У сёньняшнім кароткім аглядзе — два лісты на тэму беларуска-расейскіх стасункаў. Ідэя саюзнага будаўніцтва, якая больш як дзесяць гадоў лічылася адзіным прыярытэтам афіцыйнай зьнешняй палітыкі, перажывае сур’ёзны крызыс. Расея больш не жадае мяняць свой танны газ на цёплыя братэрскія абдымкі беларускіх чыноўнікаў.
Многія ў Беларусі ў сувязі з гэтым зь непакоем чакаюць сьцюдзёнай зімы ды далейшага заняпаду нестабільнай беларускай эканомікі. Іншыя ж, наадварот, мяркуюць, што рынкавыя прынцыпы ў двухбаковых стасунках нарэшце змусяць беларускіх чыноўнікаў праводзіць рэальныя рэформы.
Вось што лічыць з гэтай нагоды наш слухач Аляксей Блахін зь Віцебску. Ён піша:
“Аляксандар Рыгоравіч шчыра аддадзены ідэі славянскага братэрства і адзінства. Але ў Расеі цяпер пры ўладзе ворагі славянства. Яны прывыклі усё мераць грашыма. Паставілі нас на адну дошку з прыбалтамі, палякамі. Нібы забыліся, хто сваімі целамі выслаў шлях да перамогі над фашызмам, як у паваенныя гады мы дзяліліся з расейцамі апошнім. Гэтыя людзі здрадзілі вялікай ідэі славянства, іх яшчэ пракляне расейскі народ. А прэзыдэнт Лукашэнка павінен зрабіць высновы: нам з такімі гандлярамі не па дарозе.
І калі гэтай зімой у нашых кватэрах будзе халодна, няхай ведаюць беларусы: вінаваты ў гэтым не Лукашэнка, а Касьянаў, Чубайс, Нямцоў ды агалцелая беларуская апазыцыя, якая ўвесь час падбухторвала Маскву да такіх дзеяньняў супраць беларускага народу”, — напісаў Аляксей Блахін зь Віцебску.
Новая Расея, спадар Блахін, абрала іншую сацыяльна-эканамічную мадэль, чым тая, за якую спрабуе ўтрымацца Аляксандар Лукашэнка. Сапраўды, у свой час у кіраўніцтве СССР лічылі нават нетактоўным пытаньне пра кошт савецкіх нафты, мэталу, танкаў, калі размова ішла пра так званую “братэрскую дапамогу” дзяржавам “сацыялістычнага блёку”, а таксама шматлікім пракамуністычным рэжымам Афрыкі, Азіі ды Лацінскай Амэрыкі. Але ўсё гэта мела і мае рэальны рынкавы кошт. За камуністычнае “братэрства” разьлічваліся простыя савецкія грамадзяне — сваімі мізэрнымі заробкамі, чэргамі ў крамах, шматгадовым чаканьнем даху над галавой.
Касьянаў і Чубайс — высокапастаўленыя расейскія чыноўнікі, і абараняюць найперш інтарэсы расейскіх грамадзянаў. І іхная пазыцыя, якая грунтуецца на тым, што газ і нафта — асобна, а палітычныя лёзунгі — асобна, зусім лягічная і зразумелая. І зусім не яны, спадар Блахін, павінны несьці адказнасьць у выпадку, калі хуткую зіму беларусы сустрэнуць з халоднымі ацяпляльнымі батарэямі.
Сваё гледзішча на гэты конт — у Валерыя Грыцука з Магілёва. Слухач піша:
“Тлумачу ворагам Радыё Свабоды і сувэрэнітэту Беларусі: найлепшы парадак — у турме. Але хто туды хоча з уласнай ахвоты? На сваё жыцьцё трэба зарабляць самім. А не прасіць, як жабракі, у Расеі. Беларусы самі здольныя быць багатымі. Мы ня горшыя за фінаў ці македонцаў. Чаму вы, людзі, якія марыце пра СССР, хочаце тым ня менш, жыць у асобнай кватэры, а не ў “камуналцы”? Так і жыць у асобнай дзяржаве лепш. Бо мы — самі гаспадары.
Цяпер з суседзямі можна дамовіцца аб роўным гандлі і адносінах. Бо настаў час, калі нам адкрыта паказалі, чаго вартыя ўсе лёзунгі пра братэрства. Улады сьвядома больш за дзесяцігодзьдзе стрымлівалі рэформы, так бы мовіць, “адсякалі хвост” па частках 12 гадоў, каб меней балела. Каму ад гэтага лепей?”
Больш за дзесяцігодзьдзе беларуская ўлада шукала нейкага свайго, асаблівага шляху — адрознага ад іншых. Цяжка назваць вынаходніцтвам гібрыд каманднай адзяржаўленай эканомікі, прыдушанай грамадзянскай супольнасьці, жорсткай цэнтралізаванай улады ды зародку рынку ў дробным гандлі ды рамесьніцтве. Цана сацыяльных экспэрымэнтаў надзвычай высокая.
Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова азірнуцца наўкол, паглядзець на прыклад суседніх краінаў, многія зь якіх яшчэ дзесяць гадоў таму ў эканамічным разьвіцьці прыкметна саступалі Беларусі, а сёньня ўжо сталі часткай аб’яднанай Эўропы.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.