Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працэс Варламава: пацярпелыя кажуць пра ціск сьледчых

абноўлена

Саша Варламаў
Саша Варламаў

У Ленінскім судзе Менску працягваецца працэс над мадэльерам Сашам Варламавым, якога вінавацяць у прысваеньні грошай.

10.16 Пачаўся допыт пацярпелага Яўгена Віткоўскага, супрацоўніка цэнтра моды БДУ.

Віткоўскі распавядае пра заробкі, якія атрымліваў у Варламава.

Пачынаў з 100 даляраў на месяц, потым было больш (з 2007-га — каля 100 далярааў, потым ад 200–300 эўра, у 2008–2009 гадах — 400 эўра). Распавёў, што скончыў курсы пры цэнтры моладзевай моды, плаціў, квіток яму прапаноўвалі, але ён ня браў.

Працаваў старшым інспэктарам. Пракурор пытаецца: ці адпавядала яго адукацыя такой пасадзе? Пацярпелы сказаў, што ён вучыўся ў ВНУ, але ягоная пасада не патрабавала вышэйшай адукацыі.

Пракурор: Ці перадавалі вы Варламаву грошы, якія атрымлівалі праз картку ад БДУ?

Перадаваў нейкія грошы, заробак у рублях ад БДУ, але потым прасіў у яго на свае патрэбы. «Фактычна ён мне вяртаў тыя грошы і нават даваў больш». Ад БДУ атрымліваўся заробак каля 50 эўра ў валюце.

Віткоўскі займаўся падрыхтоўкай візаў, афармленьнем іншых дакумэнтаў і рознымі арганізацыйнымі пытаньнямі: «Бегаў як кур’ер па кабінэтах, бо ў бюракратычнай сыстэме гэта ўсё вельмі доўга».

Быў таксама «грамадзкім касірам». Атрымліваў у касе БДУ грошы — сутачныя на групу — расьпісваўся. Згадаў пра суму 30 мільёнаў. якія атрымаў і перадаў Варламаву. Папрасіў у яго расьпіску.

Пракурор: Вам казалі, што вы не павінны казаць людзям, што ім патрэбны сутачныя?

Віткоўскі: Не.

Пра сутачныя ведаў, але не атрымліваў іх. Варламаў у яго не пытаўся, ці можна яму не плаціць. «Я сам не прасіў гэтыя грошы. Падчас адпачынку Варламаў плаціў мне грошы, таму я не пытаўся».

Праўда, на допытах Віткоўскі казаў, што ўсе заробкі супрацоўнікаў цэнтру моды БДУ Варламаў забіраў, пасьля таго як тыя здымалі грошы праз картку. А плаціў супрацоўнікам Варламаў сам у капэртах, валютай.

Згадаў, як запатрабаваў ад Варламава расьпіску за грошы, якія перадаў яму на паездку — каля 30 мільёнаў. Паведаміў, што грошы на сутачныя Варламаў нікому ніколі не перадаваў. «Калі б мы адмовіліся, Варламаў бы нас звольніў».

З паказаньняў на сьледзтве: «Мы шмат разоў казалі Варламаву, што гэта незаконна, што ён гуляе з агнём, калі не выдае сутачныя людзям, але ён нас слухаць не хацеў і мог звольніць у любы момант».

«Лічу, што мае правы былі парушаныя, мне не выдавалі сутачныя», — сьведчыў пацярпелы Віткоўскі.

З паказаньняў пацярпелага пра Варламава падчас сьледзтва: «Ён запальчывы, не трымае слова, злоўжывае алькаголем. У яго нетрадыцыйная сэксуальная арыентацыя».

Віткоўскі кажа, што даваў гэтыя паказаньні ў месцах зьняволеньня: «Мяне асудзілі на 8 гадоў за злачынства, якога я не рабіў. Вы ведаеце, як там пытаюцца? Прыводзяць і прымушаюць казаць». (Раней ад пракурора прагучала інфармацыя, што Віктоўскі быў затрыманы ўправай па незаконным абарачэньні наркатычных рэчываў).

Прагучала ў паказаньнях, што «Варламаў асабіста знаў кіраўніка тэлебачаньня Зімоўскага» і сустракаўся зь ім наконт рэклямы.

Прадпрыемствы «Камінтэрн», «Купалінка», «Палесьсе» зьвярталіся да Варламава, каб даў мадэляў для паказу моды, і ён гэта рабіў, але мадэлям нічога не плаціў.

Пацярпелы казаў на сьледзтве, што Варламаў «атрымліваў прыбытак ад свайго агенцтва», карыстаючыся рэклямай, якая была аплачаная зь дзяржаўных сродкаў БДУ.

Варламаў слухае паказаньні пацярпелага Віткоўскага, былога супрацоўніка «Млына моды», стоячы. Ён абапіраецца на кіёк. За час паседжаньня сёньня Варламаў стаіць ужо трэці раз. Падымаецца і сядае зь цяжкасьцю.

Пацярпелы: «Памятаю той допыт у лютым 2012 году. Пачалі раніцай. Быў вечар, а допыт усё працягваўся. Сьледчы даводзіў да мяне, што трэба сказаць».

Варламаў: «Я тут прысутнічаў пры дзіўнай падзеі і хачу зрабіць заяву. Я ведаю, што Яўгена дапытвалі на „Валадарцы“... Увесь час да яго ішлі пагрозы. Мяне зьбіраліся біць на допытах. І яго таксама».

Судзьдзя да пацярпелага: «Тут на вас ёсьць ціск?»

Пацярпелы: «Не».

Судзьдзя: «Там на вас ціснулі?»

Пацярпелы: «Ціснулі, але ня білі».

Варламаў: «Але на падставе такіх паказаньняў мяне на паўтара месяца запёрлі ў Навінкі, нібыта я вар’ят і алькаголік».

Пачалі зачытваць яшчэ адзін пратакол — допыту 29 ліпеня 2012 гада. Гэта было ўжо пасьля вызваленьня пацярпелага, якому пакараньне зьмянілі на «хімію».

На тым допыце, кажа Віткоўскі, ціск на яго не аказваўся, але сьледчы ўвесь час пытаўся: «А чаму вы не хацелі атрымліваць сутачныя?»

Ён казаў сьледчаму, што ня мае прэтэнзій да Варламава, але сьледчы ўдакладняў у яго, ці лічыць ён усё ж, што гэта парушэньне закону. І з гэтым ён пагаджаўся.

На допыце ў жніўні ён казаў, што была дамова з Варламавым, што грошы, якія ён зарабляе ў БДУ, ён яму аддае. А потым той дае яму ў валюце. «Мне так было зручна. Варламаў гэта прапанаваў, і я пагадзіўся», — кажа Віткоўскі цяпер.

Сказаў, што ў БДУ не налічваліся прэміі за фэстывалі. «Быў толькі жабрацкі заробак і нейкія прэміі па 50 тысяч».



10.15 Пацярпелая Бітэль прыйшла на паседжаньне і заявіла, што хоча забраць заяву, яна ня лічыць сябе больш пацярпелай. Яна ня мае прэтэнзіяў да Варламава.

У залі — 8 чалавек: 3 журналісты, сястра Варламава, астатнія — пацярпелыя.

Апошнія тыдні ў судзе апытваюць пацярпелых. Бальшыня зь іх адмаўляецца ад фінансавых прэтэнзіяў да Варламава. Аднак ёсьць і такія, хто хоча атрымаць грошы, якія былі выдаткаваныя як сутачныя для замежных камандзіровак.

Шмат хто з тых, хто ўжо выступіў у судзе, казаў, што сьледчыя ціснулі на іх у часе допытаў, каб давалі паказаньні супраць Варламава.

Раней Саша Варламаў прызнаў сваю віну толькі ў нясплаце падаткаў.

Былога кіраўніка фэстывалю «Млын моды» абвінавацілі, між іншага, у крадзяжы ў вялікім памеры праз злоўжываньне службовым становішчам.

Сьведкамі і пацярпелымі ў справе праходзяць 800 чалавек.

Варламаў быў арыштаваны ў траўні 2011 году і з таго часу ўтрымліваецца пад вартай.

Судзьдзя — Надзея Навіцкая

Адвакат — Павал Піваварчык

Адзін з пракурораў — Антон Загароўскі
— той самы, які прадстаўляў бок абвінавачаньня ў працэсе над былым кандыдатам у прэзыдэнты Андрэем Саньнікавым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG