Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я сеяў кукурузу пры Хрушчове і атрымліваў мэдалі пры Брэжневе”


Валянцін Жданко, Менск

Адна з галоўных тэмаў апошняга тыдня — ультыматум расейскіх газавых манапалістаў з пагрозай спыніць пастаўкі ў Беларусь газу ў тым выпадку, калі беларускае кіраўніцтва не пагодзіцца плаціць за яго па рынкавых коштах. Многія нашыя слухачы ўстрывожаныя гэтымі паведамленьнямі. Адзін з лістоў на гэтую тэму даслаў Леанід Майсюк са Слоніму. Слухач піша:

“Зьдзіўляюся цярплівасьці Аляксандра Лукашэнкі. Як толькі ні прыніжала яго Расея. І самалёт на сваю тэрыторыю не пускалі, і брудам на дзяржаўных тэлеканалах палівалі, і адмовіцца ад незалежнасьці цынічна прапаноўвалі. Цяпер вось дажыліся саюзьнічкі — газ перакрылі. Хочуць, каб братэрскі народ ад холаду выміраць пачаў. Любы іншы на месцы Лукашэнкі ўжо даўно бразнуў бы дзьвярыма. А ён вунь які цярплівы і настойлівы. Нават вы на Свабодзе мусіце прызнаць яго вялізную палітычную волю і пасьлядоўнасьць. Але, думаю, настаў час, калі яму трэба адмовіцца ад ранейшых спадзяваньняў на Расею. А людзі зразумеюць. Ніхто ўжо і не спадзяецца, што Расея нам бескарысьліва будзе дапамагаць. Там ужо даўно ўсё скуплена і перапрададзена, а пра славянскае братэрства яны ўмеюць гаварыць толькі на мове бугальтарскіх рахункаў”.

Калі ў 1994 годзе Аляксандар Лукашэнка стаў прэзыдэнтам — перад ім быў шырокі выбар у вызначэньні замежнапалітычных прыярытэтаў. Беларусь усьлед за балтыйскімі краінамі магла абраць шлях эўрапейскай інтэграцыі. Ці як Украіна — спрабаваць наладзіць цесныя ўзаемаадносіны і з Расеяй, і з Захадам, не адмаўляючы ні пэрспэктыўнага сяброўства ў Эўразьвязе, ні асаблівых ўзаемадачыненьняў з Расеяй. Аляксандар Лукашэнка, аднак, у замежнай палітыцы абраў аднабаковую арыентацыю на Ўсход, адначасова сваёй палітыкай амаль ізаляваўшы сябе ад кантактаў з Захадам.

І калі сёньня расейскія газавыя манапалісты жорстка дыктуюць свае ўмовы Беларусі, а Беларусь вымушаная паддавацца ціску, то гэта і ёсьць наступствам такой палітыкі. А паводзіны Аляксандра Лукашэнкі гэта, хутчэй, праява безвыходнасьці, чым палітычная пасьлядоўнасьць і прынцыповасьць ва ўмовах, калі так званыя “саюзьнікі” ставяць яго ў яўна прыніжальнае становішча.

Ліст ад Антона Шухна зь Нясьвіскага раёну. Слухач піша:

“Слухаю часам Свабоду і не магу зразумець: за БНФ вы ці супраць? Чаму ў вас амаль не выступае Зянон Пазьняк? Чаму не паднімаеце народ на змаганьне з рэжымам? Бяззубай стала ваша Свабода, небаявітай. Вакол каго яшчэ могуць аб’яднацца ўсе дэмакратычныя сілы, калі не вакол Беларускай Свабоды? Лябедзька, Вячорка, Шушкевіч ды на іх падобныя сябе цалкам вычарпалі, на іх спадзяваньня няма. Зянон Пазьняк, на жаль, далёка, і вяртацца пакуль ня хоча. Народ сьпіць, а вы яго ня будзіце, ня клічаце на плошчу. Чаму? Многія мае знаёмыя лічаць, што Свабода прадалася лукашэнкаўскаму рэжыму і лье ваду на ягоны млын. Калі вы тэрмінова не пераканаеце мяне ў адваротным, то гэтак жа буду лічыць і я”.

Выглядае, спадар Шухно, што вы блытаеце функцыі радыё як сродка масавай інфармацыі з мэтамі й задачамі, што ставяць перад сабой палітычныя партыі. Усё тое, да чаго вы нас заклікаеце — “аб’ядноўваць вакол сябе палітычныя сілы”, “паднімаць народ на змаганьне”, “будзіць людзей ды клікаць на плошчу”, усе гэтыя выразы ўзятыя нібы з трыбуннага выступу на якім-небудзь партыйным зьезьдзе. Калі вы партыйны актывіст і ставіце сабе за мэту, каб вашая партыя прыйшла да ўлады, то і павінны самі займацца ўсёй гэтай прапагандысцкай і агітацыйнай дзейнасьцю, якая ёсьць часткай (і часткай істотнай) партыйнай працы.

І тое, што вы ня можаце зразумець, за БНФ Беларуская Свабода ці супраць, зусім натуральна. Свабода — не за БНФ і не за АГП, яна не зь Лябедзькам, не з Пазьняком і не з Лукашэнкам. Яе мэта — праўдзіва інфармаваць людзей пра тое, што адбываецца ў Беларусі і вакол яе. А людзі на падставе поўнай і аб’ектыўнай інфармацыі самі здольныя вырашыць, як ім жыць, за каго галасаваць, якую палітычную партыю падтрымліваць і якую ўладу мець.

Ліст, які даслаў на Свабоду Віталь Новік зь Менску. Слухач піша:

“Я пражыў вялікае жыцьцё: нарадзіўся і вучыўся пры Сталіне, сеяў кукурузу пры Хрушчове, атрымліваў мэдалі пры Брэжневе, стаяў у чэргах пры гарбачоўскай перабудове. На пэнсію выйшаў пры незалежнасьці й Лукашэнку, які так і не пабудаваў саюзу з Расеяй. І ўжо ніколі не пабудуе — для мяне гэта аксіёма. Хоць размова, зрэшты, не пра тое…

Вольнага часу ў мяне цяпер шмат. Часта слухаю розныя радыёстанцыі, у тым ліку і вашу Свабоду. Я ня вораг незалежнасьці і дэмакратыі. Быў аднойчы ў Германіі, бачыў, як там жывуць людзі. Дай Бог нам так калі-небудзь жыць. Толькі жыць так мы ніколі ня будзем. Немцы іншыя, чым мы, па-іншаму ставяцца да працы, да парадку, да сваёй будучыні. Яны заўсёды жылі лепш, нават пры дыктатуры.

Вы, Валянцін Жданко, відаць, чалавек яшчэ не стары, бо да большасьці старых вашае стаўленьне хутчэй адмоўнае, чым станоўчае. Маўляў, цягнуць пэнсіянэры краіну назад, галасуюць за Лукашэнку і г.д. Я вам паспрабую патлумачыць. Справа ня толькі ў тым, што мы ідэалізуем нашу маладосьць. Мы аб’ектыўна жылі вельмі нават няблага ў 1970-х і на пачатку 1980-х гадоў. Цяпер афіцыйная прапаганда сьцьвярджае, што Беларусь нібыта дасягнула таго ўзроўню, але гэта хлусьня. Пры Брэжневе я атрымліваў на сваёй пасадзе начальніка цэха 250–270 рублёў. На камунальныя паслугі ішло, сьмешна сказаць — 7 рублёў за трохпакаёвую кватэру. На харчаваньне — рублёў 60–70. Штомесяц 150 рублёў са свайго заробку я мог адкладваць (і адкладваў). Кожнае лета сям’ёй мы выяжджалі ў Крым ці ў Сочы. І гэта была звычайная савецкая сям’я: так у СССР жылі мільёны.

Мой унук цяпер працуе на тым самым заводзе, і амаль кожны месяц я вымушаны падкідваць яму дваццаць ці трыццаць тысяч са сваёй сьціплай пэнсіі, каб ён мог заплаціць за кватэру. Гэта не ідэалізацыя мінулага, а факты. Дык як мы, старэйшае пакаленьне, можам ацэньваць гэты сёньняшні так званы “рынак”, а ў сапраўднасьці — дзікі, антычалавечы капіталізм, пра які ў свой час камуністы, аказваецца, ня надта і хлусілі. Магчыма, калі-небудзь усё будзе інакш. Але мы жывём сёньня, а тая сьветлая будучыня, пра якую вы расказваеце, мне ня сьвеціць”.

Адказаць на вашыя, спадар Новік, пытаньні складана. Вы, безумоўна, маеце права на такія сьцьвярджэньні і такія высновы: гэтае права дае вам вялікі жыцьцёвы досьвед. Вам ёсьць з чым параўноўваць і рабіць на падставе вашых параўнаньняў высновы. Я, аднак, не пагаджуся з вашымі ацэнкамі сёньняшніх беларускіх рэаліяў. Эканамічная мадэль, якая ўсталяваная ў Беларусі, ня ёсьць рынкам, гэтак сама як палітычная мадэль — ня ёсьць дэмакратыяй. Амаль дзесяць год таму Аляксандар Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў Беларусі, абапіраючыся якраз на такія грамадзкія настроі, якія вы, спадар Новік, апісалі ў сваім лісьце. І мінулыя дзесяць год улада толькі і рабіла, што спрабавала вярнуць краіну ў тое савецкае мінулае — з моцнай цэнтралізаванай уладай, плянавай дзяржаўнай эканомікай і цалкам залежнымі ад дзяржавы грамадзянамі.

Матывы, якімі кіруюцца людзі, што галасуюць за мінулае, я разумею, але пагадзіцца зь імі — выбачайце, спадар Новік, не магу. Нават калі і браць пад увагу, што чалавек многае вымярае маштабамі ўласнага жыцьця і многіх сёньняшніх пажылых людзей ня надта цешыць далёкая пэрспэктыва. Калі ня дзеля сябе, то дзеля ўласных дзяцей мы павінны думаць пра тое, што будзе з краінай празь дзесяцігодзьдзі.

На заканчэньне — ліст ад удзельніка мінулай вайны Віктара Скарахода зь Менску. Слухач піша:

“Беларусы цяпер апынуліся ў пастцы, якая нішчыць усё беларускае: мову, школы, газеты, радыё, партыі, грамадзкія арганізацыі, прафсаюзы... І па абарону няма да каго зьвярнуцца. Да прэзыдэнта? Дык ён кажа: “Мы же русские”. Да судоў? Дык яны ж прызначаныя гэтай уладай, якая лічыць сябе расейскай. Вось і да Таварыства беларускай мовы ўлада дабралася, выганяе яго з памяшканьня. І што ж крамольнага згледзела яна ў дзейнасьці гэтай высакароднай арганізацыі?

Азірнёмся назад і адкажам на пытаньне: што зрабіла ўлада за апошнія дзесяць год дзеля беларушчыны? Павялічылася ці паменела колькасьць дзяцей, якія селі за парты ў беларускіх школах, прыйшлі ў беларускія садкі, узялі ў рукі беларускія газэты? Гмах будынку новай бібліятэкі — не ў залік, ён ствараецца як прыжыцьцёвы помнік адной асобе. Каго ж з уладаў апануе ўрэшце сорам за гэтыя амаральныя ўчынкі з ТБМ, беларускім ліцэем, школамі і газэтамі?”

Пытаньне гэтае, спадар Скараход, як вы, напэўна, і самі разумееце — рытарычнае. Адрасаваць яго, як мне падаецца, трэба ня толькі ўладзе, але і самому беларускаму грамадзтву. Вынішчэньне ўсяго беларускага было б немагчымае, калі б не суправаджалася абыякавасьцю, маўклівай згодай ці нават ухваленьнем большасьці грамадзтва. Яшчэ ў 1995 годзе, калі толькі рыхтаваўся рэфэрэндум, было відавочна, што, як толькі беларуская мова пазбавіцца статусу адзінай дзяржаўнай, у краіне распачнецца татальная русіфікацыя. Так і здарылася.

Аднолькавы афіцыйны статус беларускай і расейскай моваў дазваляе ў любы момант спыніць русіфікацыю: дзеля гэтага дастаткова пачаць выконваць закон. Аднак сілы, якая б прымусіла чыноўнікаў рабіць гэта, сёньня ў Беларусі, мяркуючы па ўсім, няма.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Чэслаў Хвайніцкі са Смаргоні, Віктар Туравец з францускага Вэнісо, Уладзімер Міновіч зь вёскі Чарэя Чашніцкага раёну, Мікіта Хведаровіч, Максім Дасевіч, Ільля Копыл, Алег Тарасевіч і Віктар Міра зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG