Значная частка нашых слухачоў, якія цягам апошніх тыдняў даслалі лісты на Свабоду, зь вялікім зацікаўленьнем ставяцца да тэмы хуткіх выбараў і магчымага рэфэрэндуму. Як дамагчыся, каб зьмена ўлады ў Беларусі адбылася цывілізаваным, дэмакратычным шляхам, праз справядлівыя выбары? І ўвогуле, ці магчыма гэта ва ўмовах сёньняшняй Беларусі? Адзінага адказу на гэтае пытаньне, як сьведчаць лісты слухачоў, няма. Вось, напрыклад, як разважае на гэту тэму Часлаў Хвайніцкі са Смаргоні. Слухач піша:
“Фальшаваньне выбараў у Беларусі было і будзе, пакуль дзейнічае цяперашняе выбарчае заканадаўства, а выбары праводзіць Лукашэнкава вэртыкаль. Чыноўнікі разумеюць: будуць у іх рэгіёнах такія вынікі, як патрэбна высокаму начальству — значыць, ёсьць шанцы атрымаць больш мяккае крэсла. Будзе інакш — ёсьць рызыка ўвогуле страціць пасаду. А таму і ў будучыні ўсе выбарчыя камісіі будуць працаваць на тое, каб Лукашэнка заставаўся прэзыдэнтам на новы тэрмін. На мінулых выбарах я быў назіральнікам на адным сельскім выбарчым участку, і добра ўяўляю, як усё гэта адбываецца”.
Так, спадар Хвайніцкі, існуе немалая верагоднасьць таго, што ўсё адбудзецца паводле ранейшых, ужо апрабаваных у 1996-м і 2001-м гадах схемаў. Варта, аднак, мець на ўвазе, што законны тэрмін знаходжаньня Аляксандра Лукашэнкі пры ўладзе канчаецца. І ўзьнікае новая сытуацыя, здольная істотна паўплываць на настроі чыноўнікаў. Асабліва ў тым выпадку, калі на палітычным небасхіле зьявіцца фігура суперніка Аляксандра Лукашэнкі, якая магла б стаць прывабнай для намэнклятуры.
На тэму выбараў разважае ў сваім лісьце і настаўнік Уладзімер Зьвернік зь мястэчка Чысьць Маладэчанскага раёну. Ён адклікнуўся на перадачу “Праскі акцэнт”, якая прагучала на нашых хвалях 4 студзеня. Слухач піша:
“Такія перадачы яшчэ больш дабаўляюць скепсысу. Усе запрошаныя вамі экспэрты на адзін голас сьцьвярджалі: у апазыцыі няма ніякіх шанцаў на перамогу. І гэта, трэба прызнаць, слушна. Я б увогуле ня вёў размовы пра нейкія там выбары: ва ўмовах сучаснай Беларусі справядлівых выбараў быць ня можа. У гэтым я пераканаўся на ўласным досьведзе”.
Далей у сваім лісьце Ўладзімер Зьвернік зь мястэчка Чысьць Маладэчанскага раёну падрабязна апісвае ўласную гісторыю таго, як яго на этапе рэгістрацыі пазбавілі магчымасьці ўдзелу ў мясцовых выбарах на той падставе, што ён нібыта няправільна ўказаў сваю пасаду і месца працы. Выйсьце слухач бачыць у наступным:
“Не разважаць аб выбарах трэба, а шукаць шляхоў, каб нейкім чынам утаймаваць улады, адбіць хоць бы ў некаторых зь іх ахвоту ісьці на злачынства, — піша Ўладзімер Зьвернік. — І найперш трэба, каб усе несправядліва пакрыўджаныя і зьняважаныя кандыдаты зьвярнуліся ў суд. А па-другое, дзейсным сродкам можа стаць так званая “Шэрая кніга”, у якую бы занесьлі прозьвішчы ўсіх апантаных прыхільнікаў рэжыму, якія дапусьцілі фальшаваньні. І калі настане час, прыцягнуць іх да адказнасьці. Пры гэтым трэба зрабіць так, каб яны ўжо сёньня добра ведалі, што будзе менавіта так”.
Ідэя неблагая, спадар Зьвернік. Вось толькі, на жаль, не было пакуль у айчыннай гісторыі прэцэдэнтаў, калі б выканаўцы сумнеўных, а то і злачынных загадаў былі прыцягнутыя да адказнасьці. Цяперашнія так званыя “выбары” арганізоўваюць і праводзяць дзясяткі тысяч адмыслоўцаў савецкай школы: за камуністамі яны лёгка забясьпечвалі 99% галасоў за кандыдатаў так званага “непарушнага блёку камуністаў і беспартыйных”. І ніводнага зь іх ня тое што не прыцягнулі да суду — нават не паўшчувалі. Што казаць пра іх, калі нават ніводзін з карнікаў НКВД, якія тысячамі накіроўвалі нявінных людзей на сьмерць, у Беларусі не паўстаў перад судом. А беспакаранасьць стварае і падмацоўвае ілюзію, што гэтак жа будзе заўсёды.
Ліст ад Алега Тарасэвіча зь Менску. Слухач піша:
“Слухаю вас ужо больш за 30 гадоў, але напісаць вырашыў упершыню. Прымусіла мяне ўзяцца за пяро тое, што ў некаторых мэдыях, у тым ліку і ў вас, пачалі гучаць галасы: маўляў, трэба падтрымаць Лукашэнку ў ягоным імкненьні захаваць незалежнасьць. Дзіва дый толькі. А хто падвёў Беларусь да той рысы, калі яна можа страціць сваю незалежнасьць? Ці ня Лукашэнка?
Усё гэта было б ня варта ўвагі, калі б Лукашэнка пасьля ўсіх сваіх падоўжаных тэрмінаў згодна з Канстытуцыяй пакінуў пасаду ў 2006 годзе. Але ж не — ён хоча зноў зьмяніць Канстытуцыю, каб кіраваць як Сталін альбо Брэжнеў, да скону. Праўда, кажа, што спытае ў народу — ці хочуць людзі гэтага. Але ж народ у нас ужо даўно нічога не вырашае. Здаецца мне, што пытаньне аб зьмене Канстытуцыі ўлады прычэпяць да бюлетэня падчас парлямэнцкіх выбараў. А там, як бы народ ні прагаласаваў, зробяць патрэбны вынік. Потым тое самае будзе на прэзыдэнцкіх выбарах. Гэтага дапусьціць нельга. Хопіць ужо мяняць Канстытуцыю. Супраць такой зьмены павінны выступіць усе, каму надакучыла жыцьцё не па закону, які б паважаў правы чалавека, а па ўказах і дэкрэтах адной асобы”.
Сапраўды, спадар Тарасэвіч, усё можа адбыцца менавіта так, як вы прадбачыце. Пра верагоднасьць такога сцэнару ўжо больш за год гавораць і палітыкі, і палітоягі. Відавочна, вельмі важна, каб усё беларускае грамадзтва ведала пра гэта і ўсьведамляла, да чаго трэба рыхтавацца. Думаю, калі пераканаўчая большасьць людзей сапраўды захоча зьменаў, ніякія маніпуляцыі падчас выбарчых кампаніяў і рэфэрэндумаў не дапамогуць.
Ліст ад Міхаіла Дубнікава зь мястэчка Парэчча Гарадзенскага раёну. Слухач піша:
“Вы на Свабодзе прысвоілі сабе права зь лёгкасьцю судзіць іншых, вышукваць усялякія недахопы. Але хто даў вам такое права? Выньце спачатку бервяно з уласнага вока, а потым ужо падказвайце іншым, як жыць... Вы пастаянна і нястомна корпаецеся ў бруднай бялізьне дзяржаўнай палітыкі, дзейнасьці Лукашэнкі. І хоць бы адзін раз назвалі аналітычныя лічбы: колькі ў якой краіне спажываюць энэргарэсурсаў дзеля сваіх спажывецкіх патрэбаў. Тады стала б ясна, хто больш вінаваты ў забруджваньні асяродзьдзя, у якім усе мы жывём. Чаму маўчыце, панове? Ды таму, што тыя, чыю дзейнасьць вы паказваеце ў выгадным сьвятле, купілі вас”.
Пра сябе Міхаіл Дубнікаў зь мястэчка Парэчча Гарадзенскага раёну паведамляе наступныя зьвесткі:
“46 гадоў, сярэдняя тэхнічная адукацыя. Разьведзены, жыву ў сям’і роднага брата. Беспрацоўны, без матэрыяльнай дапамогі і любых іншых грашовых выплатаў. Калі б меў магчымасьць распарадзіцца хоць бы адным мільёнам даляраў, дык усё да апошняга даляра аддаў бы на стварэньне гарадку-комплексу для абяздоленых дзяцей”.
Радыё Свабода, спадар Дубнікаў, не надзеленае права быць судзьдзём ці абвінаваўцам. Мы ставім за мэту распаўсюджваць дакладную, аб’ектыўную і своечасовую інфармацыю, якая б дапамагла нашым слухачам зразумець, што адбываецца ў Беларусі і вакол яе. Без такой інфармацыі цяжка арыентавацца, і яшчэ цяжэй прымаць правільныя рашэньні. Людзі, ведаючы праўду, самі здольныя вырашыць: якой павінна быць іхная дзяржава і ўлада ў гэтай дзяржаве.
Што да папрокаў на адрас прамыслова разьвітых дзяржаваў, у тым ліку Злучаных Штатаў, у справе экалёгіі. Сапраўды, праблема значная. Але датычыць яна ня толькі Захаду. Напрыклад, большасьць аўтамабіляў, якія езьдзяць сёньня па дарогах Беларусі, экалягічная паліцыя ў заходніх краінах неадкладна спыніла б і забараніла б іх эксплюатацыю. Гэта ж датычыць і многіх беларускіх хімічных вытворчасьцяў: узровень іх экалягічнай бясьпекі не адпавядае заходнім стандартам. Залежнасьць тут такая: чым тэхналягічна больш разьвітая краіна, тым яна багацейшая, і тым больш сродкаў выдаткоўвае на экалёгію. Вядома, для экалягічнай бясьпекі ідэальны варыянт — калі ўвогуле няма ніякай вытворчасьці. Але тады, спадар Дубнікаў, людзей чакаў бы ваш узровень дабрабыту: беспрацоўе, ніякіх грашовых дапамогаў і толькі сьветлая мара пра мільён даляраў, які добра было б патраціць на абяздоленых дзяцей.
На заканчэньне кароткі ліст Уладзімера Міновіча зь вёскі Чарэя Чашніцкага раёну. Слухач піша:
“Ужо даўно з задавальненьнем слухаю перадачы Беларускай службы Радыё Свабода. Калі ласка, дашліце новы расклад перадач на 2004 год — гэта дапаможа лягчэй настройвацца на хвалю Свабоды”.
Ахвотна выконваем вашую просьбу, Уладзімер, і дасылаем некалькі каляндарыкаў з нашым новым раскладам.
Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Эдуард Тобін са Смалявічаў, Алесь Марціновіч з Баранавічаў, Мікалай Чыбісаў зь мястэчка Казлоўшчына Дзятлаўскага раёну, Мікалай Саскевіч з Калінкавічаў, Маргарыта Пушкевіч, Мікалай Лясовіч, Міхаіл Цымбераў, Ала Шылава, Ніна Крывіцкая і Віктар Скараход зь Менску.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by