Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ашмянскага фэрмэра забралі і забілі 600 сьвіней


www.Shutterstock.com
www.Shutterstock.com

Захады супраць распаўсюду вірусу афрыканскай чумы сьвіней у выглядзе масавага зьнішчэньня пагалоўя з калгасных фэрмаў і прыватных падворкаў абарочваюцца ня толькі матэрыяльнымі, але і маральнымі стратамі. Фэрмэр з Ашмянскага раёну на Гарадзеншчыне Іван Гарлуковіч у адзін дзень страціў усё, да чаго ішоў доўгія гады, — сьвіны статак у 600 галоў. Як жыць далей? Разам са збанкрутаваным фэрмэрам такім пытаньнем задаюцца ўсё больш беларусаў.

Аднавяскоўцы Івана Гарлуковіча ў шоку: вэтэрынары за дзень усыпілі ўсіх сьвіней у гаспадарцы пасьпяховага прадпрымальніка. На фэрме ў вёсцы Навапольле пад Ашмянамі, дзе раней віравала жыцьцё, цяпер магільная ціша:

«Так, усіх забралі, падчыстую. Цяпер у вёсцы, мусіць, ні ў кога сьвіней не засталося — людзі са страху пакалолі бяз часу, каб толькі не аддаваць. У нас тут у асноўным старыя жывуць, дык і так няшмат трымалі, можа, хаты дзьве-тры. Але і тыя ўсіх парэзалі».

Карэспандэнт: «А ў фэрмэра шмат сьвіней было?»

«Ну, так, дзесьці 600 зь лішкам галоў. Была вялізная сьвінафэрма. Таму ўдар быў для яго вельмі моцны».

Ну, як забралі? Не забралі, а закапалі, зьнішчылі, нічога не пакінулі...
Сам Іван Гарлуковіч да размоваў ня надта ахвочы — ад такой страты адысьці няпроста. Запытваю — дык ці сапраўды забралі ўсё падчыстую?

«Ну, як забралі? Не забралі, а закапалі, зьнішчылі, нічога не пакінулі... Але ведаеце, не хачу я гаварыць гэта па тэлефоне...»

Марыя Антонаўна, маці пацярпелага фэрмэра, у роспачы: столькі гадоў руплівай працы сына закапана разам з усім статкам:

«Усіх забралі, мой ты панок, няма ніводнага (плача). І гэта ж ні карантыну ніякага не было, нічога. Выклікалі гарадзенскіх лекараў, тыя сказалі, што ходзіць нейкая чума ці штосьці такое. А цяпер людзі гавораць, як хто хоча. Я во толькі з касьцёла, дык чула, як казалі — гэта ён наўмысна зрабіў, нейкай атруты даў сьвіньням. Што за глупства? Нашто ж так абгаворваюць? Божа мой, божачка. Я дык, вядома, ужо старая, што мне адмерана — большага ня трэба. Цяпер прашу ў божанькі, каб толькі майму сыночку паслаў здароўечка. Павінна ж быць нейкая справядлівасьць. Падумаць толькі — усю фэрму забралі! Можа, хоць нешта падкінуць — жыць за што?»

І хоць на Гарадзеншчыне карантын афіцыйна абвешчаны толькі ў вёсцы Чапунь Івейскага раёну, геаграфія барацьбы зь вірусам афрыканскай чумы імкліва пашыраецца. Як у выпадку з гаспадаркай Івана Гарлуковіча, якая дагэтуль фармальна не трапляла ў небясьпечную зону, «сьвіныя ліквідатары» працуюць у Валожынскім, Карэліцкім, Наваградзкім, а цяпер і ў Ашмянскім раёнах. Апроч таго, татальная зачыстка падворкаў ідзе ў шэрагу рэгіёнаў Менскай, Берасьцейскай і Віцебскай абласьцей.

16 тысяч рублёў за кіляграм — такую абяцалі кампэнсацыю
Найбольш балючыя для людзей пытаньні — ня толькі прымусовае зьнішчэньне сьвінога пагалоўя, што наўпрост адбіваецца на харчовай бясьпецы, а і абяцаная кампэнсацыя стратаў. Як кажуць жыхары вёскі Козевічы побач з «чумным эпіцэнтрам» у Чапуні, сьвіней у іх забралі яшчэ пры канцы чэрвеня, а грашовых разьлікаў няма дагэтуль:

«16 тысяч рублёў за кіляграм — такую абяцалі кампэнсацыю. І тое з умовай: якое само пала — за яго, натуральна, нічога, але якое прымусова забіраюць — здаровае ці нездаровае — за тых абяцалі заплаціць. Бо гэтыя службы не цырымоняцца: усыпляюць — і забіраюць».

Карэспандэнт: «Выглядае, што сама меней год нельга будзе сьвіней трымаць?»

«Ды што год? Можа, два, а можа, і тры. Ніхто ня ведае. Нехта казаў, што менш як на два гады можаце нават не разьлічваць. Але некаторыя настройваюць, што тры гады — гэта яшчэ добра будзе».

Паводле інфармацыі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня, афрыканскую чуму сьвіней занесьлі ў Беларусь разам з імпартаванымі камбікармамі. Аднак жыхары пацярпелых вёсак лічаць, што вірус прыйшоў з Налібоцкай пушчы, вакол якой і гуртуюцца ачагі афрыканскай чумы:

«Адкуль гэтая навала? А хто ж яго ведае! У нас тут людзі думаюць, што ад дзікоў зь лесу прыйшла, адкуль яшчэ гэтая чума магла зьявіцца? Бо ў нас тут столькі дзікоў, уявіць сабе ня можаце: бульба была, дык ня толькі поле, усе дарогі вакол перарылі. А потым мор пачаўся: да апошняй хаты ў вёсцы парасяты прыйшлі ды ўсе паздыхалі пад плотам. Забіралі адтуль днямі. Дык калі ўжо гэтая зараза дзікоў узяла, то хатніх сьвіней тым больш паваліць. Было, калі дажджы моцныя лілі з боку лесу, парнасьць пайшла, мокра было, то ўсё гэта, відаць, і прынесла заразу».

Некалькі месяцаў беларускія ўлады хавалі інфармацыю пра вірус афрыканскай чумы сьвіней. Калі ў красавіку пачалі прыходзіць весткі пра масавы забой сьвіней на сьвінакомплексе «Ўсходні» ў Баранавіцкім раёне, чыноўнікі запэўнівалі: падзеж не перавышае санітарных нормаў, падставаў для панікі няма. Пасьля ж таго, як расейскія вэтэрынарныя службы на падставе ўласных аналізаў пацьвердзілі, што ў Беларусі зафіксаваная ўспышка афрыканскай чумы, мясны імпарт сьледам за Расеяй прыпынілі Ўкраіна, Літва і Латвія.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG