Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чыноўнікам трэба плаціць столькі ж, колькі пэнсіянэрам”


Валянцін Жданко, Менск

Тэма, якая часта гучыць у нашай пошце некалькі апошніх гадоў — лёс зьніклых пры нявысьветленых абставінах беларускіх палітыкаў. Тое, як расьсьледуюцца справы аб гэтых загадкавых зьнікненьнях, які розгалас выклікалі яны ў сьвеце і як рэагуюць улады на спробы грамадзкасьці высьветліць праўду, спараджае нямала пытаньняў і здагадак. Вось які ліст на гэтую тэму даслаў нам Віталь Турцэвіч з Францыі, з гораду Вэнісо. Слухач піша:

“Пасьля таго, як быў апублікаваны даклад Хрыстаса Пургурыдэса “Зьніклыя асобы ў Беларусі”, ці засталіся яшчэ тыя, хто маюць сумнеў наконт зьніклых ды іхнага лёсу? Асабіста я ніколі не сумняваўся ў тым, хто прыклаў руку да гэтых злачынстваў. А калі прачытаў даклад з усімі падрабязнасьцямі і фактамі, быў вельмі ўзрушаны і дагэтуль не магу супакоіцца. Усё прыслухоўваюся да Свабоды з надзеяй даведацца пра нейкае рэагаваньне, зрухі, галасы... Не чуваць. Чаму?”

Далей у сваім лісьце Віталь Турцэвіч падрабязна выкладае плян, які, на ягоную думку, павінна цяпер ажыцьцяўляць апазыцыя:

“Трэба паспрабаваць давесьці да кожнага беларуса праўду, абапіраючыся на даклад Пургурыдэса. Адначасова неабходныя рашучыя патрабаваньні да міжнароднай супольнасьці — давесьці расьсьледаваньне справаў зьніклых да лягічнага канца. І нарэшце — адкрыты ліст ад усіх дэмакратычных сілаў Беларусі да расейскіх уладаў з патрабаваньнем не падтрымліваць рэжыму ў Беларусі, а дапамагчы ў выяўленьні праўды пра зьніклых. Расейскія ўлады і ФСБ добра ведаюць аб фактах зьнікненьняў. Яны павінны думаць і пра тое, як могуць складвацца адносіны Расеі й Беларусі пасьля таго, як у Менску зьменіцца ўлада”.

Аўтар гэтага пляну Віталь Турцэвіч не задаволены тым, што і грамадзтва, і апазыцыя надаюць тэме зьніклых, як ён лічыць, недастаткова ўвагі. Слухач піша:

”Вось толькі што слухаў па Свабодзе “Праскі акцэнт”, зноў гутарка пра выбары ў парлямэнт, магчымы рэфэрэндум, нейкія прагнозы... Не разумею, што адбываецца. Што мы за народ! Што яшчэ патрэбна, каб узварушыць нас? Калі вы расплюшчыце вочы? Ці самае галоўнае цяпер — падрыхтоўка да выбараў? Маё перакананьне такое: пасьля дакладу Пургурыдэса настаў час зрынуць раз і назаўсёды гэты злачынны рэжым на нашай беларускай зямлі”.

Думаю, спадар Турцэвіч, усе пункты вашага пляну ўжо даўно ажыцьцёўленыя. Дэмакратычныя сілы цягам апошніх трох гадоў прыклалі шмат намаганьняў, каб пра гэтыя зьнікненьні стала шырока вядома ў грамадзтве. Былі і адкрытыя лісты, і шматлікія акцыі, і звароты да міжнароднай і расейскай супольнасьці. Напэўна, у іншых краінах рэакцыя грамадзтва на ўсе гэтыя гісторыі магла быць іншая. Але я б не наважыўся сьцьвярджаць, што ўвесь той розгалас, які быў нададзены загадкавым зьнікненьням, быў бясплённым. Галоўны вынік — тое, што зьнікненьні спыніліся, што апошнія некалькі гадоў не было новых ахвяраў. Безь вялікай грамадзкай увагі гэта наўрад ці было магчыма.

Што да вашага скептычнага стаўленьня да выбараў і заклікаў, як вы пішаце, “зрынуць раз і назаўсёды гэты злачынны рэжым”. Заклік гучыць даволі дзіўна, асабліва калі ўлічыць, колькі людзей выходзіла апошнім часам на апазыцыйныя мітынгі. Але справа ня толькі ў гэтым. Ніякая ўлада ня можа лічыцца законнай, калі не абраная шляхам справядлівых і дэмакратычных выбараў.

Наш слухач Генрых Аўцюкевіч з Гарадзенскай вобласьці свой новы ліст напісаў пасьля таго, як даведаўся, што чыноўнікі дамагліся ад Аляксандра Лукашэнкі падвышэньня сваіх службовых акладаў. Слухач з гэтай нагоды піша:

“Зойдзеш у любы кабінет раённага ці абласнога выканкаму — і адразу па зьнешнім выглядзе чыноўнікаў зразумееш, як яны жывуць. Тое, што на хлебе ды вадзе не сядзяць, відавочна. Няхай бы зрабілі сабе такую зарплату, як нашы пэнсіі — 80–90 тысяч. Мы і так ледзь існуем. Калі б я атрымліваў столькі, як дробны выканкамаўскі начальнік — 150 даляраў, я б маўчаў. А яны крычаць, што мала, патрабуюць падвышэньня. Прэзыдэнт ня супраць. А за што ім плаціць? Вы ж задумайцеся — чаму ў нас магчымыя такія трагедыі, як нядаўняя краснапольская? Ды таму, што начальнікі крадуць усё і паўсюль. Цягнуць усё, каб пабудаваць сабе двухпавярховыя асабнякі. І ня бачыць гэтага прэзыдэнт ня можа”.

Адметна тое, што ініцыятары падвышэньня заробкаў чыноўнікам спасылаюцца на тыя ж аргумэнты, якія называеце ў сваім лісьце вы, спадар Аўцюкевіч. Маўляў, чыноўнікі масава бяруць хабар, бо ў іх нізкія заробкі. Адсюль робіцца выснова: давайце плаціць начальнікам столькі, каб у іх не было патрэбы красьці. Ёсьць, праўда, і іншае выйсьце, хоць пра яго ўлады гаварыць ня любяць: можна рэзка звузіць магчымасьці карупцыі, абмежаваўшы ўладу чыноўніка, адмяніўшы шматлікія ўзгадненьні, дазволы і даведкі, якія вымушаныя сёньня атрымліваць шараговыя грамадзяне ў чыноўніцкіх кабінэтах.

Ільля Копыл зь Менску свой новы ліст на Свабоду напісаў пасьля таго, як у адным з апошніх нумароў “Народнай волі” прачытаў зварот і перадвыбарную праграму кааліцыі “Пяцёрка плюс”. З нагоды прачытанага слухач піша:

“Дзіўна, што гэты зварот не падпісаны. Цяпер, калі вулічныя акцыі, мітынгі згорнутыя да нуля, кіраўнікоў партыяў сталі забываць нават тыя, хто заўсёды бралі ўдзел у тых акцыях. І калі лідэры партыяў заяўляюць, што рэйтынг Лукашэнкі падае, то гэта зусім не азначае, што адначасова павялічваецца падтрымка апазыцыі. Узрастае колькасьць людзей, якія згубілі давер да ўсіх, ня ведаюць, што рабіць, дзе і ў каго шукаць адказы на балючыя пытаньні. За кошт іх расьце не падтрымка апазыцыі, а так званае “балота”. ...Чым больш будуць зьяўляцца на старонках газэтаў прозьвішчы лідэраў кааліцыі, іх фота, артыкулы, інтэрвію, тым больш людзі будуць ведаць пра іх. А бяз гэтага немагчымы давер да іхных партыяў і праграмаў.

І яшчэ адно пытаньне ўзьнікла ў мяне, калі чытаў зварот — аб мове. Вінцук Вячорка і Станіслаў Шушкевіч, як вядома, размаўляюць па-беларуску. Калі трэба, па-беларуску размаўляе і Анатоль Лябедзька. Якой мовай карыстаецца Леанід Лемяшонак, ня ведаю. Дык, атрымліваецца, калі выбіралася мова звароту, перамог расейскамоўны камуніст Калякін? А гэта вельмі кепска”

Што да мовы, на якой надрукаваныя зварот і перадвыбарная праграма, то, думаю, справа тут ня ў тым, хто з кіраўнікоў кааліцыі размаўляе па-беларуску, а хто — не. Любая палітычная сіла, ідучы на выбары, спадзяецца на як мага большую падтрымку людзей. І дзеля гэтага імкнецца шырока распаўсюдзіць свае ідэі ды праграмы. Якая сёньняшняя моўная сытуацыя ў Беларусі — вам, спадар Копыл, вядома. Палітыкі павінны гэта ўлічваць. І гэта, на маю думку, зусім ня ёсьць здрадай беларускай ідэі. Важна, як палітык ацэньвае моўную праблему, як ставіцца да цяперашняй палітыкі, што прывяла да заняпаду беларускай мовы, і якім бачыць выйсьце з гэтай сытуацыі.

На заканчэньне ліст ад Сымона Мартыновіча зь Берасьця. Слухач піша:

“Паглядзіце, што стала зь беларускім тэлебачаньнем. Калі за камуністамі на ім яшчэ было хоць нешта нацыянальнае, дык цяпер усе каналы цалкам русіфікаваныя. Усё робіцца дзеля канчатковай асыміляцыі беларусаў. Часам задумваюся, хто ўсім гэтым кіруе? Думаю, той, хто пасьля прыходу да ўлады адкінуў усялякія рэвэрансы, якімі раней абстаўлялася расейская акупацыя нашай зямлі. У Беларусі распараджаецца ўсім акупацыйна-каляніяльная бюракратыя, якая сфармавалася са службоўцаў КГБ, арміі, міліцыі — розных прыхадняў, якім чужое ўсё беларускае.

Мне думаецца, Свабодзе перад выбарамі трэба больш увагі надаваць біяграфіям асобаў, якія імкнуцца да ўлады. Людзі павінны ведаць карані кожнага кандыдата, адкуль ён родам, хто ягоныя бацькі. Чамусьці ва ўсіх краінах надаюць гэтай тэме шмат увагі, толькі ня ў нас. Такая безразважнасьць прывяла да расейскага нацызму, які можа зьнішчыць беларусаў як этнас”.

Біяграфіі высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, якія вызначаюць палітыку ў дзяржаве (у тым ліку палітыку моўную і нацыянальную), наўрад ці пацьвердзяць вашыя, спадар Мартыновіч, высновы пра тое, што вы называеце “змовай расейцаў”, “акупацыйна-каляніяльнай бюракратыяй” ды “праявамі расейскага нацызму”. Амаль усе гэтыя начальнікі (міністры, віцэ-прэм’еры, кіраўнікі рэгіёнаў) — беларускага паходжаньня. І нарадзіліся, і вырасьлі, і атрымалі адукацыю яны, за рэдкім выключэньнем, тут, у Беларусі. Праблема, на маю думку, ня столькі ў іх, колькі ў тым, як большасьць самога беларускага грамадзтва ставіцца да вынішчэньня мовы сваіх продкаў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG