Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АКТЫВІСТЫ КХП БНФ ЗАПАТРАБУЮЦЬ РАСЬСЬЛЕДАВАНЬНЯ Ў СПРАВЕ ВАНДАЛІЗМУ Ў КУРАПАТАХ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Раніцай 30 ліпеня я наведаў Курапаты. 24 крыжы, усталяваныя ў мінулую суботу актывістамі КХП БНФ уздоўж кальцавой дарогі, выцягнутыя зь зямлі й кінутыя непадалёк у лесе. Удзельнікі талакі агароджваюць урочышча крыжамі, якія вырабляюць на грошы, ахвяраваныя простымі людзямі. І гэта дае плён — паводле актывістаў КХП БНФ, у Курапаты перасталі прыходзіць аматары пікнікоў і выгулу сабак. Людзі пачынаюць разумець, што месца, дзе стаяць крыжы, сьвятое. Але ня ўсе. Гаворыць адзін з арганізатараў талакі, сакратар управы КХП БНФ Алесь Чахольскі:

(Чахольскі: ) “Я сёньня высьвятляў. Гэта ня справа Ждановіцкага лясьніцтва — лесьнікі да гэтай справы ніякага дачыненьня ня маюць. Я думаю, што мы цяпер гэта будзем высьветляць, хто гэта зрабіў і на якой падставе. Таму што крыжы, што стаялі ўздоўж дарогі, знаходзіліся ў зацьверджанай ахоўнай зоне Курапатаў. Я думаю, што за гэтым стаіць улада і непасрэдна Аляксандар Рыгоравіч. У нядзелю крыжы яшчэ стаялі. І, відаць, калі ён аб’яжджаў, а ён пэрыядычна аб’яжджае МКАД, і напэўна сказаў зьняць. Усё ж хацелася б дакладна ведаць, хто аддаў загад, і хто гэтую справу рабіў”.

Ягоны калега Ўладзімер Юхо таксама падзяляе гэтую думку:

(Юхо: ) “Па тым, як крыжы былі выцягнутыя і аднесеныя, можна меркаваць, што зьверху быў загад. Проста так гэта ня робіцца. І думаю, да гэтага датычныя дзяржаўныя органы”.

Актывісты КХП БНФ зьбіраюцца па гэтым факце вандалізму зьвярнуцца з афіцыйнай заявай ва ўправу міліцыі Менскага раёну, якая адказвае за ахову Курапатаў.

Тым часам намесьнік начальніка УУС Менскага раёну Ігар Дзіневіч гаворыць, што ягоныя супрацоўнікі ня бачылі тых, хто выкапаў крыжы. Але Ігар Дзіневіч не выключае, што гэта зрабіла сама “апазыцыя”, каб чарговы раз прыцягнуць увагу грамадзтва да Курапатаў. Таму, маўляў, шукаць тут нейкіх вінаватых цяжка, але калі ў міліцыю зьвернуцца ў гэтай справе афіцыйна, міліцыянты правядуць расьсьледаваньне.

Актывісты КХП БНФ гавораць, што перашкодзіць іхнай працы мэмарыялізацыі Курапатаў немагчыма, і зьнятыя крыжы будуць адноўленыя. Сябры партыі таксама патрабуюць, каб міністар транспарту і старшыня Камітэту аўтадарог выканалі ўрэшце свае абаяцаньні й усталявалі на курапацкім участку кальцавой дарогі агароджу ды памятныя знакі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG