У сёньняшняга незвычайнага вечара — смалісты пах ялінкі, толькі што прынесенай зь лесу, і мядовы водар сена, пакладзенага пад сьвяточны абрус. Сям’я, сядаючы за калядны стол, пакідае адно вольнае месца — ці то для выпадковага госьця, ці то для забытага сваяка, ці то проста для падарожніка, якому няма дзе прытуліцца. Дзіцячае чаканьне цуда, прадчуваньне казкі, спадзяваньне на незвычайнае, усё гэта — Каляды.
На жаль, як сьведчаць лісты некаторых нашых слухачоў, атмасфэра цудоўнага сьвята з гадамі мяняецца, і не заўсёды ў лепшы бок. Вось які ліст атрымалі мы напярэдадні Калядаў ад Надзеі Паўловіч са Слонімскага раёну. Слухачка піша:
“Сапраўдныя Каляды ў мяне былі ў дзяцінстве — з калядоўшчыкамі, зь песьнямі, з абавязковай імшой, на якую ў Касьцёле зьбіраліся ўсе — ад малога да старога. Сьвяточны калядны стол быў абавязкова посны, ні пра якую гарэлку не было размовы. Але гэта рабіла вячэру асабліва ўрачыстай і незвычайнай. А што цяпер? Сьвяткаваньне самага сьветлага хрысьціянскага дня ператварылі ў п’яныя гульбішчы. Традыцыі забылі разам з мовай і сваімі каранямі. Дзе тыя калядоўшчыкі, дзе калядкі, дзе зімовыя забавы моладзі? Нават і зімаў тых ужо няма — калі сьнег рыпеў пад нагамі, калі каталіся зь ледзяных гор і вёскі патаналі ў сумётах”.
У многім вы, спадарыня Паўловіч, маеце рацыю. Зьмяніць тут што-небудзь складана: няма ўжо той патрыярхальнай вёскі, адасобленай ад сумнеўных дасягненьняў масавай культуры. Няма ў вёсках тых людзей, на якіх трымаліся старадаўнія звычаі ды традыцыі. Хоць, зь іншага боку — атмасфэру сьвята вы здольныя стварыць самі, хаця б для ўласнай сям’і, для тых, хто побач з вамі. Апрача ўсяго іншага, Каляды ва ўсе часы былі сьвятам ня толькі тых, у каго ўсё добра склалася, каму шанцуе ў жыцьці. Нашыя продкі ў гэтыя дні часьцей, чым звычайна, згадвалі якраз пра тых, хто мае патрэбу ў дапамозе, хто самотны і каму няма з кім разьдзяліць калядную вячэру. Для такіх людзей заўсёды знаходзілася месца за сьвяточным сталом і слова спагады. Думаць, згадваць пра тых, каму цяжэй, чым табе — і прапаноўваць сваю дапамогу — гэта, можа, галоўная калядная хрысьціянская традыцыя, на якой і трымаецца незвычайная прыцягальнасьць гэтага сьвята.
Ліст ад Максіма Дасевіча зь Менску. Слухач разважае пра месца рэлігіі і Бога ў сучасным жыцьці:
“Цяпер у сьвеце ніхто з палітыкаў і кіраўнікоў дзяржаў не цікавіцца тым, чаму вучыць нас Бог. Таму і пануюць у сьвеце разбэшчанасьць, хаос, войны, неразьбярыха. Колькі людзей — столькі й меркаваньняў, ад якіх адна шкода. Як можна не зьвяртаць увагі, ігнараваць дасканалыя законы Бога, і ў той жа час спадзявацца на непакаранасьць, на шчасьце?”
З Калядамі віншуе нас у сваім лісьце Ганна Матусэвіч зь Дзяржынску (Койданава):
“Гэта — асаблівае сьвята, да якога трэба рыхтавацца загадзя”.
Сама яна, згадваючы пра найбольш адметныя падзеі мінулага году, з асаблівай цеплынёй успамінае вандроўку ў Гудзевічы Мастоўскага раёну, да славутага краязнаўца і настаўніка Алеся Белакоза:
“Выправіліся мы туды разам з дачкой Веранічкай. Яе зачаравала моладзь, што ўсю дарогу сьпявала пад гітары нашыя песьні, а мяне — Алесь Белакоз, зь якім мы абмяняліся падарункамі”.
Цёплыя калядныя віншаваньні даслаў нам і наш даўні слухач і аўтар, настаўнік Алесь Ляскоўскі зь вёскі Сучакі Ваўкавыскага раёну. Ён нават склаў дасьціпны верш, некалькі радкоў якога я працытую:
“Быць ня можа больш зручнай, спрыяльнай нагоды
Віншаваньні даслаць калектыву Свабоды.
Пасылаючы вам ад сябе віншаваньні,
Выдзяляю асобна свае пажаданьні:
І здароўя, і шчасьця, і творчай удачы
У трансьляцыі вамі любой перадачы.
Шчыра ваш — не маскоўскі,
А звычайны — Ляскоўскі”.
Алесь Іванавіч Ляскоўскі — чалавек паважанага ўзросту, яму хутка 79 гадоў. Усё жыцьцё вучыў вясковых дзяцей. Вельмі цікавіцца грамадзкімі праблемамі і штодня слухае Беларускую Свабоду. Дзякуй, спадар Ляскоўскі, за цёплыя словы. Дай вам Бог добрага здароўя, каб дачакаць і пажыць у той Беларусі, пра якую вы марыце — вольнай, заможнай і дэмакратычнай.
Ліст ад Алега Кандыбы з латвійскага Даўгаўпілсу. Слухач піша:
“Толькі недасьведчаныя і наіўныя людзі могуць думаць, што беларусаў пазбаўляюць іх нацыянальнай адметнасьці выпадкова. Вынішчэньне нацыянальнага набытку, закрыцьцё асяродкаў нацыянальнай адукацыі, татальная русіфікацыя — гэта ўсё дасканала распрацаваны план зьнішчэньня беларускай дзяржавы і здачы яе Расеі. Робіцца ўсё гэта рукамі расейскіх агентаў ды іх прыслужнікаў. У Беларусі цяпер насталі часы Мураўёва-вешальніка: бясьсьледна зьнікаюць палітыкі, зачыняюцца беларускія школы і беларускамоўныя сродкі масавай інфармацыі. Зноў настаў час біць у набат, клікаць беларусаў да вызваленьня нацыі ад зьнешняга прыгнятальніка.
...Што да беларускага гуманітарнага ліцэю, то, калі ён стаў ці стане прыватным, дык паведамце ягоны банкаўскі рахунак. Зь міру па нітцы — голаму кашуля. Ліцэй павінен жыць!”
Час ад часу мне даводзіцца адказваць на падобныя лісты, аўтары якіх ускладаюць адказнасьць за ўсе нацыянальныя праблемы беларусаў на нейкіх неназваных агентаў расейскіх спэцслужбаў. Тлумачэньне гэтае падаецца мне надта спрошчаным і памылковым. Ніякія спэцслужбы ў свой час не прымусілі адрачыся ад роднай мовы літоўцаў, латышоў, грузінаў, нават украінцаў. Галоўная прычына заняпаду беларускай культуры і мовы — у самім беларускім грамадзтве і дзяржаве, а не па-за імі.
Ліст ад Маргарыты Пушкевіч зь Менску — з расповедам пра сумную гісторыю Тамары Машарскай, інваліда 2-й групы, якая ў сваім доме дала прытулак чатыром бадзяжным сабакам. Канфлікт спадарыні Машарскай зь мясцовымі жыльлёва-камунальнымі службамі датычыў ня толькі гэтых сабак, але і прымусовага перасяленьня ў сувязі зь неспрыяльнай экалягічнай сытуацыяй. Спадарыня Машарская жыла на вуліцы, якая падпала пад высяленьне, але выяжджаць са сваёй хаты яна не пагаджалася, пакуль улады ня выплацяць належнай кампэнсацыі. У выніку дайшло да гвалтоўных дзеяньняў з боку ўлады. І першымі ахвярамі сталі якраз сабакі. Слухачка так апісвае гэты інцыдэнт:
“На ўсё жыцьцё запомніць сям’я Машарскіх дзень 18 лістапада. Судовы выканаўца і работнікі ЖЭСу без папярэджаньня ўзламалі дзьверы дома. Калі Тамара вярнулася дахаты, сабак ужо не было — толькі сьляды крыві на падлозе. Пазьней адзін з супрацоўнікаў ЖЭСу распавёў, як усё адбывалася: на сабак накідвалі сеткі, зьбівалі палкамі і валаклі па падлозе да машыны. У той жа дзень увечары Тамара разам са сваімі дарослымі дзецьмі была ў службе адлову. Ніхто не хацеў гаварыць ім пра тое, што стала зь іхнымі гадаванцамі і дзе іх шукаць. Расказалі толькі пасьля таго, як зразумелі, што сям’я не супакоіцца, пакуль не даведаецца праўды. Выехалі на гарадзкі могільнік, дзе закопваюць трупы жывёл, і знайшлі сваіх адданых сяброў у братэрскай магіле з такімі ж няшчаснымі — акрываўленых і пакалечаных.
Ва ўсіх СМІ начальнікі жыльлёва-камунальных службаў запэўніваюць, што адлоўліваюць толькі бадзяжных жывёлін, што жывёлін зьнішчаюць не адразу — чакаюць, што знойдзецца гаспадар. У сапраўднасьці яны нахабна хлусяць. Кожны дзень Тамара і яе дзеці задаюць сабе адно і тое ж пытаньне: за што? Яны страцілі любоў жывых істотаў, якія нічога не патрабавалі за сваю адданасьць. І гэтая страта для іх — незваротная. Пакуль існуюць у Беларусі падобныя “зондэркаманды”, злачынствы супраць людзей і жывёл будуць працягвацца”.
Звычайна, калі чыноўнікі адказваюць на падобныя абвінавачаньні, то спасылаюцца на беднасьць дзяржавы і неўладкаванасьць побыту большасьці беларусаў. Маўляў, няма грошай на тое, каб утрымліваць бадзяжных жывёлін. А людзі, якія бяруць да сябе беспрытульных катоў ды сабак, часта ствараюць гэтым праблемы сваім суседзям. І гэта, сапраўды, так. У стасунках паміж суседзямі часта даходзіць да сур’ёзных канфліктаў, у якія вымушаныя ўмешвацца і міліцыя, і камунальныя службы. Але праблема ня толькі ў гэтым. Ніякія аб’ектыўныя прычыны ня могуць апраўдаць жорсткасьці і гвалту ў дачыненьні да жывых істотаў.
Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты і калядныя віншаваньні Ільля Копыл, Мікалай Слуцкі, Людміла і Аляксандар Ліцьвінавы зь Менску, Эдуард Тобін са Смалявічаў, Мікалай Чыбісаў зь мястэчка Казлоўшчына Дзятлаўскага раёну, Віктар Пісарук з Горадні, Ігар Канавалаў са швайцарскага Нойенхофу, Генрых Аўцюкевіч з Гарадзенскай вобласьці і Сьцяпан Сякач з украінскага Севераданецку Луганскай вобласьці.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Вясёлых усім Калядаў і шчасьлівага Новага году! Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.