Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Расея глядзіць на Беларусь, як драпежнік на ахвяру”


Валянцін Жданко, Менск

Як будуць складвацца адносіны між Менскам і Масквой пасьля таго, як стала зразумела, што таннага расейскага газу для Беларусі болей ня будзе? Як гэта адаб’ецца на штодзённым жыцьці сярэдняй беларускай сям’і, што і раней зь цяжкасьцю зводзіла канцы з канцамі? І ўрэшце — як паўплываюць гэтыя абставіны на палітычную будучыню Аляксандра Лукашэнкі, які імкнецца застацца пры ўладзе ў Беларусі? Гэта — асноўныя тэмы нашай пошты апошняга тыдня.

Вось як адгукнуўся на скандал вакол расейскіх газавых паставак інжынэр Міхаіла Лысевіч зь Ліды. У сваім лісьце на “Свабоду” слухач піша:

“Рэжым Лукашэнкі атрымаў чарговы высьпятак ад Расеі, ад свайго так званага “найлепшага партнэра”. Прычым, без усялякай дыпляматыі. Відаць, надакучыла ўжо ўся гэтая валтузьня з інтэграцыяй, сяброўствам, еднасьцю, адзіным рублём... Вось і пайшла ў ход бяспройгрышная карта — эканоміка. І сапраўды — колькі ж можна цягнуць гэтую бадзягу з аб’яднаньнем? Няма і ня будзе ніякага аб’яднаньня. Гэта толькі даверлівым беларусам і расейцам бясконца можна, выбачайце, “па вушах езьдзіць” гэтай дурнотай.

А ў сапраўднасьці мы бачым спэктакль пад назовам “Ілжэдзьмітры Трэці” (рабочая назва “Як абдурыць усіх і патрапіць у Крэмль”). Сцэнар цікавы, але пастаноўка цалкам бязглуздая. Сам актор выдатна бачыць — шанцаў давесьці пастаноўку да пераможнага канца няма. Выйсьце адно — цягнуць час, казаць нешта, неяк круціцца, а там, дасьць Бог, нешта будзе. Але нічога ня будзе. Прайграў наш герой, паспрабаваў узяць занадта цяжкую вагу, занадта высока задраў планку, каб здолець пераскочыць”, — лічыць Міхаіл Лысевіч зь Ліды.

Сапраўды, спадар Лысевіч, выглядае, што ўсе мы сталі сьведкамі таго, як адыходзіць у мінулае эпоха, калі выгадна можна было гандляваць клятвамі і лёзунгамі за нафту і газ. Клятвы ўжо мала каштуюць нават сярод артадаксальных камуністаў — што ўжо казаць аб прагматычных палітыках, якія цяпер вызначаюць расейскую палітыку і зусім не спакушаюцца ідэямі панславізму.

Зрэшты, многія слухачы зусім па-іншаму ацэньваюць тое, што адбылося падчас перамоваў у Сочы. Вось які ліст даслаў нам Уладзімер Крушкін з Магілёва. Слухач піша:

“Далучэньне Беларусі да Расеі, відавочна, адбудзецца: усё ідзе да гэтага. Праўда, больш правільна было б назваць гэта па-іншаму. Расея глядзіць на Беларусь як на здабычу, якую можна праглынуць і ад гэтага яшчэ больш растаўсьцець. Ніякага раўнапраўнага саюзьніка Масква ў асобе Беларусі ня хоча бачыць. І ня хоча разумець, што зь Беларусьсю яно набывае ня большую магутнасьць, а большы баляст.

Далучэньне Беларусі да Расеі — цалкам на сумленьні Лукашэнкі, які робіць гэта ва ўласных карысьлівых мэтах. Спытаеце: а што ж народ? А хто, калі не народ, у свой час патрабаваў расьпяць Хрыста? Хто прывёў да ўлады Гітлера? Гэтак і цяпер, падманутыя сродкамі масавай інфармацыі, адвучаныя самастойна думаць, людзі тупа прагаласуюць за аб’яднаньне”.

Грамадзкая думка зьменлівая, спадар Крушкін. Так, дзесяць год таму не было ніякіх сумневаў наконт таго, як большасьць насельніцтва прагаласавала б тады на рэфэрэндуме аб магчымасьці далучэньня да Расеі. Але час працуе супраць тых, хто жыве настальгіяй па савецкім мінулым. Усе сацыялягічныя апытаньні сьведчаць, што сёньня суадносіны паміж прыхільнікамі і праціўнікамі аб’яднаньня — на карысьць тых, хто хоча бачыць Беларусь незалежнай дзяржавай, хоць і з добрымі адносінамі з Расеяй.

Спрэчна гучыць і вашае цьверджаньне пра тое, што на карысьць далучэньня да Расеі працуюць сродкі масавай інфармацыі. Уважліва пасачыце за дзяржаўнымі тэлеканаламі Беларусі. Амаль усе інфармацыйныя сюжэты на расейскую тэму — гэта паведамленьні пра выбухі, забойствы, адключэньні сьвятла ці стыхійныя бедзтвы. І робіцца гэта ўладай, якая кантралюе тэлеканалы, зусім сьвядома.

У некалькіх папярэдніх аглядах я цытаваў лісты прыхільнікаў Зянона Пазьняка, якія выказвалі нездавальненьне тым, што іншыя лідэры апазыцыі не падзяляюць ідэю байкоту маючых адбыцца выбараў і магчымага рэфэрэндуму. Разважаючы над гэтымі лістамі, я згадваў досьвед многіх краінаў Усходняй ды Цэнтральнай Эўропы, аўтарытарныя рэжымы ў якіх у канцы 1980-х — на пачатку 1990-х гадоў палі пасьля таго, як апазыцыя змусіла іх правесьці дэмакратычныя выбары.

Гэтыя мае высновы аспрэчвае Аліна Дуброўская зь Дзяржынску (Койданава). У сваім новым лісьце яна піша:

“З вашымі аргумэнтамі, спадар Жданко, я не пагаджаюся. Ня ўсякі камуністычны рэжым аўтарытарны. У Польшчы, Чэхіі, Славаччыне, Вугоршчыне, Баўгарыі рэжымы былі камуністычныя, але не аўтарытарныя.

Вы, спадар Жданко, адарваны ад жыцьця. Гутаркі з жыхарамі Койданава (Дзяржынску) пераканалі мяне ў тым, што ідэя байкоту адпавядае жаданьням большасьці людзей... Людзі ня хочуць ісьці туды, дзе іх абавязкова падмануць. Дзясяткі людзей мне распавядалі, як іх на працы папярэджвалі, што будуць звальняць тых, хто не прагаласуе. Многія ідуць на выбарчыя ўчасткі, бо баяцца застацца без работы. …Добраахвотна ходзяць на выбары толькі пэнсіянэры і настаўнікі. Толькі байкот можа выратаваць Беларусь ад зьнішчэньня”, — напісала Аліна Дуброўская з Койданава (Дзяржынску).

Даволі дзіўна, спадарыня Дуброўская, гучыць вашае цьверджаньне пра тое, што камуністычныя рэжымы ва Ўсходняй Эўропе нібыта не былі аўтарытарныя. Аўтарытарызм — гэта сыстэма ўлады, уласьцівая для антыдэмакратычных рэжымаў, пабудаваная на жорсткім падпарадкаванньні чыноўніцкаму альбо партыйнаму апарату, які ўзурпаваў уладу.

Увесь так званы “сацыялістычны блок” быў створаны паводле адзіных прынцыпаў кампартыйнай дыктатуры, хоць у розных краінах і былі пэўныя адхіленьні, якія, аднак, не закраналі аўтарытарнага падмурку рэжыму.

Што да вашых назіраньняў адносна папулярнасьці ідэю байкоту выбараў. Магчыма, у вас проста кола знаёмых, якія падзяляюць вашыя погляды. Што да стаўленьня да гэтай праблемы большасьці грамадзтва, то тут аб’ектыўную карціну можна пабачыць толькі на падставе зьвестак сацыёлягаў. А яны сьведчаць, што ідэя байкоту для большасьці людзей незразумелая і малапрывабная. Відавочна, таму і большасьць апазыцыі (за выключэньнем адной Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ) схіляецца да іншай тактыкі палітычнай барацьбы.

На гэтую ж тэму — ліст вашага, спадарыня Дуброўская, аднапартыйца Віктара Шоця са Смаргоні. Ён піша:

“Згодзен з вамі, спадар Жданко, у тым, што байкот цяжэй арганізаваць, што ён ня ўсімі ўспрымаецца. Але ці павінны палітыкі ісьці лёгкім шляхам? Трэба выбіраць той шлях, які вядзе да перамогі, нават калі ён няпросты, ня ружамі ўсыпаны.

І наогул, ці час цяпер гаварыць пра выбары ды рэфэрэндум? Беларусь сёньня як ніколі блізкая да страты сваёй дзяржаўнасьці. Трэба біць ва ўсе званы аб расейскай агрэсіі. І тут, мне здаецца, мае пэрспэктыву ініцыятыва шасьці менчукоў — сяброў БНФ “Адраджэньне”, якім кіруе Зянон Пазьняк. Яны імкнуцца распачаць судовыя справы з мэтай спыніць гвалт над нашымі канстытуцыйнымі правамі, прызнаць несапраўднай дамову ад 1999 году аб стварэньні саюзнай дзяржавы. Тысячы людзей па ўсёй Беларусі ўжо падпісаліся пад заявай актывістаў КХП-БНФ”.

Цяжка, спадар Шоць, уявіць, што нейкі суд (няхай і міжнародны) прыме да разгляду палітычныя прэтэнзіі вашых аднапартыйцаў і што ад такога разгляду будзе нейкі практычны плён. Іншая рэч — збор подпісаў як агітацыйная акцыя, практычны спосаб, кажучы вашымі словамі, “біць у званы”. Але вашая партыя і раней праводзіла падобныя ж агітацыйныя кампаніі. І нельга сказаць, каб зь пераканаўчым вынікам. У партыі дзеля гэтага мала рэсурсаў; а другое — большасьць грамадзтва, назіраючы за няспыннай сваркай паміж Масквой і Менскам, ня надта верыць у тое, што незалежнай Беларусі пагражае хуткая анэксія.

На заканчэньне — кароткі ліст Андрэвуша Шчуры з расейскага сяла Шыльскае Апочацкага раёну Пскоўскай вобласьці, на тэму абароны Нацыянальнага ліцэю. Слухач піша:

“Палітыка — рэч пераважна брудная, з усімі сваімі хітрыкамі ды крывадушнасьцю. Але навучэнцы Нацыянальнага ліцэю імя Якуба Коласа тут ні ў чым не вінаватыя. І я, хоць асьцерагаюся нават кранацца палітыкі, шчыра хачу паставіць свой подпіс у абарону навучэнцаў ліцэю, у абарону будучыні, абуджэньня Крывіцкае Літвы, бо моладзь — і ёсьць будучыня. Памажы ім Пан Бог”. Подпіс: Андрэвуш Шчура, фундатар музэю літоўскае памежнае варты Рэчыпаспалітай, сяло Шыльскае Апочацкага раёнУ Пскоўскай вобласьці. Расея.

Да вашага, Андрэвуш, ліста маглі б далучыцца дзясяткі іншых нашых слухачоў, якія гэтымі днямі пішуць і тэлефануюць нам на Свабоду, выказваючы словы падтрымкі ліцэістам і абураючыся дзеяньнямі ўлады, палітыка якой накіраваная на вынішчэньне беларускамоўнай адукацыі.

Апошнія дні нам таксама даслалі лісты Міхась Навумік з Маладэчна, Уладзімер Стрэчань з украінскіх Чарнаўцоў, Юлія Земчанкава зь Веткі, Віктар Бута зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG