Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пасада кіраўніка справаў прэзыдэнта — месца для самазабойцы ці прайдзісьвета”


Валянцін Жданко, Менск

Самая гучная падзея апошніх дзён у Беларусі — звальненьне з пасады, а потым і арышт кіраўніцы справаў прэзыдэнта Галіны Жураўковай. Гэтая высокапастаўленая кабета лічылася вельмі ўплывовай асобай у атачэньні Аляксандра Лукашэнкі, і тое, што яе імя папоўніла сумны пералік вядомых арыштантаў, выклікала вялікі розгалас. Пачну з электроннага ліста на гэтую тэму, які даслаў на Свабоду Аляксей Бабко зь Нясьвіжу. Слухач піша:

“Толькі што пачуў па Свабодзе, што арыштавалі Галіну Жураўкову — кіраўніцу прэзыдэнцкіх справаў. Празь яе праходзілі сотні мільёнаў даляраў народных грошай. Так павялося яшчэ з часоў Івана Ціцянкова: чалавек на гэтай пасадзе меў у руках вялізны бізнэс — гандляваў і нафтай, і лесам, і рыбай, і цыгарэтамі... Хоць, напрыклад, за камуністамі кіраўнік справаў ЦК КПБ займаўся толькі рамонтам цэкоўскіх будынкаў ды дзяльбой кватэраў для намэнклятуры. Пасада гэтая, вядома, таксама была не абы-якая, але ці ж параўнаць з тым, што стала цяпер?

Хоць, як на мой розум, пасьля таго, што стала зь Ціцянковым і Жураўковай, на гэтую пасаду можа пайсьці толькі самазабойца альбо спрытны прайдзісьвет, які ўпэўнены, што здолее ўцячы за мяжу перш, чым яго арыштуюць. І што ж гэта за праклён такі над гэтай пасадай? Хто яе зрабіў такой небясьпечнай? Няўжо толькі блізкія выбары ўсяму віной? Бо, вядома ж, людзям падабаецца, калі кідаюць у турму такіх высокіх чыноўнікаў з такімі вялікімі грашыма”, — напісаў у сваім лісьце на Свабоду Аляксей Бабко зь Нясьвіжу.

Пасада гэтая, спадар Бабко, стала небясьпечнай тады, калі Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта і ягоны кіраўнік набылі надзвычайныя паўнамоцтвы ў бізнэсе: калі іх надзялілі льготамі, адгарадзілі ад справядлівай канкурэнцыі, зрабілі манапалістамі ў шэрагу прыбытковых сфэраў, аддалі самую прывабную нерухомасьць і шэраг вытворчых аб’ектаў. Гэтым самым была створаная надзвычай спрыяльная глеба для карупцыі й злоўжываньняў. І так будзе незалежна ад таго, хто займае гэтую пасаду — Ціцянкоў, Ганчарэнка ці Жураўкова — да таго часу, пакуль будзе захаваны гэты прывілеяваны стан структуры, якую бізнэсоўцы лічаць усемагутнай. Але рана ці позна кіраўніцтва справаў будзе займацца выключна тым, чым і павінна займацца — гаспадарчымі клопатамі адміністрацыі: дзяльбой кватэраў, рамонтам будынка і выдачай вёдраў прыбіральшчыцам... Вось тады пасада кіраўніка справаў і перастане быць небясьпечнай.

Алесь Шустоўскі з Барысава свой ліст на Свабоду напісаў з нагоды 15-й гадавіны вываду савецкіх войскаў з Афганістану, што адзначаецца 15 лютага.

“Тая ганебная вайна пэўны адбітак пакінула і на нашай сям’і. Адзін родны і два стрыечныя мае браты ў 1980–81-х гадах праходзілі ў Афганістане абавязковую вайсковую службу. Адзін са стрыечных братоў — падпалкоўнік Пётар Шустоўскі, які быў там вайсковым дарадцам, загінуў... Ягоныя жонка і дачка за сьмерць бацькі і мужа атрымалі потым грашовую кампэнсацыю — 15 тысяч рублёў. Даведаўшыся пра трагічную гібель любімага сына, у мястэчку Зэмбін Барысаўскага раёну неўзабаве памёр ягоны бацька (ня вытрымала сэрца).

...Грамадзянская вайна ў Афганістане працягваецца і па сёньня. Увёўшы туды амаль 25 гадоў таму свае войскі, Савецкі Саюз абсалютна нічога не заваяваў — хіба толькі ўбіў жалезны клін у цела афганскага народу. Гэта сказваецца нават цяпер. Калі чую ў эфіры паведамленьні пра тое, што, прыкладам, “Кабул ды іншыя паселішчы зноў абстрэльваюцца “непрымірымымі”, ведаю, гэта — працяг той вайны”.

Вайна ў Афганістане — апошняя, у якой вымушаныя былі ўдзельнічаць беларускія хлопцы. Пасьля 1989 году беларусы не ваявалі — прынамсі, улада іх да гэтага не змушала. Ці трэба казаць, што сытуацыя была б зусім іншая, калі б у 1991 годзе Беларусь ня стала незалежнай дзяржавай. Ведаю многіх людзей, якія лічаць гэта галоўнай вартасьцю незалежнасьці. І наўрад ці выпадае пераконваць у іншым, напрыклад, бацькоў, якія рыхтуюцца выправіць у армію адзінага сына і ўжо сёньня ведаюць, што служыць ён будзе ў Асіповічах, а не ў Маздоку і не ў Джэлалабадзе.

Павал Новік зь Менску свой ліст на Свабоду напісаў адразу пасьля тэніснага матчу на Кубак Дэвіса паміж камандамі Беларусі і Расеі.

“Ня маюць рацыі тыя твае журналісты, Свабода, якія ўжо каторы год далдоняць пра тое, што Лукашэнку ў ягоным захапленьні спортам не падтрымліваюць людзі. Яшчэ як падтрымліваюць. Спартыўныя перамогі, асабліва такія, як нядаўні разгром Мірным і Валчковым расейскіх тэнісістаў — гэта гонар для дзяржавы і для нацыі. Лукашэнка гэта разумее, а апазыцыя — не. Я не вялікі прыхільнік Лукашэнкі, але тое, што ён асабіста клапоціцца пра спартсмэнаў і падрыхтоўку да Алімпіяды, цалкам падтрымліваю. Бо падчас Алімпійскіх гульняў мяне ад тэлевізара за вушы не адцягнеш. І для людзей кожная значная перамога нашых спартсмэнаў — гэта вялікі ўздым нацыянальнага гонару. Незалежнай Беларусь робіць менавіта гэта, а не антырасейская гістэрыка Народнага Фронту”.

Пры ўсёй слушнасьці вашых, спадар Новік, развагаў, адначасова з захапленьнем спартыўнымі перамогамі ўзьнікаюць пытаньні і пра цану гэтых перамогаў. Так, журналісты павінны распавядаць пра выдатных спартоўцаў, пра тое, як рэагуе грамадзтва на іхныя дасягненьні, якое значэньне гэта мае для іміджу дзяржавы. Але, калі ўлада траціць, напрыклад, на будаўніцтва шматлікіх лядовых палацаў столькі грошай, колькі хапіла б на павелічэньне напалову мізэрных беларускіх пэнсіяў, пра гэта таксама трэба распавядаць.

Былы вайсковец Ільля Копыл зь Менску ў сваім новым лісьце на Свабоду разважае пра тое, зь якімі цяжкасьцямі могуць сутыкнуцца апазыцыйныя актывісты падчас выбарчай кампаніі, якая неўзабаве распачнецца ў Беларусі.

“У гарадах улада вынайшла просты спосаб, каб адрэзаць апазыцыйных агітатараў ад выбарцаў. Прытым, заплацілі за ўсё самі наіўныя кватэранаймальнікі. Гэта за іх кошт амаль ва ўсіх пад’ездах шматкватэрных дамоў усталявалі мэталічныя дзьверы і дамафоны. Уладу цікавіла не чысьціня ў пад’ездах (брудна як было, так і засталося). Галоўная мэта выказана ў рэклямным роліку, які часта паказваюць па тэлебачаньні: “Мэталічныя дзьверы выратуюць нас ад непажаданых наведнікаў”. А хто гэтыя непажаданыя для ўлады наведнікі? Вядома, апазыцыя. Яе такім чынам адрэзалі ня толькі ад кватэраў, але і ад паштовых скрынак. І ўсё ж у кожным пад’езьдзе знойдзецца кватэра, дзе прыхільна ставяцца да апазыцыі і адчыняць ёй дзьверы. А дзеля гэтага апазыцыйныя актывісты павінны ведаць сваіх прыхільнікаў”.

У сваім лісьце на Свабоду слухач таксама зьвяртае ўвагу на тое, што перад кожнай выбарчай кампаніяй лідэры апазыцыйных партыяў абяцаюць дайсьці да кожнага выбарца, але ў рэальнасьці, як падлічыў слухач, да яго за 13 апошніх гадоў агітатары завіталі толькі аднойчы. Гэта былі актывісты са штабу Віктара Ганчара, які, дарэчы, і стаў у выніку той кампаніі дэпутатам Вярхоўнага Савету. Астатнія кандыдаты ад апазыцыі абмяжоўваліся распаўсюдам нешматлікіх улётак. Прычым, займаліся гэтым пераважна “маладафронтаўцы” ды “зубры”, якім за гэта нярэдка давялося разьлічвацца затрыманьнямі ды буйнымі штрафамі.

Ваш, спадар Копыл, погляд на кампанію, якую разгарнулі гарадзкія ЖЭСы, даволі нечаканы. Дамафон у шматкватэрным доме — звычайная рэч для любога эўрапейскага гораду. Можа, і ня варта бачыць у гэтым палітычныя матывы ды злыя намеры ўладаў. Тым больш — вы самі мелі магчымасьць пераканацца ў тым, што апошняе дзесяцігодзьдзе актывісты апазыцыі не знаходзілі дарогі ў ваш дом зусім не з прычыны жалезных дзьвярэй і дамафону.

Наша слухачка Вольга Кацянкова зь Менску ў сваім лісьце на Свабоду падрабязна распавяла пра віцебскага апазыцыйнага актывіста Ўладзімера Плешчанку, як ўжо ня першы год наладжвае ў цэнтры гораду пікеты, пратэстуючы супраць палітыкі ўладаў. За гэта яго неаднойчы судзілі і каралі вялікімі штрафамі. У сваім лісьце Вольга Кацянкова, у прыватнасьці, піша:

“Чалавек змагаецца за незалежнасьць Беларусі, а яго цягнуць за гэта ў суд і пры гэтым нідзе не бяруць на працу, бо такое ўказаньне гарадзкіх уладаў. Уладзімер Плешчанка ігнаруе рашэньні суду, бо той жа суд парушае адпаведныя законы. Быў нават такі эпізод, калі пасьля чарговага звальненьня суд аднавіў яго на працы. Але ненадоўга: яго зноў звольнілі з той жа прычыны. Чаму ж улады душаць такіх патрыётаў? Чые гэта ўлады? Ці беларускія яны?”

Пытаньні, спадарыня Кацянкова, збольшага рытарычныя. Адчуваецца, што для сябе вы даўно маеце на іх адказы. Дадам толькі, што пра Ўладзімера Плешчанку як асобу сапраўду неардынарную мы даволі часта распавядаем у на хвалях Свабоды: сваімі грамадзянскімі ўчынкамі ён нярэдка дае для гэтага інфармацыйныя падставы.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Ўладзімер Гвара зь Лельчыцаў і Мікалай Слуцкі зь Менску. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG