У мінулую нядзелю я цытаваў ліст, які даслала на Свабоду былая старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Тамара Віньнікава. Яна адклікнулася на дыскусію, распачатую Міхілам Неўдахам зь Нясьвіжу — пра тое, як успрымаюцца ў грамадзкай сьвядомасьці былыя высокія начальнікі, якіх Аляксандар Лукашэнка, спачатку прызначыўшы, потым пазбаўляе і пасадаў, і асабістай свабоды. Я казаў пра тое, што і нашая пошта, і шматлікія сацыялягічныя апытаньні сьведчаць аб прыхільным стаўленьні вялікай колькасьці насельніцтва да такіх адставак. Прычым, незалежна ад таго, якія аргумэнты агучвае Аляксандар Лукашэнка, даючы санкцыю на арышты, і якія контараргумэнты выказваюць потым, пасьля судоў і турмаў, ягоныя былыя сябры і паплечнікі, што ператварыліся ў ягоных жа зацятых ворагаў.
На дыскусію адгукнуўся палітоляг Аляксандар Фядута зь Менску. У 1994 годзе спадар Фядута займаў значную пасаду ў прэзыдэнцкай адміністрацыі — быў кіраўніком управы грамадзка-палітычнай інфармацыі. Добраахвотна сышоў у адстаўку пасьля гісторыі зь “белымі плямамі”, якія зьявіліся ў цэнтральных газэтах на месцы, дзе павінен быў публікавацца антыкарупцыйны даклад дэпутата Антончыка. Аляксандар Фядута ў сваім электронным лісьце на Свабоду піша:
“Дазвольце ўключыцца ў спрэчку пра беларускіх алігархаў, якія маглі зьявіцца, але не зьявіліся. Вельмі хацелася бы, каб вашыя слухачы зразумелі галоўнае: алігарх у Беларусі ёсьць. Паколькі пад алігархамі ў цяперашнім палітычным слэнгу маюцца на ўвазе пэрсоны, якія кантралююць фінансавыя патокі й адначасова надзеленыя ўладай, дык імя адзінага беларускага алігарха — Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка. Толькі ён адрозьніваецца ад Міхаіла Барысавіча Хадаркоўскага тым, што яго немагчыма пасадзіць у турму (ён жа сам турмы і кантралюе). Ды яшчэ інтэлігентнасьці і акуляраў не хапае. У астатнім — акула акулай.
Сапраўды, хто кантралюе ў Беларусі тэлебачаньне? Ня “Гусь” зь “Бярозай”, а Лукашэнка. Хто кантралюе гандаль зброяй? Лукашэнка. Хто кантралюе банкі, прамысловыя гіганты, транзыт? Ён жа. Так што патлумачце, калі ласка, сваім слухачам: пакуль яны гэтага не зразумеюць, яны і будуць жыць на сваю жабрацкую пэнсію і зарплату. Бо толькі падзел улады і фінансавага кантролю здольны прымусіць уладу працаваць у інтарэсах не самой сябе, а падаткаплатніка. Зрэшты, як мы памятаем, такія, як аўтар працытаванага вамі ліста, і прагаласавалі ў 1996 годзе супраць таго, каб органы дзяржаўнай улады фінансаваліся выключна зь бюджэту”.
Ня думаю, спадар Фядута, што для кагосьці ў Беларусі ёсьць сакрэтам тое, што Аляксандар Лукашэнка кантралюе ўсе сфэры эканомікі і грамадзкага жыцьця, і ў гэтым сэнсе, сапраўды, ёсьць адзіным у краіне алігархам. Усё гэта навідавоку — няма ні патрэбы, ні сэнсу пераконваць кагосьці ў гэтым. Нават і сама ўлада гэтага асабліва не хавае. Праблема ў тым, ці лічыць большасьць грамадзтва такое становішча заганным, ненармальным, недапушчальным? Ці дамагаецца, каб улада была падзеленая, каб розныя галіны гэтай улады ўраўнаважвалі і кантралявалі адна адну? Ці бачаць людзі выйсьце са свайго жабрацкага становішча ў палітычнай рэформе, справядлівых выбарах, зьмене ўлады? Пытаньні гэтыя ва ўмовах Беларусі, на жаль, рытарычныя.
На гэтую ж тэму — электронны ліст ад Валерыя Грыцука зь Менску. Слухач піша:
“Паважаны спадар Валянцiн! Мяне лiтаральна прымусiла напiсаць гэты лiст ваша дыскусія з Тамарай Вiньнiкавай. Вельмi дзiўна слухаць такiя крыўды былых паплечнiкаў Лукашэнкі. Я перакананы, што настане час,- i на беларускiм “нюрнбэргскiм” судовым працэсе ўсе высокiя ўрадоўцы будуць таксама вельмi “пакрыўджаныя” высунутымi супраць іх абвiнавачаньнамi... Другое. Адносна радасьцi так званых “простых” людзей з нагоды арыштаў высокіх начальнікаў. Большасьць грамадзянаў Беларусi не жадае думаць, аналiзаваць сутнасьці сытуацыi, але ў той жа час думае, як у тым анэкдоце: “Калi ўжо бяда і ў мяне адно вока павiнны выдраць, то ў суседа хай выдзеруць два”. Таму “пасадкі” начальнiкаў — гэта для многіх вялiкая радасьць, амаль наркотык”.
Валеры Грыцук зь Менску ў сваім лісьце таксама згадвае 1991 год, калі ён быў сябрам Камiсii Вярхоўнага Савету ў справе ГКЧП і правяраў сярод іншага рахункi банку “Беларусь”, дзе старшынёй была Тамара Вiньнiкава. Зьвесткі, якія, магчыма, кампрамэтуюць спадарыню Віньнікаву і якія вы, спадар Грыцук, прыводзіце далей у сваім лісьце, маюць патрэбу ў грунтоўнай праверцы і пацьвярджэньні. Бяз гэтага цытаваць іх не выпадае. Некарэктнымі я таксама палічыў вашыя здагадкі наконт таго, на якія грошы жыве цяпер спадарыня Віньнікава ў Лёндане.
Электронны ліст з Польшчы, з Гданьску, ад Сяржука Маліньскага. Ліст на Свабоду слухач напісаў таксама пад уражаньнем ад апошніх гучных адставак ды крымінальных справаў. Ён піша:
“Прынцыпы, якая выкарыстоўвае ўлада ў Беларусі у адносінах да людзей, ня толькі зьневажаюць чалавечую годнасьць, але і супярэчаць нормам Дэклярацыі правоў чалавека. Гэта можна бачыць на адносінах улады як да апазыцыі, так і да тых, хто ў мінулым былі яе прыхільнікамі. Вось цяпер пачалася чыстка дырэктарскага корпусу буйных прадпрыемстваў. Няўжо ўсе дырэктары — злачынцы? Што дрэннага ў тым, калі дырактар прадпрыемства, каб падтрымаць вытворчасьць, намагаецца наладзіць кантакты са спажыўцамі прадукцыі, выкарыстоўваючы пры гэтым усе магчымасьці?
А што можна казаць пра крымінальную справу супраць спадара Лябедзькі? Гэта абсурд. Чалавек выказаў асабістае стаўленьне да ўлады, якое грунтуецца на фактах, якія ўсім вядомыя. Пры гэтым ён не ўжываў якіх-небудзь брыдкіх словаў адносна прэзыдэнта. Тым часам, улады “шыюць” яму крымінальную справу, якая тычыцца абразы гонару прэзыдэнта. Урэшце, можа дайсьці да таго, што дастаткова будзе касога позірку на партрэт прэзыдэнта ці палітычнага анэкдота, каб трапіць у турму. А гэта ўжо — клінічны дыягназ уладзе! Сяржук Маліньскі, Гданьск, Польшча”.
Электронны ліст ад нашага слухача Алеся Супрынюка:
“Слухаю вашыя перадачы з усходняга ўзьбярэжжа Канады. Вось даведаўся, што Лукашэнка гаворыць пра так званую стабілізацыю беларускага рубля... Аб якой стабілізацыі ідзе гаворка? Незалежнымі эканамістамі падлічаны сапраўдны ўзровень інфляцыі, які ў Беларусі — самы высокі ва ўсёй СНД! На чым грунтуюцца такія выказваньні спадара Лукашэнкі? Сапраўдны прагноз стабільнасьці валюты можна зрабіць на падставе аналізу дадзеных валавога ўнутранага прадукту і аб’ёмаў зьнешняга экспарту... Каб павысіць ВУП і зьнешні экспарт, трэба наладзіць вытворчасьць якасных й канкурэнтаздольных тавараў. Аб якой канкурэнтаздольнасьці можна гаворыць, калі амаль уся прамысловасьць у дзяржаўным сэктары эканомікі грунтуецца на састарэлым абсталяваньні савецкага часу, а тым часам, кіраўніцтва краіны вядзе сапраўдную барацьбу з прыватным бізнэсам, які зьяўляецца крыніцай сапраўдных канкурэнтаздольных тавараў.
І апошняе — калі насельніцтва краіны аддае перавагу амэрыканскім далярам альбо эўра, гэта можа быць ўскосным паказчыкам даверу грамадзянаў да ўласнай валюты”.
Зрухі ў справе стабільнасьці беларускага рубля, Алесь, усё ж адбыліся, і істотныя. Беларусы добра памятаюць сярэдзіну і канец 1990-х гадоў, калі штогадовая інфляцыя складала сотні адсоткаў: беларускі рубель падаў адносна асноўных валютаў нават ня штодня, а па некалькі разоў на дзень. Летась узровень інфляцыі склаў 12%. Гэта, вядома, нямала ў параўнаньні з суседнімі краінамі, але ўсё ж утрая менш, чым было ў Беларусі ў 2001 годзе. Адначасова мяняецца і стаўленьне людзей да нацыянальнай валюты. Курс беларускага рубля адносна даляра апошнія паўгоду быў амаль нязьменны. Захоўваць свае ашчаджэньні ў банках у беларускіх рублях стала значна больш выгадна, чым у замежнай валюце.
Увогуле, беларускія ўлады ў справе стабілізацыі нацыянальнай валюты са спазьненьнем на дзесяцігодзьдзе паўтараюць усе тыя крокі, якія Польшча, краіны Балтыі і нават Расея прайшлі на пачатку і ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Праўда, тады беларускія ўлады называлі эканамічныя і фінансавыя рэформы ў суседніх краінах “антыгуманнай шокавай тэрапіяй” і абяцалі такім шляхам Беларусь ня весьці.
На заканчэньне кароткі ліст ад Вячаслава Сазонава з Баранавічаў. Ён піша:
“Ужо амаль чатыры гады слухаю ваша радыё. Дома ў мяне прыймач “Акіян-214”. Але я часта бываю ў камандзіроўках па Беларусі, а браць яго ў дарогу нельга: зламаны адсек для батарэек. Прыймач “Масон” кітайскай вытворчасьці, які я набыў у краме, кароткія і сярэднія хвалі ловіць вельмі кепска. Таму я хачу набыць добры прыймач — напрыклад, “Акіян-214”, бо толькі ён больш-менш якасна ловіць вашы хвалі. Але дзе яго набыць, ня ведаю. У нашых крамах яго няма”.
Сапраўды, спадар Сазонаў, вытворчасьць кароткахвалевых прыймачоў беларускай і расейскай вытворчасьці рэзка скарацілася, а на некаторых заводах увогуле спынілася. На саміх прадпрыемствах тлумачаць гэта зьніжэньнем попыту з прычыны даволі высокіх коштаў пры ня надта высокай якасьці. Кошт прыймача айчыннай вытворчасьці амаль зраўняўся з коштам значна больш якасных аналягаў вядомых заходніх фірмаў — “Томсан”, “Соні”, “Грундыг”. У менскіх крамах гэтыя прыймачы, як і айчынныя, можна знайсьці.
Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Мікалай Бельскі зь вёскі Малая Беліца Сеньненскага раёну, Мікалай Слуцкі зь Менску, Ірына Трафімава са Смаргоні і Валянціна Бузюк зь вёскі Рэцемля Наваградзкага раёну.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.