэньня ў горле. Вось што можа зрабіць сыстэма з чалавекам фізычна моцным і, здавалася б, загартаваным знаходжаньнем у месцах ня надта аддаленых.

Я паспрабаваў «насунуць» на сябе Алегаву сытуацыю, і, трэба сказаць, паперлі думкі з зарадамі і плюс, і мінус. З аднаго боку, маё становішча ў сто разоў лягчэйшае. Нас шмат, да нас прыкаваная ўвага калі не паловы сьвету, то паловы Эўропы. Мы верым у тое, што робім. Нават многія з нашых катаў нас паважаюць. А Алег сам-насам са сваімі праблемамі. Ні міжнароднай салідарнасьці, ні шырокай падтрымкі, ні грамадзкага рэзанансу і ўвагі.

Зь іншага боку, трэба разумець: тое, з чым мы сутыкнуліся ў СІЗА КДБ, яшчэ ня дно. І часы Берыі — Цанавы — неперагорнутая старонка.

Алега трымалі ў напружаньні 24 гадзіны ў суткі. Якут і Баптыст ажылі. Пачаткоўца прымушалі спаць тварам да дзьвярэй, рукі — над коўдрай. Гэтай ноччу мы ўсе некалькі разоў прачыналіся, калі кантралёры патрабавалі, каб Некрашэвіч павярнуўся тварам да вочка. Усе Алегавы перамяшчэньні за межамі камэры — толькі ў кайданках. Сёньня нават у закупораным дворыку ён шпацыраваў у жалезных бранзалетах. Аказваецца, тое, што ўжывалася да мяне на працягу некалькіх тыдняў у студзені, гэта прапісана ў нейкіх інструкцыях і тычыцца асабліва небясьпечных рэцыдывістаў. Людзей, здольных на ўсё!


ПАРАРЕЛЬНЫ СЬВЕТ




Папярэднія разьдзелы

Ноч разарваў доўгі званок...

Начны штурм і «Hilton-амэрыканка»

Грахоў на дзесяцёх, праблемы з вадой і каналізацыяй

Маскарад, першы раз у душы

І ў прыбіральні няма спакою, камэра асаблівага рэжыму, хованкі з пракурорам

«Народная воля» ў камэры, адпускаюць дадому, бег ланцугом

Правакацыя зь «біятуалетам», прынцып «або ўсё, або ніхто», аголены на расьцяжцы

Успаміны пра 2006-ты, псыхоляг-патолягаанатам, нікатынавы Чарнобыль

Крыкі з «пакоя катаваньняў», як выкрадалі Аліневіча, турэмны фітнэс

Абмянялі на Фядуту, характарыстыкі Статкевіча, новыя суседзі

«Сакрэты» Радзінай і Бандарэнкі, шчасьце мець кіпень, выхаваньне холадам, без Аляксандра

Зьяўленьне Арастовіча, аналітык камітэту, засьмярдзела шантажом

Дуліна пратэсту, эпідэмія Адамовіча, катаваньні Баптыста, непапраўны і таму беспэрспэктыўны

Чырвоная паласа, біяграфія пабоеў, фільм пра фонд Маршала

Цырульня за кратамі, парады парадзіхам, Правадыр Лябедзька

Пра Чаргінца, казіно ў «амэрыканцы», «Саўбелія» шырокага ўжытку, канцлягер і прытон пад адным дахам

Партрэты турэмнікаў, Бальзак замест кавы, «Анатоль, танцуй!», Яроменак у камэры

Салідарнасьць Яроменка, пра Сьнегіра, у войска па блату

Маёр Вазьняк, жудасныя маразы, Арастовіч сышоў, чарговы «алігарх»

Акліматызацыя Каранеўскага, сьмех з камэры катаваньня, яшчэ 5 месяцаў за кратамі, «Не коверкайте белорусский язык!»

Сон пра Міхалевіча, лісты вяртаюцца, лекцыя «Лукашызм на экспарт»

Віншаваньні бацьку, ці не надакучыла змагацца, голуб Лёлік

Уцёкі Міхалевіча, «маскі» зьніклі, як бомж на сьметніку

З(а)гадкі 19 сьнежня, лісты з эмблемай EPP, затапіла камэру, начныя жахі


Раманоўскі атрымаў «пяцёрку», прысьніўся Ганчар, хачу праўды!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG