Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сумую па калядоўшчыках”


Валянцін Жданко, Менск

Сёньня праваслаўныя вернікі сьвяткуюць Нараджэньне Хрыстова. Гэтым сьвятам у Беларусі заканчваюцца вялікія калядныя вакацыі, якія сёлета ўпершыню афіцыйна былі абвешчаныя як вольны ад працы тыдзень. Тое, як у Беларусі адзначаюць Каляды сёньня, ня вельмі падобна на традыцыйныя сьвяткаваньні мінулых дзесяцігодзьдзяў ды стагодзьдзяў. І гэта выклікае ў многіх невясёлыя пачуцьці. Вось якімі ўражаньнямі з нагоды цяперашніх Калядаў падзяліўся ў сваім лісьце наш слухач Аляксей Пашко зь Менску. Ён піша:

“На жаль, беларусы ўсё больш страчваюць свае нацыянальныя ды рэлігійныя традыцыі. Дзе цяпер убачыш калядоўшчыкаў? Хто захоўвае перадкалядны пост? Куды прыйсьці на сьвяточную вечарыну, дзе б танцавалі пад гармонік і скрыпку нацыянальныя танцы? Замест гэтага ва ўсіх гарадах і вёсках два калядныя тыдні — суцэльныя п’яныя застольлі ды гульбішчы без усялякай меры. Беларусь у гэтым, як і ва ўсім іншым, бярэ прыклад з суседняй Расеі, дзе п’янства лічыцца ледзь не нацыянальнай рысай. Напэўна, у іх ёсьць на тое грошы: газ і нафта б’юць фантанам, толькі пасьпявай лічыць прыбыткі. А ў нас жа нічога гэтага няма — усё дастаецца цяжкой працай. Час перад Калядамі заўсёды лічыўся парой самай напружанай працы. А ў Беларусі нечакана па ўсёй краіне абвешчаныя тыднёвыя вакацыі”.

Можна зразумець вашыя, спадар Пашко, настальгічныя пачуцьці. Хоць наўрад ці магчыма вярнуць колішнія вясковыя вечарынкі з гармонікам, скрыпкай ды нацыянальнымі танцамі. Няма ўжо той патрыярхальнай беларускай вёскі, якая захоўвала нацыянальныя звычаі, культуру і мову. Спадзяваньні на тое, што старадаўнія звычаі ўдасца захаваць ці адрадзіць, даводзіцца зьвязваць галоўным чынам з царквой ды тымі нешматлікімі асяродкамі беларушчыны, што існуюць у гарадах. Наконт калядных вакацыяў. Такая практыка склалася ў многіх эўрапейскіх краінах — лічыць яе заганнай не выпадае. Іншая рэч, што ў эўрапейцаў непараўнальна большыя магчымасьці дзеля таго, каб цікава і весела правесьці калядныя вакацыі.

Некалькі лістоў на тэму палітычных падзеяў, якія адбудуцца ці могуць адбыцца ў Беларусі ў 2004 годзе. Наш даўні слухач і аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў у сваім новым допісе разважае пра тое, якія зьмены могуць напаткаць беларускае грамадзтва пасьля таго, як на нядаўніх думскіх выбарах у Расеі правыя партыі пацярпелі гучную паразу.

“Рафінаваныя маскоўскія інтэлектуалы былі гэткія ж далёкія ад насельніцтва Расеі, як і беларускія нацыянал-дэмакраты — ад беларускага насельніцтва. Толькі крах рамантыкі беларускай эўрапеізацыі настаў у адзін момант, 20 ліпеня 1994 году, а ў Расеі вэстэрнізацыя памірала марудна, а крах надышоў нядаўна, 7 сьнежня 2003 году. І ня можа беларускае насельніцтва цяпер крута адвярнуцца ад свайго расейскага брата, у якога амаль такі ж мэнталітэт. Гэта робіць прывіднымі спадзяваньні на посьпех беларускіх нацыянал-дэмакратаў у 2004-м ці 2006-м гадах. Важна пра ўсё гэта памятаць і Вячорку зь ягонымі эўрапраектамі, і Нілу Гілевічу зь ягоным сьцягам беларусізацыі.

У траўні 2004 году Эўразьвяз падыдзе да межаў Беларусі ад Берасьця да Верхнядзьвінску і ўсёй сваёй масай запатрабуе ад Беларусі разьвіцьця рынку і прыватнай уласнасьці. Але з Расеі ў Беларусь будуць ісьці іншыя тэндэнцыі. І найперш лёзунг “Багатых і прыватнікаў — пад кантроль!” — напісаў Алесь Марціновіч з Баранавічаў.

Лібэральныя ідэі, сапраўды, ня маюць на постсавецкай прасторы вялікай падтрымкі: на тое ёсьць шмат прычынаў. У Беларусі гэтыя прычыны заўважна іншыя, чым у Расеі. Ня думаю, што падчас выбарчых кампаніяў, што маюць адбыцца ў Беларусі ў блізкім часе, кандыдаты ў дэпутаты альбо ў прэзыдэнты будуць акцэнтаваць увагу выбарцаў на неабходнасьці прыватызацыі дзяржаўнай уласнасьці і беларусізацыі грамадзкага жыцьця. Галоўным на гэтых выбарах будзе іншае пытаньне — пра стаўленьне да Аляксандра Лукашэнкі й ягонай палітыкі.

Над пытаньнямі пра магчымасьць зьмены ўлады ў Беларусі разважае ў сваім лісьце і настаўнік-пэнсіянэр Алесь Ляскоўскі зь вёскі Сучакі Ваўкавыскага раёну:

“Нядаўнія думскія выбары ў Расеі засьведчылі: пазытыўных зьменаў у справе дэмакратызацыі Расеі не адбываецца. Над ёй па-ранейшаму ўстойліва лунае дух шавінізму ды вялікадзяржаўнасьці. У сувязі з гэтым некаторыя беларускія палітыкі (і найперш з АГП) павінны зрабіць адпаведныя высновы — зразумеўшы, нарэшце, што наш, беларускі шлях у людзі ляжыць праз Эўропу, а не празь непрадказальную, вераломную ды такую загадкавую матухну-Расею”.

У сваім лісьце Алесь Ляскоўскі выкладае ўласны плян грамадзка-палітычных зьменаў Беларусі, галоўны пункт якога — катэгарычнае патрабаваньне да ўлады правесьці дэмакратызацыю выбарчага заканадаўства. “Калі ж такое патрабаваньне ўладаю будзе праігнараванае, — піша слухач, — трэба дамагацца байкоту выбараў і рэфэрэндумаў. На жаль, у бязвольным, пасіўным грамадзтве такую архіскладаную праблему як зьмена аўтарытарнага рэжыму цяжка ажыцьцявіць мірным шляхам. Няўжо давядзецца чакаць сацыяльнага выбуху? Але ён, на жаль, рэдка абыходзіцца безь людзкой крыві”.

Падобных патрабаваньняў да беларускай улады, спадар Ляскоўскі, было нямала — і з боку палітычных партыяў, і ад уплывовых міжнародных арганізацыяў. Вынік вам вядомы. Зьмены, відавочна, могуць адбыцца тады, калі іх неабходнасьць асэнсуе, усьвядоміць большасьць грамадзтва. У сытуацыі, калі пераканаўчая большасьць электарату не пажадае, каб Аляксандар Лукашэнка і ягоныя вылучэнцы надалей заставаліся пры ўладзе, захаваць пасаду цяперашняму лідэру будзе надзвычай складана — нягледзячы нават на магчымасьць маніпуляцыяў з выбарчымі бюлетэнямі.

Пра тое, як гэта можа адбыцца, піша ў сваім лісьце Мікалай Слуцкі зь Менску:

“Апазыцыя ўжо цяпер павінна часьцей нагадваць пра магчымасьць аксамітнай рэвалюцыі ў Беларусі, якая можа адбыцца пасьля выбараў у Палату прадстаўнікоў (так, як гэта адбылося ў Грузіі). Нагадваць пра гэта трэба ня толькі з прычыны цяжкасьцяў з інфармаваньнем насельніцтва. Асэнсаваньне магчымасьці такіх падзеяў акажа ўплыў на многіх з тых, каму сёньня здаецца, што дыктатуры ня будзе канца (у тым ліку і на сябраў выбарчых камісіяў, і на выбарцаў). Каб гэтая думка ўвайшла ў сьвядомасьць людзей, патрэбна нямала часу. Але ва ўсіх выпадках, калі адбываліся аксамітныя рэвалюцыі, людзі псыхалягічна былі гатовыя да іх. Сама магчымасьць такіх падзеяў акажа ўзьдзеяньне на абстаноўку ў краіне”.

Ня ўпэўнены, спадар Слуцкі, што з боку апазыцыі было б правільным тактычным ходам распачынаць гэтую кампанію ўжо цяпер, калі да выбараў яшчэ вельмі далёка, а ў грамадзкай сьвядомасьці гэтая праблема займае яўна не галоўнае месца. Палітыкі-практыкі добра ведаюць: заўчасны старт у такіх справах ня менш шкодны, чым старт запозьнены.

На заканчэньне — кароткія віншавальныя лісты ад нашых даўніх слухачоў. Вось, напрыклад, некалькі радкоў зь віншавальнай паштоўкі Генадзя Банкевіча зь Менску:

“Дай Бог вам сілы і мужнасьці і надалей змагацца, каб нас лічылі за людзей, каб мы з гонарам насілі імя беларуса! Вы ў нас навідавоку, і кожнае ваша слова ці дапамагае, ці прыводзіць у роспач. А перамагае заўсёды мужны, самаадданы, упэўнены ў сабе чалавек. Памятайце заўсёды аб гэтым і клічце наш люд зь цемры да сьвятла”.

Віншавальная паштоўка, якую даслаў настаўнік Мікалай Бусел зь вёскі Дуброва Акцябарскага раёну:

“Віншую зь пераменаю ў календары і зычу добрых сустрэч і кантактаў, добрай артаэпіі, менш русізмаў у лексыцы, сынтаксысе ды стылі. Дзіўлюся Ягору Маёрчыку: ён столькі чобатаў стаптаў па Беларусі, час і за кнігу сесьці — пра свае вандроўкі. Хвалю і Валянціна Жданко — за знаходлівасьць і правільную беларускую мову. Выказваю ўпэўненасьць, што чацьверты год новага тысячагодзьдзя будзе, на жаль, такім жа, як і год трэці”.

І, нарэшце, яшчэ адно віншаваньне — ад Міколы Лавіцкага зь Менску:

“З навагодзьдзем і Калядамі вас, даражэнькія супрацоўнікі Радыё Свабода! Хочацца мець асобнай кніжкай “Беларускую Атлянтыду” і “Неабжытую Спадчыну”. От каб даў Бог вам такую магчымасьць іх выдаць!”

Дзякуй, спадар Лавіцкі, вам і ўсім, хто ў гэтыя сьвяточныя дні знайшоў час для ліста на Свабоду. Будзем спадзявацца, што ў новым годзе зьявіцца нагода і для новых цікавых перадачаў, добрых кніг і вашых, шаноўныя слухачы, лістоў на Свабоду. Віншавальныя паштоўкі і лісты ў гэтыя першыя дні 2004 году мы таксама атрымалі ад Ганны Суднік зь Дзяржынску (Койданава), Міхаіла Лекаха з Рыгі і Руслана Гвазьдзёва зь Менску. Вясёлых усім Калядаў! Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Перадача “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG