Палітычная апазыцыя ў Беларусі за апошнія гады не дасягнула заўважных посьпехаў: прэзыдэнцкія выбары 2001 году ня выйграла; масавай падтрымкі, калі меркаваць па маштабах вулічных акцыяў, не набыла; на сёлетніх мясцовых выбарах колькі-небудзь значнай колькасьці дэпутацкіх мандатаў здабыць ня здолела... Усяму гэтаму шмат тлумачэньняў, і аналізам іх ахвотна займаюцца ў сваіх лістах многія нашыя слухачы. Вось які ліст на гэтую тэму даслаў Віктар Кавешнікаў зь Менску.
“Замест непахіснай абароны незалежнасьці апазыцыя гуляе з Лукашэнкам у паддаўкі,— піша слухач.— Так было на прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году, тое ж самае адбываецца і зараз. У 2001 годзе зь пяцёркі кандыдатаў нейкі закулісны рэжысэр выбраў самага непрахаднога — Уладзімера Ганчарыка. І той жа самы нябачны кіраўнік загадаў апазыці браць удзел у сёлетніх мясцовых выбарах. Таму, мяркую, такую апазыцыю трэба называць псэўдаапазыцыяй, а ейную палітычную дзейнасьць — антыбеларускай.
Сацыял-дэмакраты Мікалая Статкевіча няблага пачуваюцца ў сяброўстве зь нямецкімі “чырвона-зялёнымі” таварышамі. Аб’яднаная грамадзянская партыя знайшла партнэраў на палітычным рынку Расеі. Кіраўніцтва ж гэтак званага Беларускага народнага фронту Вінцука Вячоркі цалкам кантралюецца расейскімі спэцслужбамі.
Зарабляючы сёньня свае срэбранікі, гэтыя асобы не разумеюць, што сваім нашчадкам пакідаюць жабрацкую і зьнявечаную Беларусь. Такім чынам, гэта — заганны палітычны бізнэс, а палітычнай будучыні ў гэтых асобаў і іхных партыяў проста няма”,— робіць выснову Віктар Кавешнікаў зь Менску.
Партыйныя сувязі з аднадумцамі за межамі краіны — агульнапрынятая міжнародная практыка, спадар Кавешнікаў. Дзіўна, што вы лічыце гэта “гандлем Беларусьсю”. Сацыял-дэмакраты многіх эўрапейскіх краінаў шчыльна супрацоўнічаюць і дапамагаюць адны другім — і ніхто не расцэньвае гэта як здраду нацыянальным інтарэсам.
Вашыя абвінавачаньні на адрас БНФ, які ўзначальвае Вінцук Вячорка — нічым не аргумэнтаваныя, галаслоўныя, гаварыць пра іх сур’ёзна не выпадае.
Што да вашай агульнай высновы... Так, сапраўды, апазыцыя церпіць няўдачу за няўдачай, і цяжка назваць яе дзейнасьць плённай і эфэктыўнай. Але іншай апазыцыі ў Беларусі няма: што ёсьць, тое і ёсьць. Зрэшты, існуюць тыя партыі, якія падзяляюць ваш, спадар Кавешнікаў, пункт гледжаньня: ня ўдзельнічаюць у выбарах, не падтрымліваюць сувязі з Захадам і Расеяй... І што ж, яны дасягнулі значных палітычных посьпехаў і карыстаюцца масавай падтрымкаю?
Іван Багдзевіч са Слоніма разважае пра тое, ці правільны замежнапалітычны кірунак абрала Беларусь:
“У Лукашэнкі не было выйсьця,— піша слухач.— Калі б Беларусь пайшла на Захад, дык ёй было б толькі горш. Усю сваю прадукцыю мы прадаем у Расею. А на Захадзе ўсяго свайго хапае — мы ім не патрэбныя. Да таго ж, усё паліва купляем у Расеі. Дык навошта нешта выдумляць?
Калі б яшчэ ніхто не перашкаджаў разьвівацца Беларусі — дык жыцьцё мянялася б да лепшага.
Адзінае, чаго апасаюся, каб мы з гэтай інтэграцыяй зусім не абруселі. Тое, што расейская мова дамінуе ў нас на кожным кроку, відавочна ўжо ўсім. Але што тут зробіш? Мовы ў нас падобныя, але расейшчына гістарычна больш магутная. Ня будзеш жа з Расеяй ваяваць з гэтай прычыны?”,— напісаў Іван Багдзевіч са Слоніму.
Тэза пра тое, што, маўляў, “на Захадзе нас не чакаюць”, а таму трэба арыентавацца выключна на Расею — у сутнасьці, стала падмуркам замежнай палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. Асаблівы разьлік пры гэтым рабіўся на танныя расейскія газ і нафту. Вельмі хутка, аднак, выявілася, што аддаваць энэрганосьбіты за гарачыя сяброўскія пацалункі Масква больш ня хоча. Усьлед за гэтым беларускія калгасы нечакана сутыкнуліся з тым, што расейскія гарады адмаўляюцца купляць беларускую бульбу — яна дарагая і няякасная — ня йдзе ні ў якое параўнаньне з польскай ды галяндзкай. Не асабліва чакаюць у Расеі і беларускае мяса, і тэкстыль, і станкі... Не чакаюць тое, што не вытрымлівае канкурэнтнай барацьбы — незалежна ад краіны паходжаньня. Гэта — закон рынкавай эканомікі, і дзейнічае ён паўсюль — і на Захадзе, і на Усходзе.
Эканомікі большасьці краінаў Усходняй Эўропы ў нядаўнім мінулым таксама былі арыентаваныя выключна на рынак СССР — але мінула дзесяць год — і вось ужо большасьць гэтых краінаў сталі сябрамі Эўразьвязу.
Ліст ад Віктар Тураўца з французскага Ліёну. Слухач піша:
“Асноўная барацьба з лукашэнкаўскім рэжымам яшчэ наперадзе. Будуць і новыя выбары, і рэфэрэндумы, і вулічныя пратэсты. А значыць, паўторацца парушэньні закону, “хапун”, гэтак званыя “суды” над затрыманымі.
Лукашэнка праз свае дэкрэты загадзя папярэджвае актыўных барацьбітоў, якія змагаюцца зь яго рэжымам. Я прапаную адрасна папярэджваць кожнага здрадніка, прыслужніка гэтага рэжыму, выканаўцу злачынных загадаў. Ад імя народа ім трэба нагадаць: як толькі гэты злачынны рэжым рухне, кожны атрымае па закону тое, што заслугоўвае — у залежнасьці ад цяжкасьці ўчыненага. Хтосьці ніколі больш ня зойме адказныя пасады; многія страцяць працоўны стаж за гэтыя чорныя гады; хтосьці адкажа матэрыяльна; а хтосьці будзе прыцягнуты і да крымінальнай адказнасьці. І гэта будзе не “паляваньне на ведзьмакоў”, а законная справядлівая кара за здраду Беларусі”,— напісаў Віктар Туравец зь Ліёну, з Францыі.
Пытаньне ў тым, Віктар, ці будуць дзейснымі гэтыя папярэджаньні. Калі арыентавацца на нядаўнія гістарычныя аналёгіі, дык трывожыцца гэтым людзям, якіх вы называеце “прыслужнікамі рэжыму”, не асабліва выпадае. Хто з энкавэдыстаў, якія арыштоўвалі, ссылалі, расстрэльвалі ні ў чым не вінаватых людзей, прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці ці хоць бы пазбаўленыя пэрсанальнай пэнсіі? Ды ніхто. Што ўжо казаць пра больш мяккія брэжнеўскія часы, хоць і тады кідалі ў “псыхушкі” іншадумцаў, выключалі з унівэрсытэтаў за чытаньне забароненых кніг, пазбаўлялі савецкага грамадзянства і ганьбавалі выдатных пісьменьнікаў толькі за тое, што тыя імкнуліся сказаць праўду.
Ліст ад Алеся Васільева з Наваполацку.
“Доўга думаў над тым, ці пісаць да вас, але ўрэшце рызыкнуў,— піша слухач.— Тры гады я пражыў у шпіталі для псыхічна хворых. У мяне другая група інваліднасьці. Такое вось жыцьцё. У “псыхушку” я трапіў па віне былой жонкі. Ёй адной была патрэбная агульная кватэра і ўсё, што ў ёй.
За той час, што быў у шпіталі, напісаў два дзясяткі лістоў у розныя інстанцыі. Нават зь Вярхоўнага Савету да мяне чалавек прыяжджаў. Але ні раённы, ні абласны выканкамы пальцам не варухнулі.
А выбраўся з “псыхушкі” — апынуўся без нічога. Вялікі дзякуй сёстрам з царквы “Нечаканая Радасьць” у Наваполацку — дапамаглі мне.
Пайшоў да юрыста. Ці магу, — пытаюся, — адсудзіць кампэнсацыю за маральную шкоду? Яна сказала: нічога не атрымаецца.
У галаве — шмат карцінаў жыцьця ў псыхбальніцы. Нямала там пабачыў гразі, як і на свабодзе”,— заканчвае свой ліст Алесь Васільеў з Наваполацку наступнай заўвагай:
“Калі будзеце чытаць гэта пісьмо ў эфіры, не называйце сапраўднае прозьвішча — улады могуць прычапіцца ды адправіць у дом-інтэрнат для псыхахронікаў. Жыцьцё там “салодкае”. Гэткія спробы ўжо былі ў 97-м годзе па заяве былой жонкі, і ў 2001-м, за заяву ў Наваполацкі гарвыканкам. Хоць у сакавіку 97-га году вазілі ў абласны дыспансэр, правяралі і прызналі дзеяздольным”,— паведаміў Алесь Васільеў з Наваполацку.
Псыхіятрыя з савецкіх часоў засталася ў Беларусі сфэраю па-за грамадзкім кантролем. Цяжка сказаць нешта пэўнае пра вашую сытуацыю, спадар Васільеў — гісторыя яўна складаная, заблытаная, мае патрэбу ў грунтоўнай праверцы і аналізе. Але тое, што чалавек, які пакутуе на псыхічную хваробу, павінен мець права на свой куток і на годнае стаўленьне да сябе з боку грамадзтва — сумневу не выклікае.
Некаторыя нашыя слухачы — у прыватнасьці, Леанід Сьцепанееў з Мазыру і Зьміцер Шыдлоўскі зь Віцебску — у сваіх лістах паведамляюць пра тое, што са зьменай хваляў, на якіх вяшчае Беларуская Свабода, у іх узьніклі складанасьці з прыёмам — яны ня ведаюць новага раскладу. Ім, а таксама Яўгену Чарнаўцу зь вёскі Калодзежы Чэрвеньскага раёна і Анастасу Семяновічу зь вёскі Бараўляны Менскага раёну, якія зрабілі падрабязныя справаздачы пра якасьць гучаньня Свабоды ў іх мясцовасьці, мы дасылаем каляндарыкі Беларускай Свабоды зь летнім раскладам нашых праграмаў.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас .