Калесьнікаву, як і большасьць іншых вызваелных палітвязьняў, вывезьлі ва Ўкраіну. Зь ёй ўжо пагутарыла па тэлефоне яе сястра Тацяна Хоміч.
Доўгі час палітзьняволеная Марыя Калесьнікава была ў рэжыме інкамунікада, (без сувязі з вонкавым сьветам).
43-гадовая палітзьняволеная адбывала пакараньне ў гомельскай жаночай калёніі № 4. Раней яе каралі пераводам у памяшканьне камэрнага тыпу і штрафны ізалятар.
Па стане на жнівень 2025 году была інфармацыя ад жанчын, якія выйшлі з калёніі, што Маша знаходзілася ў Гомельскай калёніі ў атрадзе, працавала швачкай. Акрамя таго, у яе больш за 2,5 года не было адваката.
У турмах і сьледчых ізалятарах Беларусі ўтрымліваецца каля 1300 чалавек, якіх праваабаронцы лічаць палітычнымі зьняволенымі.
Перасьлед Марыі Калесьнікавай
Марыю Каленьнікаву пакаралі 6 верасьня 2021 годау да 11 гадоў пазбаўленьня волі. Яна была сьпікерам і кіраўніком выбарчага штабу Віктара Бабарыкі на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году. Пасьля яго затрыманьня далучылася да каманды Сьвятланы Ціханоўскай і стала адной з прадстаўніц аб’яднанага штабу разам зь Веранікай Цапкалай, жонкай яшчэ аднаго не дапушчанага да ўдзелу ў выбарах прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Валерыя Цапкалы.
7 верасьня 2020 году Калеснікава была схопленая ў цэнтры Менску і на наступны дзень вывезеная на мяжу з Украінай. Адмовілася ад прымусовай высылкі за мяжу, парваўшы свой пашпарт, пасьля чаго была зноў затрыманая.
У лістападзе 2022 году Калеснікаву экстрана праапэравалі ў Гомельскай гарадзкой клінічнай бальніцы хуткай мэдычнай дапамогі, куды даставілі ў цяжкім стане. У яе дыягнаставалі пэрытаніт (запаленьне брушыны), які стаў ускладненьнем прабадной язвы. Тады ж яна бачылася з бацькам — ён наведваў яе ў мэдчастцы.
Іх наступная сустрэча адбылася толькі 12 лістапада 2024 году.
У інтэрвію BBC 23 кастрычніка таго году ў Казані (РФ), дзе праходзіў саміт BRICS, Аляксандр Лукашэнка заявіў аб гатоўнасьці разгледзець прашэньне Калесьнікавай аб памілаваньні. Хоміч заявіла, што сям’я вітае гатоўнасьць разгледзець заяву аб памілаваньні.
Што трэба ведаць пра вырак Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку
Прысуд палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку вынесьлі 6 верасьня 2021 году. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.
Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:
- змова з мэтай захопу ўлады;
- заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
- стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.
Працэс заняў 17 паседжаньняў.Віны ніхто з палітвязьняў не прызнаў.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.
Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.