Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Каб уратаваць дзяржаўны хлебазавод, нас прымушаюць купляць дарагі й нясмачны хлеб”


Валянцін Жданко, Менск

Для сёньняшняга агляду я выбраў зь вялікай пошты апошніх тыдняў лісты, у якіх няма развагаў пра высокую палітыку і пра лёс дзяржавы, а ёсьць расповеды пра канкрэтныя жыцьцёвыя сытуацыі, зь якімі штодня даводзіцца сутыкацца людзям у Беларусі. Пачну зь ліста ад Сяржука Макеева зь мястэчка Коханава Талачынскага раёну. Слухач распавядае тыповую гісторыю таго, як улады змагаюцца з прыватнай ініцыятывай. Сяржук піша:

“У нашым Талачынскім раёне ёсьць моцны дзяржаўны манапаліст — хлебазавод у райцэнтры. У 1995 годзе канкурэнцыю яму паспрабаваў скласьці прыватны прадпрымальнік, які набыў і ўсталяваў уласную хлебапякарню. Справы ў яго ішлі няблага. Хлеб ягоны быў таньнейшы і смачнейшы, чым зь дзяржаўнага хлебазаводу. Натуральна, людзі пацягнуліся па хлеб да прыватніка. Вось тут і пачалося супрацьстаяньне прыватнага гаспадара з чыноўнікамі й дырэктарам хлебазаводу. Скончылася ўсё тым, што прадпрымальнік вымушаны быў адмовіцца ад выпечкі хлеба, а рабочых звольніў. Пасьля гэтага ніхто ў раёне больш не адважваецца на такую рызыкоўную справу”.

Гісторыя гэтая, апісаная Сяржуком Макеевым, мела працяг ужо ў самім мястэчку Коханава. Пазбавіўшыся ад канкурэнта, дзяржаўны хлебазавод працягваў пячы той жа дарагі і нясмачны хлеб. Местачкоўцы ведалі — праз суткі талачынскі хлеб кісьне, а праз паўтара-двое сутак пакрываецца цьвільлю. Тым часам як аршанскі хлеб таньнейшы, а захоўвацца можа да пяці сутак. І вось у Коханаве знайшоўся прыватны прадпрымальнік, які на ўласнай машыне пачаў прывозіць хлеб з Воршы. Чым усё гэта скончылася? Яшчэ адна цытата зь ліста Сяржука Макеева:

“І для коханаўцаў, і для жыхароў суседніх вёсак — Багданаўкі, Вялікіх Ліпнікаў, Пуськоў, Кругоў — гэта вельмі зручна. Але раённыя чыноўнікі кожны год пачалі ўводзіць так званую “часовую” забарону на гандаль прывазным хлебам. А прадпрымальніку казалі — “гандлюй талачынскім хлебам”. Той, натуральна, не пагаджаецца: хлеб кепскі й дарагі. Жыхары мястэчка кожны год пішуць калектыўныя скаргі ў Менск, але праблема не вырашаецца.

Раней падчас такіх забаронаў многія жыхары Коханава езьдзілі па хлеб “электрычкаю” ў Воршу, але пасьля таго, як падаражэў праезд, гэта стала не па кішэні. Асабіста я для сябе вырашыў: талачынскі хлеб набываць ня буду да таго часу, пакуль ён ня стане ня горшы і не даражэйшы за аршанскі”, — робіць напрыканцы свайго ліста выснову Сяржук Макееў з Коханава Талачынскага раёну.

Гісторыя гэта, Сяржук, тыповая для многіх сельскіх раёнаў Беларусі. Аргумэнты, якімі апраўдваюцца чыноўнікі, на першы погляд, нібыта слушныя. Трэба, маўляў, падтрымліваць уласнага вытворцу: ён плаціць падаткі ў мясцовы бюджэт, дае працу мясцовым жыхарам. Якраз гэтага і дамагаецца манапаліст: навошта ламаць галаву над мадэрнізацыяй вытворчасьці, навошта шукаць грошы на сучаснае абсталяваньне, калі ўсё можна вырашыць з дапамогай загаду мясцовай вэртыкалі. Інтарэсы саміх спажыўцоў, якія вымушаныя пераплачваць за няякасны хлеб, не бяруць да ўвагі ні чыноўнікі, ні манапаліст.

А цяпер уявім, што прыватным хлебапякарням чыноўнікі перастануць чыніць перашкоды. Што адбудзецца зь дзяржаўным хлебазаводам? Так, ён вымушаны будзе альбо пячы іншы хлеб, альбо збанкрутуе. Ці прайграе ад гэтага мясцовы бюджэт? Наўрад ці: ён зможа атрымліваць падаткі з рэнтабэльных прыватных хлебапякарняў. Ды і дасьведчаныя хлебапёкі змогуць там знайсьці занятак. Бяз працы застануцца хіба што начальнікі.

Аляксандар Нікіцін зь мястэчка Круглае даслаў ліст, пад якім падпісаліся таксама чацьвёра іншых жыхароў Круглянскага раёну — спадары Валожын, Самойлаў, Якута і Любін. Да ліста слухачы прыклалі фотаздымак адной з дарог магілёўскай вобласьці — Круглае–Нежкава. Аўтары ліста пішуць:

“Зусім нядаўна ўздоўж гэтай дарогі зелянелі незвычайнай прыгажосьці бярозы. Расьлі яны тут не адно дзесяцігодзьдзе, цешылі вока, давалі прахалоду і сьвежае паветра. А цяпер ад іх засталіся адны пні. Падобнае адбываецца і ў іншых мясьцінах. Едзеш цяпер па Круглянскім раёне — і сэрца крывёю абліваецца, суцэльныя пні ўздоўж дарог. Пачалося масавае зьнішчэньне зялёных пасадак і ў самім мястэчку Круглае, і ў вёсках.

Відаць, так кіраўнік раённай адміністрацыі Гобараў ды іншыя чыноўнікі разумеюць прэзыдэнцкую праграму “навядзеньня парадку на зямлі”. Цяпер ад забруджаньня навакольнага асяродзьдзя задыхаюцца нашыя гарады. А хутка пры такім падыходзе будуць задыхацца і вёскі”, — робіць выснову Аляксандар Нікіцін з Круглага.

Мы час ад часу атрымліваем падобныя паведамленьні з розных рэгіёнаў Беларусі. Не заўсёды сьцьвярджэньні пра злыя намеры чыноўнікаў маюць пад сабой грунт. Здараецца, ня высекшы дрэвы, немагчыма пашырыць вузкую дарогу. Альбо старыя дрэвы ў аварыйным стане і сапраўды небясьпечныя для людзей і будынкаў. Іншая рэч, што дбайны гаспадар у такіх выпадках, высекшы старое дрэва, побач пасадзіць замест яго дзесяць маладых дрэўцаў. І ў гэтым сэнсе вашыя заўвагі, спадар Нікіцін, безумоўна, слушныя.

Ліст ад Паўла Станкевіча зь Берасьця. Слухач піша:

“Нядаўна быў па справах у памежным Тэрэспалі й назіраў за акцыяй польскіх спэцслужбаў у справе адлову і дэпартацыі беларускіх грамадзянаў. Пад’яжджаюць да рынку некалькі цёмна-сініх аўтобусаў, адтуль выскокваюць 5–6 мужчынаў у цывільным — і пачынаецца паляваньне. Усе на рынку разьбягаюцца хто куды.

Мясцовыя палякі кажуць, што гэтыя “зачысткі” прымеркаваныя да рэфэрэндуму наконт уступленьня Польшчы ў Эўразьвяз. Тым часам вашае радыё перадае з Польшчы толькі бадзёрыя рапарты пра перамовы наконт увядзеньня візаў. А трэба распавядаць пра жыцьцё, пра тое, як нас там прыніжаюць”.

Пытаньне наконт таго, хто каго ў гэтым выпадку прыніжае, спадар Станкевіч — спрэчнае. Ці не прыніжаюць самі сябе тыя людзі, якія цішком спрабуюць правезьці празь мяжу цыгарэты і гарэлку, а потым нелегальна прадаюць усё гэта на польскіх рынках? Натуральна, улады Польшчы супрацьстаяць гэтаму, паколькі нелегальны гандаль шкодзіць нацыянальнай эканоміцы.

Зрэшты, у гэтай праблемы ёсьць і іншы аспэкт. Не ад добрага жыцьця многія ўчорашнія беларускія настаўнікі, мэдыкі, рабочыя ператварыліся ў так званых “сьпіртавозаў”. Для многіх гэта адзіны спосаб пракарміць сям’ю.

Ліст ад Віктара Іванова з Магілёва:

“Вельмі зацікавіла нядаўняя вашая перадача пра льготы. Найперш ільготы трэба адбіраць у тых, хто сядзіць на шыі ў народу — у міліцыі, арміі, дэпутатаў, а таксама ў тых, хто прысвоіў сабе льготы незаконным шляхам. А бедных пэнсіянэраў няхай улада не чапае. Даўно настаў час разагнаць палову арміі й міліцыі, скараціць дэпутатаў. Няхай ідуць круціць гайкі, як увесь астатні люд.

Неабходна разагнаць і ліквідаваць усю чырвона-карычневую дыктатарскую буржуазію. Народ павінен сам вырашаць свой лёс, а не сядзець у жабрацтве, каторы год слухаючы абяцанкі Лукашэнкі. Некаторыя кажуць: “Каго ж нам выбраць, апроч Лукашэнкі нікога няма”. Я на гэта адказваю: тое, што па тэлевізары нікога, апроч Лукашэнкі не паказваюць, яшчэ ня значыць, што ў нас няма разумных, адукаваных, дасьведчаных палітыкаў”.

Грувасткай і дарагой сыстэмай ільготаў дзяржава сама для сябе стварыла мноства праблемаў. Звычайна прывілеі раздаваліся розным катэгорыям насельніцтва перад чарговымі выбарамі, каб улагодзіць электарат. Што цяпер рабіць з гэтай сыстэмай, якая стала для бюджэту непасільнай? Выйсьце, здавалася б, відавочнае: плаці пэнсіянэру такую пэнсію, каб яе хапала на поўны, а ня льготны квіток на аўтобус, на аплату камунальных паслугаў…

Такое рашэньне і абяцаюць улады. Але людзі, ведаючы айчынныя рэаліі, непакояцца, што зроблена будзе інакш: пэнсія ўзрасьце на рубель, а льготаў адбяруць на тысячу. І для апасеньняў гэткіх, сапраўды, ёсьць падставы.

Міхась Чарнушчык з Горадні піша:

“На ўскраіне Горадні ёсьць лясное месца адпачынку — Пышкі. Там штодня зьбіраюцца пэнсіянэры. Многія сьпяваюць, і нават добра. Але крыўдна, што не пачуеш ніводнай беларускай песьні. На рынках каля музычных шапікаў чуваць толькі расейскую папсу. Пра Беларускае тэлебачаньне і казаць няма чаго. Дык чаму ў Пышках не сьпяваюць беларускіх песень? А таму, што акрамя “Касіў Ясь канюшыну” больш нічога ня ведаюць. А ня ведаюць, бо песьні гэтыя амаль нідзе ня гучаць, у тым ліку і на Свабодзе. Дзе песьні з рэпэртуару Данчыка, Забэйды-Суміцкага, Конюха? Нават “Зоркі Вэнэры” не чутно.

Разумею, што ў рамках палітычных перадачаў мала часу на песьні. Але ж добрая песьня, створаная таленавітымі паэтам і кампазытарам, мае, можа, ня меншае значэньне, чым “Экспэртыза Свабоды”. Бо ўспрымаецца ня толькі розумам, а і сэрцам”, — напісаў Міхась Чарнушчык з Горадні.

Так, спадар Чарнушчык, мы, сапраўды, ня маем магчымасьці запаўняць свой эфір музыкай гэтак жа, як FM-станцыі. Хоць летась беларускай песьні мы адвялі шмат месца ў праекце “Мэлёдыя дня”. З дня ў дзень на працягу ўсяго году гэтая перадача выходзіла ў эфір, нагадваючы самыя папулярныя беларускія песьні розных жанраў ды стыляў.

Апошнія дні нам таксама даслалі лісты Аляксандар Раманаў з Горадні, Алесь Шустоўскі з Барысава, Аляксандар Ніжэвіч з Адэсы і Васіль Лявіцкі са Жлобіна.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Перадача “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG