Азіраючыся на падзеі апошняга дзесяцігодзьдзя нацыянальнай гісторыі, некаторыя нашыя слухачы ў сваіх лістах спрабуюць даць ацэнкі асобам і зьявам, якія вызначалі гэтую гісторыю. Найчасьцей у такіх развагах згадваюцца імёны Аляксандра Лукашэнкі й Зянона Пазьняка. Вось адзін з такіх лістоў — яго нам даслаў Іван Голубеў з Наваполацку.
“Вы прычыну ўсіх бедаў бачыце ў Лукашэнку, а ня хочаце глядзець глыбей. Задумайцеся, хто вінаваты ў тым, што Лукашэнка прыйшоў да ўлады? — заклікае слухач. — Згадайце, напрыканцы 80-х — пачатку 90-х гадоў народ ненавідзеў камуністаў ды іхны рэжым. Апазыцыя мела ўсе шанцы на тое, каб прыйсьці да ўлады. І што ў гэтых умовах зрабіў Пазьняк, зь імем якога атаясамлівалі тады дэмакратычную апазыцыю? Распачаў нейкую дзікую, пячорную нацыяналістычную гістэрыю. Пачаў палохаць расейскім імпэрыялізмам. І гэта ў краіне, дзе большасьць насельніцтва размаўляе па-расейску. Наколькі абмежаваным, непрадбачлівым, нягнуткім трэба быць, каб дапускаць такое! І гэты чалавек лічыць сябе палітыкам.
Натуральна, народ дружна адвярнуўся ад Пазьняка, а адначасна і ад Народнага Фронту, ды і ад усёй апазыцыі. Калі б усяго гэтага не было (гэта значыць, каб не было Пазьняка), на выбарах 1994 году перамог бы памяркоўны дэмакратычны палітык. Бо выбары тыя былі справядлівыя. І сёньня Беларусь ужо ўступала б у Эўразьвяз і НАТО разам з Польшчай і Літвой.
Палахлівыя ўцёкі Пазьняка — гэта сорам для яго і для ўсіх, хто яго падтрымлівае. А падтрымліваюць яго долі адсотка насельніцтва — такі бясслаўны палітычны канец гэтага чалавека, які так і ня стаў палітыкам, бо марыў стаць правадыром і прарокам”.
Відавочна, спадар Голубеў, сучасная беларуская гісторыя магла бы скласьціся зусім інакш, калі б апазыцыя на мяжы 1980-90-х гадоў абрала іншую тактыку, калі б прадбачыла ўсе наступныя небясьпекі ды няўдачы. Але ўсё гэта — развагі, якія маюць мала агульнага з рэальнасьцю: гісторыя, як вядома, ня ведае ўмоўнага ладу.
І наўрад ці варта ўскладаць сёньня пэрсанальную віну на нейкага канкрэтнага палітыка за тое, што адбылося зь Беларусьсю і беларусамі ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Урэшце, народ сам разьлічваецца за ўласныя памылкі. Як разьлічваюцца за свае памылкі і самі палітыкі. Хоць не сумняюся, што многія ў Беларусі падзяляюць менавіта ваш, спадар Голубеў, пункт гледжаньня.
Наш даўні слухач Cямён Булыга з Баранавічаў даслаў артыкул Міколы Бруя з “Местной газеты”, якая выдаецца ў іх горадзе.
“Ведаеце, — піша Сымон Булыга, — калі я прачытаў гэты артыкул пад назвай “Рэквіем роднай мове” — у мяне на вачах зьявіліся сьлёзы. Згодзен з аўтарам, што нашая родная мова зьнікла назаўсёды. У кожнай вашай перадачы павінен быць крык сэрца “белых варон” — тых беларусаў, якія яшчэ засталіся і жадаюць нашу пакутніцу, нашу дарагую беларускую мову ажывіць”.
Слухача асабліва ўразіла тое, з чым сутыкнуўся Мікола Бруй, калі праз трыццаць гадоў зноў прыехаў у сваю родную вёску ў Касьцюковіцкім раёне. Вось як апісвае свае ўражаньні аўтар:
“Сьвяты Божа! Мовы, маёй матчынай мовы ўжо не было. Панавала “трасянка”: слова роднае — два расейскія. Думаеце, я быў лепшым? Нічога падобнага: мая мова страціла душу, акцэнт... На маё пытаньне — што здарылася, чаму беларус адмовіўся ад сваёй мовы, маці адказвала коратка і мудра: “Мову загубіў “чэмер”. Так адным словам яна называла ўсе напоі — гарэлку, віно, самагонку (чэмергес), брагу ды іншае. Калі мова — душа народа, дык п’янства, якое апанавала нашую краіну, разбурыла гэтую душу.
...Можа, нам і наканавана жыць бяз роднай мовы, без каранёў, без гісторыі, бяз памяці, без усяго таго, што зьбіралася і зьберагалася тысячагодзьдзямі. Дзесьці ў аналах сусьветнай гісторыі і застануцца зьвесткі аб беларускай мове, як засталіся зьвесткі аб мове майя”, — лічыць Мікола Бруй з Баранавічаў.
Не пагаджуся, спадар Бруй, з вашым цьверджаньнем, што беларуская мова “зьнікла назаўсёды”. Яна ня зьнікла, хоць пагроза яе зьнішчэньня, сапраўды, рэальная і вельмі сур’ёзная. Мне ўжо ня раз даводзілася адказваць на падобныя лісты: моўная сытуацыя ў Беларусі тлумачыцца, з аднаго боку, дзяржаўнай палітыкай у гэтай сфэры, якая спрыяе русіфікацыі; а з другога — нацыянальным самаўсьведамленьнем саміх беларусаў.
Мовы, на жаль, ня вечныя, як і нацыі. Але гісторыя ведае прыклады, калі мовы паўставалі зь нябыту і станавіліся падмуркам для адраджэньня нацыі і дзяржавы, як было з мовай габрэяў — іўрытам. Але ёсьць і іншыя прыклады — калі ў нацыяў не хапала ўнутраных сілаў дзеля захаваньня сваёй мовы перад больш моцнай моўнай стыхіяй суседзяў. І мовы зьнікалі — разам з нацыямі й дзяржавамі.
Ліст ад Мікалая Слуцкага зь Менску:
“Калі амэрыканцы ды іхныя саюзьнікі дапамогуць іракцам наладзіць мірнае жыцьцё, гэта будзе яшчэ адным пацьверджаньнем маральнага права цывілізаваных краінаў дапамагаць вызваленьню народаў ад улады амаральных, нелегітымных, злачынных дыктатур. Лічу нават, што яны павінны гэта рабіць, як адзіная рэальная сіла, здольная перамагчы зло.
Цяпер стала зразумела, каго насамрэч абаранялі ўсе гэтыя так званыя “антыглябалісты”, “барацьбіты супраць вайны”, якія стваралі ў Багдадзе “жывыя шчыты”. Яны станавіліся на абарону не ірацкага народу, а дыктатара, які з гэтага народу зьдзекаваўся, тварыў злачынствы, кідаў выклік цывілізаванаму сьвету”.
Ня думаю, спадар Слуцкі, што ўсе пацыфісцкія ды антыглябалісцкія рухі трэба залічваць у абаронцаў дыктатарскіх рэжымаў. Насамрэч гэтыя ды многія іншыя падобнага кшталту арганізацыі — частка грамадзянскай супольнасьці ў дэмакратычнай дзяржаве. Іхнае імкненьне адмаўляць любыя формы гвалту альбо абараняць нацыянальныя адметнасьці не супярэчыць заканадаўству. Яны маюць права на падобныя перакананьні. Тое, што іх выкарыстоўваў у сваіх інтарэсах рэжым Садама Хусэйна, зусім ня сьведчыць, што яны абаранялі дыктатуру.
Віктар Баранаў з Рагачова піша:
“Яшчэ нядаўна Беларусь была пастаўшчыком таннага харчаваньня ў Расею ды іншыя краіны. Цяпер усё наадварот: у Расеі прадукты таньней, чым у нас. І беларусы адмыслова езьдзяць туды — па таньнейшы і смачнейшы хлеб, па мяса...
Беларускім уладам гэта не падабаецца — яны распачалі сапраўдную вайну, не пускаюць у Беларусь таннае харчаваньне. Натуральна, расейцам гэта таксама недаспадобы — яны таксама ціснуць на свой урад, каб той прымаў меры ў адказ. Узьнікае пытаньне: ці здольная такая ўлада кіраваць дзяржавай?
Чаму тое ж харчаваньне ў Беларусі дарагое? Бо захаваныя калгасы. А людзі там заставацца ня хочуць. Дзяржава прымушае будаваць у вёсках жыльлё. Але хто паедзе працаваць у вёску, нават калі там даюць хату, калі плацяць у калгасе дваццаць тысяч рублёў за месяц? Сяляне ў Беларусі фактычна выміраюць”, — напісаў Віктар Баранаў з Рагачова.
Вы, спадар Баранаў, распавялі пра самага галоўнага і самага сур’ёзнага праціўніка калгаснай сыстэмы — рынак, які грунтуецца на вольнай канкурэнцыі. Беларускае харчаваньне яшчэ некалькі гадоў таму было вельмі танным не таму, што калгасы працавалі эфэктыўна: проста ў Беларусі была разладжаная фінансавая сыстэма, не было цьвёрдага рубля, месячныя заробкі вымяраліся некалькімі далярамі. Як толькі інфляцыю паспрабавалі прыпыніць, а рубель прывязаць да цьвёрдай валюты, стала відавочнай сапраўдная эфэктыўнасьць эканомікі, у тым ліку і сельскай гаспадаркі.
Дзеля таго, каб абараніць гэтых неэфэктыўных вытворцаў, улада і ставіць перашкоды для імпарту. Натуральна, выклікаючы ў адказ адэкватныя абмежаваньні з боку іншых краінаў. Наколькі плённы такі шлях? Ва ўмовах Беларусі, якая арыентаваная на экспарт сваёй прадукцыі — абсалютна тупіковы. І ў беларускім ўрадзе гэта ўжо адчулі.
На заканчэньне — урывак зь ліста Андрэя Паско зь Берасьця:
“З паведамленьняў вашых карэспандэнтаў я даведаўся, што Курапаты зноў у небясьпецы. Манкурты хочуць збудаваць там катэджны пасёлак. Патрыёты правільна робяць, што перашкаджаюць гэтым нахабным спробам, якія ня ўчора пачаліся і ня заўтра скончацца.
Я таксама падзяляю вашыя погляды наконт нацыянальнай сымболікі беларусаў. Нягледзячы на абставіны, веру ў аптымістычную будучыню роднай беларускай мовы.
Вельмі добра, што вашыя карэспандэнты езьдзяць у “глыбінку” і распавядаюць пра яе турботы і радасьці. Мне падабаецца, што вы даяце слова простаму люду, што да вас магчыма патэлефанаваць, напісаць, выказаць адкрыта свае меркаваньні”.
Гісторыі вакол Курапатаў мы надавалі й надаём шмат увагі. І гэтак жа, як і вы, Андрэй, упэўненыя, што недалёкі той час, калі памяць ахвяраў сталінскіх злачынстваў у Беларусі будзе належным чынам ушанаваная.
Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Марыя Пацюк зь вёскі Ляхаўцы Маларыцкага раёну, Аляксандар Нікіцін з Круглага, Алесь Цадко з Маладэчна і Сяргей Макееў зь мястэчка Коханава Талачынскага раёну.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.