Сярод масавых маштабных сьвятаў, якія штогод ладзяць у Беларусі ўлады, асабліва вылучаюцца Дажынкі. Да гэтага фэсту рыхтуюцца цягам году, выдаткоўваючы на яго мільярды бюджэтных рублёў. Сёлета ўсебеларускія Дажынкі адбудуцца ў Пружанах. Нядаўна наш слухач палкоўнік запасу Генадзь Бедункевіч зь Берасьця пабываў у гэтым райцэнтры, і пад уражаньнем убачанага напісаў і даслаў на Свабоду ліст.
“Сьвята калгаснай вёскі ў Пружанах задуманае з размахам, — піша слухач. — Вялікая праца кіпіць там уздоўж цэнтральнай вуліцы. Кладуць асфальт, раскідваюць старыя хаткі й хлявы, зносяць пахілыя бальконы, што выходзяць на вуліцу. Кажуць, Лукашэнка даў загад галоўнаму банкіру Беларусі Пракаповічу, які родам з Пружаншчыны, выдаткаваць на гэтае сьвята калгаснага сацыялізму 200 мільярдаў рублёў. А колькі грошай пойдзе на абслугоўваньне дэлегацыяў, на гулянкі ды ўзнагароды...
Як на маю думку, дык як можна рыхтавацца да такога грандыёзнага фэсту, калі ня ведаеш, ці будзе ўраджай. А што будзем сьвяткаваць, калі нічога ня ўродзіць? Зробім выгляд, што ўсё ў парадку?”
Яшчэ адна падзея, на якую зьвяртае ўвагу палкоўнік запасу Генадзь Бедункевіч зь Берасьця — буйныя манэўры вайсковай авіяцыі і супрацьпаветранай абароны, якія прызначаныя на верасень. Слухач з гэтай нагоды піша:
“Мяркуецца, што будзе задзейнічана каля 80 адзінак самалётаў ды гелікоптэраў. Змарнуюць тысячы тон паліва. І гэта ў той час, калі кожную вясну вэртыкаль пускае шапку па кругу, шукаючы паліва на сяўбу. Тым часам нашы настаўнікі і дактары атрымліваюць мізэрныя заробкі. А многія сяляне ўвогуле ня бачылі грошай зь мінулага жніва. Чаму так адбываецца? Думаю, таму, што рашэньне — куды пусьціць грошы — залежыць не ад народу і парлямэнту, а ад жаданьня адной асобы. Захацеў уладар — і адным росчыркам пяра кінуў народныя мільярды на розныя забавы ды на запалохваньне Захаду”, — напісаў палкоўнік запасу Генадзь Бедункевіч зь Берасьця.
Штогадовыя ўсебеларускія Дажынкі, сапраўды, ператварыліся ў вельмі цяжкія для бюджэту гульбішчы, якія сьвяткуюцца незалежна ад таго, добры на вёсцы ўраджай, ці ўсё высахла альбо вымакла. Звычайна ўлады апраўдваюцца тым, што грошы гэтыя не марнуюцца — у асноўным укладваюцца ў зьнешні выгляд якога-небудзь гораду альбо мястэчка. Але райцэнтраў у Беларусі больш за сотню, і дзеля Дажынак у адным гарадку грошы адбіраюць ва ўсіх астатніх. А каб дачакацца сваёй чаргі, райцэнтру спатрэбіцца цэлае стагодзьдзе.
Шмат пытаньняў і наконт пераможцаў гэтых усебеларускіх Дажынак. У некалькіх леташніх пераможцаў нядаўна адабралі ўзнагароды, а саміх іх асудзілі — за падман. (Пра гэтую гісторыю Радыё Свабода падрабязна распавядала.) Але на прыпісках яшчэ з савецкага часу грунтуецца ўся сыстэма падобных спаборніцтваў.
Кароткі ліст ад нашага слухача Рамана Зіноўева з расейскага гораду Іванцееўка Саратаўскай вобласьці. Спадар Зіноўеў піша:
“Вяртаючыся з Польшчы, вырашыў не спыняцца на начлег у Беларусі. Аднаго разу мне ўжо давялося карыстацца паслугамі беларускага гатэлю. Мала таго, што сэрвіс там застаўся савецкі, дык яшчэ выявілася, што замежныя грамадзяне, у тым ліку расейцы, павінны плаціць утрая даражэй, чым беларусы. І гэта на тле афіцыйнай хлусьні пра братэрскі саюз.
Так што спыніўся на начлег у польскай Кузьніцы, не даяжджаючы да беларускай мяжы. Заплаціў не даражэй, чым паляк. Прытым, за вельмі неблагі сэрвіс. Гэтак жа робяць і тысячы іншых падарожнікаў, імкнучыся перасячы Беларусь як мага хутчэй, не спыняючыся”.
Гэта, спадар Зіноўеў, адна з многіх праяваў беларускага “рынкавага сацыялізму”, якая надзвычае зьдзіўляе і абурае замежных грамадзянаў. Вынаходзтва гэтае ня ўласна беларускае — пазычанае яно з савецкай практыкі, калі рэдкіх замежных турыстаў у занядбаных гатэлях за ненавязьлівы савецкі сэрвіс абдзіралі як ліпку. Вельмі сумнеўна, што гэткім чынам можна абараніць небагатых беларускіх грамадзянаў. А вось тое, што замежны турыст у выніку будзе аб’яжджаць такія гатэлі бокам, а гатэльны бізнэс не атрымае сродкаў для разьвіцьця, вельмі верагодна. Сьведчаньнем чаго і ёсьць ваш, спадар Зіноўеў, ліст.
Іван Сідарэвіч зь Менскага раёну ў сваім лісьце зьвяртаецца да мяне:
“Спадар Жданко, слухаў вас 11 траўня і ня мог паверыць, што вы маглі такое сказаць на адрас Вячаслава Кебіча — нібыта гэта ён вінаваты, што ўладу ў Беларусі захапіў Лукашэнка. Насамрэч жа віна за гэта на 80% ляжыць на дэпутатах былога Вярхоўнага Савету на чале са Станіславам Шушкевічам. Я вельмі паважаю спадара Шушкевіча як навукоўца і наогул як чалавека, але тут ён дапусьціў вялізарную памылку. Антыкарупцыйная камісія стала для нікому не вядомага Лукашэнкі выдатным трамплінам. А тут яшчэ зьявіліся дарадчыкі — Лябедзька, Булахаў, Фядута, Сініцын, Ганчар, Захаранка... Яны думалі, што потым лёгка дамовяцца зь ім, будуць яго накіроўваць. І што — дамовіліся?
Аптымальным выбарам для Беларусі мог стаць Вячаслаў Францавіч Кебіч, бо гэта беларус ад кораня. Пры ім і дзяржаўнай мовай засталася бы беларуская, і дзяржаўныя сымбалі не мяняліся б, і з Захадам адносіны не сапсаваліся б, і з Расеяй мы жылі б у сяброўстве. Наогул, палітыка была б зусім іншая. Кебіч — чалавек зусім іншага, чым Лукашэнка, складу.
Увогуле, каб Вячаслава Францавіча абралі прэзыдэнтам, а Станіслаў Станіслававіч застаўся сьпікерам — якая гармонія была б! Але — ніхто так дрэнна ня зробіць, як самі сабе. Ну, якая ў нас цяпер апазыцыя? Яе няма, а калі і ёсьць, дык кішэнная — якраз такая, што патрэбная цяперашняму прэзыдэнту. Яны паміж сабой ня могуць дамовіцца, арганізавацца. Тыя ж Чыгір, Віньнікава, Багданкевіч ды іншыя ішлі служыць Лукашэнку, а не народу. Яны ж бачылі, хто такі Лукашэнка. І чаго ад іх цяпер можна чакаць?” — напісаў Іван Сідарэвіч зь Менскага раёну.
У аглядзе пошты 11 траўня, пра які вы, спадар Сідарэвіч, згадваеце, я цытаваў ліст Анастаса Семяновіча зь вёскі Бараўляны Менскага раёну. Спадар Семяновіч лічыць, што Беларусь не гатовая да пасады прэзыдэнта і што неабходна вярнуцца да Канстытуцыі 1994 году. У адказе яму я нагадаў, што дыскусія такая ўжо была — у 1993–94 гадах, у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, падчас працы над праектам Канстытуцыі. Многія тады засьцерагалі ад увядзеньня пасады прэзыдэнта з шырокімі паўнамоцтвамі, папярэджвалі, што гэта можа стаць падмуркам для аўтарытарнай дзяржавы. Аднак вырашальны голас у Вярхоўным Савеце тады мелі прыхільнікі Вячаслава Кебіча, якія не сумняваліся, што менавіта ён стане першым прэзыдэнтам.
Сёньня можна толькі здагадвацца, як разьвівалася б Беларусь, калі б тыя пляны тагачаснай беларускай намэнклятуры ажыцьцявіліся. Ня думаю, што існавала б апісаная вамі, спадар Сідарэвіч, ідылія ў адносінах паміж галінамі ўлады. Яе не было ідыліі і тады, калі Кебіч і Шушкевіч працавалі побач. Дарэчы, Шушкевіч страціў пасаду менавіта ў той час (гэта было ў студзені 1994 году), калі ўрад узначальваў Кебіч.
І шматгадовую эпапэю з адмовай ад нацыянальнай валюты на карысьць расейскага рубля таксама, дарэчы, распачынаў яшчэ Вячаслаў Кебіч.
Ліст ад Аляксандра Раманава з Горадні. Слухач піша:
“Вы кожны дзень запрашаеце слухачоў наведаць ваш Інтэрнэт-сайт, дзе нібыта штодня абнаўляеце навіны. Я стрэляны верабей, ня веру ніводнаму вашаму слову. А тут даў маху, за што вельмі сябе дакараю. Сёньня раніцай, 10 мая, мне патэлефанаваў знаёмы і паведаміў, што адна інфармацыя, якая мяне вельмі цікавіць, была нібыта агучана ў вашым эфіры ўчора, 9 мая. Пайшоў на пошту, папрасіў адшукаць ваш сайт “svaboda.org”. І што ж я ўбачыў? На календары 10 мая, а ваш сайт апошні раз абнаўляўся 9 траўня — больш як месяц таму.
І гэта амэрыканская станцыя. І вы яшчэ трызьніце ў сваіх перадачах пра вялікую Беларусь. Працаваць трэба сумленна, а не халтурыць, адпрацоўваючы свае 30 срэбранікаў. ...Вось напісаў гэты ліст — і бачу, што марна стараўся. Вы ж сваіх памылак не прызнаеце: зробіце выгляд, што ніякага Раманава ўвогуле ня ведаеце. Куды вам цягацца з сумленным дысыдэнтам 60-х гадоў”. Подпіс: Аляксандар Раманаў, Горадня.
У апісаным вамі, спадар Раманаў, выпадку памылку павінны прызнаць вы самі. “Травень” — назва пятага месяца году (“мая” па-расейску). Калі б вы лепш ведалі беларускую мову, то не было б ні гэтых вашых папрокаў, ні зласьлівага ліста. Наш сайт абнаўляецца штодня, і вы самі ў гэтым можаце пераканацца, калі толькі зноў ня зблытаеце назвы месяцаў.
Што да “сумленнага беларускага дысыдэнта 60-х гадоў Аляксандра Раманава”, нічога пэўнага сказаць не магу. Ня ведаю ні пра такога дысыдэнта, ні пра ягоную барацьбу з камуністычным рэжымам.
Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Віктар Курлукоў з Гомелю, Ігар Касьянаў з украінскага Севераданецку Луганскай вобласьці, Анатоль Кулеш зь Ліды, Алесь Станкевіч і Ўладзіслаў Іваноў з Горадні.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.