Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат пра Варламава: Фартуна адвярнулася ад яго

абноўлена

Саша Варламаў
Саша Варламаў

Адвакат Павал Піваварык просіць апраўдаць мадэльера Аляксандра Варламава. У судзе абвешчаны перапынак да 5 ліпеня.

12:20 Судовыя спрэчкі скончаныя. Перапынак да 5 ліпеня. Пракурор Загароўскі адмовіўся ўступаць у спрэчку з адвакатам.

12:15 Эпізод пра няплату падаткаў за навучаньне на курсах. Варламаў прызнаў віну што да гэтага эпізоду.

Адвакат згодны, што маглі быць пэўныя памылкі ў налічэньні падаткаў, але пры гэтым ён ня згодны з абвінавачаньнем.

Адвакат згадвае паказаньні каля 30 чалавек, якія казалі, што пералічылі грошы за навучаньне праз банк. «Але сьледзтва не даказала, што гэтыя грошы Варламаў атрымаў».

Піваварчык мяркуе, што сума няплаты — 45 мільёнаў рублёў, якую налічыла сьледзтва, — недакладная і завышаная, а значыць, не набіраецца мінімум у 35 мільёнаў, звыш якога наступае крымінальная адказнасьць. Таму па гэтым эпізодзе адвакат просіць апраўдаць Варламава.

12:05 Эпізод з крадзяжом грошай у супрацоўнікаў Цэнтру моды БДУ.

Піваварчык кажа, што фіктыўнага працаўладкаваньня супрацоўнікаў не было: яны выконвалі тыя ж функцыі, што і раней у «Агенцтве моды Сашы Варламава», — праводзілі фэстываль. Ім за гэта налічылі тую ж зарплату.

Паводле сьведак Кавалеўскай, Віткоўскага, Квяткоўскага, яны маглі траціць грошы са сваіх картак і самі.

Прычым Варламаў плаціў ім грошы своечасова, у поўным памеры і нават больш, толькі не ў рублях, а ў валюце.

Адвакат мяркуе, што крадзяжу не было.


11:40 У 2008 годзе грошы на паездкі выдзелілі, але ня выдалі своечасова. Варламаў знайшоў сродкі і аплаціў.

2009 год. Паездка ў Нямеччыну. Варламаву давялося аплачваць тэхнічны бок пры паўторным паказе беларускіх мадэляў. У Аўстрыі ў тым жа годзе Варламаў застаўся вінен 7 тысяч даляраў за паказ.

Люты 2010 году. вэцыя і Літва. Варламаў нёс страты за тых, хто быў звыш нормы — 8 чалавек. У красавіку 2010 году ў Нямеччыне Варламаву давялося пакрываць страты на паказы ў «Рускім Доме» — на подыюм, на фуршэт. Адвакат спаслаўся на сьведку, якая бачыла, як Варламаў даплачваў 100 эўра на фуршэт.

2010 год — паездкі ў Чэхію, Аўстрыю і Літву. Варламаў мусіў аплаціць арэнду залі ў Празе, хоць паказ не адбыўся. У той паездцы Варламаў вярнуў 7 тысяч даляраў, якія быў вінен аўстрыйцам.

Перад паказам мод у Бэрліне быў праведзены сход, на якім усе прагаласавалі за тое, каб патраціць сутачныя на аплату паказу. На гэта пайшло 10,5 тысяч эўра.

У выніку, што да эпізоду пра камандзіровачныя, адвакат лічыць, што ў дзеяньнях Варламава не было складу злачынства, бо ён гэтыя грошы не забіраў сабе, а выкарыстоўваў на патрэбы фэстывалю. Таму адвакат просіць суд апраўдаць Варламава і па гэтым эпізодзе.

11:35 Аўстрыя і Чэхія, 2007 год. Паехалі 69 чалавек, а грошы выдзяляліся на 62 — за астатніх плаціў Варламаў. Зноў у яго былі выдаткі на тэхнічнае забесьпячэньне паказаў, арэнду клюбу, стаянку, фуршэт у Празе.

11:25 Далей Піваварчык разьбірае акалічнасьці паездкі ў Швэцыю ў 2007 годзе. Спачатку было заяўлена, што ўсе страты лягуць на прымальны бок, але ў выніку большую частку заплаціў Варламаў: ён плаціў за браніраваньне гатэля, за страхоўку. 61 чалавек ехаў у тую паездку, але БДУ зэканоміў на сутачных прыкладна па 10 эўра на кожнага. Розьніцу аплачваў Варламаў, як і пражываньне вадзіцеляў.

11:15 Адвакат разглядае эпізод пра камандзіровачныя ўдзельнікаў паездак, якія, паводле сьледзтва, прысабечваў Варламаў.

Піваварчык заўважае, што спачатку сродкі на паездкі ўвогуле не выдзяляліся ў патрэбным памеры і тады сродкі выдаваліся Варламаву, бо ён выкарыстоўваў іх на тэхнічныя патрэбы фэстывалю:

«У Варламава не было карысьлівай мэты завалодаць гэтымі сродкамі, ён іх траціў на патрэбы фэстывалю. Таксма ён плаціў гэтыя грошы на пражыцьцё журналістаў і вадзіцеляў, бо на гэта насамрэч не выдзяляліся грошы».

Таксма Варламаву даводзілася браць больш людзей у паездкі, каб забясьпечыць якасць паказаў моды, а гэта значыць — несьці дадатковыя страты. Вось і ў першых паездках, прыкладам, пры паказе моды ў Бэрліне, у «Галері Лафает» — там ужо былі значныя дадатковыя страты, якія пакрыў Варламаў.

Піваварчык спасылаецца на дакумэнты з 6-га тома справы, дзе БДУ пацьвярджае, што сутачных выдзелілі недастаткова, камандзіровачных на ўсіх удзельнікаў не выдзелілі. Плюс Варламаву давялося аплачваць тэхнічнае забясьпячэнье паказу мод у «Рускім доме», друкаваную прадукцыю — гэта, паводле Варламава, было больш за 10 тысяч эўра, якія выдзялілі. Адвакат спасылаецца на сьведак-кіроўцаў, якія гэта пацьведзілі.

11:10 Далей Піваварчык зьвяртаецца да эпізоду пра рэкляму. Сьледзтва мяркуе, што Варламаў выкарыстоўваў рэкляму фэстывалю «Млын моды», якую аплачваў БДУ, для рэклямы свайго «Агенцтва моды Сашы Варламава».

Тут адвакат таксама спасылаюцца на тое, што ў Варламава не было паўнамоцтваў заключаць дамовы, у тым ліку на рэкляму з БТ, на складаньне каштарысу дамоў, як сьцьвярджае сьледзтва.

Таксама Піваварчык ня лічыць, што рэкляма была схаванай, мела нейкі іншы сэнс. Адвакат і па эпізодзе аб рэкляме просіць суд апраўдаць Варламава.

11:00 Павал Піваварчык пачаў дасьледаваць доказы па пэўных эпізодах. Першы — гэта выкарыстаньне плошчаў ліцэя БДУ для правядзеньня платных заняткаў у «Агенцтве моды Сашы Варламава». Паводле Піваварчыка, у гэтым эпізодзе сьледзтва прыпісала Варламаву злоўжываньне паўнамоцтвамі, якімі той ніколі не валодаў.

Паводле адваката, Варламаў праводзіў платныя заняткі ў ліцэі БДУ як аўтар праекту «Млын моды». Бясплатна праводзіць такія заняткі ён ня мог, бо трэба было пліціць выкладчыкам, а ў Цэнтру моды БДУ на гэта не было сродкаў. Таму Варламаў правадзіў заняткі праз прыватнае ўнітарнае прадпрыемства «Агенцтва моды Сашы Варламава».

Піваварчык просіць суд апраўдаць Варламава па эпізодзе аб плошчах ліцэя БДУ, бо ў дзеяньнях падсуднага адсутнічае такая прыкмета, як «злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі».

10:20 — 11:00 Адвакат Павал Піваварчык пачаў выступ з таго, што ягоны падаабронны «не зусім звычаны чалавек» — «за ягоным лёсам даўно сочаць людзі, ведаюць яго як выдатнага мадэльера, арганізатара фэстывалю «Млын моды».

Паводле Піваварчыка, ў Варламава ужо ў канцы 1990-х гадоў быў вялікі аўтарытэт, які дазваляў яму весьці вялікія, дзяржаўнай значнасьці праекты, яму давяралі як простыя мадэлі, так і дзяржаўныя чыноўнікі высокага ўзроўню.

Згадаў, што Варламаў паказваў свае мадэлі яшчэ ў Крамлі ў прысутнасьці Гарбачова, у Бэрліне — на подыюме, даўжэй за кілямэтр, які трапіў у кнігу рэкордаў Гінэса.

21 раз пад ягоным кіраўніцтвам ладзіліся фэстывалі «Млын моды» .

Але, паводле адваката, «фартуна адвярнулася ад Аляксандра Леанідавіча і ён апынуўся на лаве падсудных».

Адвакат мяркуе, што «няма дыму без агню, ёсьць падставы разьбірацца ў тых памылках, якія нарабіў Варламаў, але кваліфікацыя ягоных учынкаў занадта дрэнная».

Паводле адваката, сьледзтва рабіла ўсё, каб «накапаць» нэгатыў на ягонага падабароннага, яшчэ да канца расьсьледаваньня сьледчыя былі ўпэўненыя ў ягонай віне.

Паводле адваката, сьледчыя незаконна высьвятлялі дадзеныя пра асобаў, якія ня маюць дачыненьня да справы, прыкладам, сваякоў. Непрыемна было і тое, што Варламава сьледчыя спрабавалі выставіць «алькаголікам і скандалістам», што не адпавядае рэчаіснасьці. Станоўнчыя характарыстыкі сьледчых не цікавілі. У выніку прадузятасьці сьледчых узьнікла маса праблемаў пры ацэнцы доказаў у гэтай справе, лічыць адвакат.

Галоўная праблема, што сьледчыя спрабавалі даказаць, што вялікія грошы, на сотні мільёнаў рублёў, ён нібыта прысабечыў. Гаворка ў тым ліку пра сутачныя, якія выплачваў БДУ удзельнікам фэставалю.

Адвакат заўважае, што па гэтых сродках у сьледзтва выявіліся супрэчнасьці: адначасова і махлярства і выкарыстаньне службовых паўнамоцтваў для крадзяжу больш як мільярда рублёў.

Далей Піваварчык аналізуе паўнамоцтвы кіраўніка Цэнтру моды БДУ, наколькі яго можна было лічыць службовай асобай. Паводле адваката, ў Варламава былі толькі паўнамоцтвы для вырашэнья кадравых пытаньняў і правядзеньня фэстывалю. Але на складаньне каштарысаў, заключэньне дамоў паўнамоцтваў не было. Гэта, на думку адваката, зьніжае спупень ягонай адказнасьці.

Піваварчык: Нават кантракту ў Варламава не было, яго ніхто не знаёміў зь ягонымі службовымі паўнамоцтвамі.
Піваварчык: Нават кантракту ў Варламава не было, яго ніхто не знаёміў зm ягонымі службовымі паўнамоцтвамі.

Пры гэтым адвакат спасылаецца на словы сьведкі, былога рэктара БДУ Стражава, які прызнаў, што гэта была сур’ёзная памылка БДУ.

Фактычна Варламаў быў не службовай асобай, а толькі аўтарам праекту «Фэстываль „Млын моды“», рэжысэрам гэтага фэстывал., мяркуе адвакат.

Прыклад: ніводны дакумэнт, які падпісаў Варламаў, не нясе юрыдычных наступстваў для трэціх асобаў — усе дакумэнты зацьвярджаюцца вышэйшымі інстанцыямі.

«Ён ня меў правоў кіраваць маёмасьцю, грашовымі сродкамі — заўсёды мусіў дзеля гэтага зьвяртацца да іншых службовых асобаў», — адзначае адвакат.

10:00 Антон Загароўскі, прадстаўнік боку абвінавачваньня, напярэдадні папрасіў для Варламава 5 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці і забаронай займаць кіроўныя пасады. Пракурор прасіў суд прызнаць Варламава вінаватым ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў і эканамічных злоўжываньнях.

Паводле адваката, прысуд па справе варта чакаць у 20-х днях ліпеня. Больш за 3 тыдні суду трэба для напісаньня выраку.

Былога кіраўніка фэстывалю «Млын моды» арыштавалі ў траўні 2011 году і з таго часу ўтрымліваюць пад вартай.

Варламаву выстаўлена абвінавачваньне паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод якіх махлярства і крадзёж у асабліва буйным памеры.

Ён прызнаў сваю віну толькі ў нясплаце падаткаў.

Сьведкамі і пацярпелымі ў справе праходзяць 800 чалавек.

Судзьдзя на працэсе — Надзея Навіцкая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG