Будаўніцтва катэджнага пасёлку “Сонечны” ля ўрочышча Курапаты яшчэ не пачалося. Але побач з праваслаўнай капліцай на агароджанай пляцоўцы ўжо складзеныя будаўнічыя матэрыялы. Як паведамілі Радыё Свабода ў фірме “Вігэўрабуд”, якой Менскі райвыканкам аддаў у арэнду на дзесяць гадоў зямлю ля Курапатаў, будаўнічыя работы пачнуцца, як толькі стане больш цёпла й прагрэецца прамерзлая зямля. І менавіта таму актывісты Маладога Фронту і Беларускай партыі свабоды сёньня ў Курапатах абмяркоўвалі свае далейшыя дзеяньні. Гаворыць лідэр “Маладога фронту” Павал Севярынец:
(Севярынец: ) “У першую чаргу мы вырашылі сабраць больш падрабязную інфармацыю ў сувязі з тым, што зараз ідзе абмеркаваньне праблемы земляў Менскага раёну й іх перадачы Менску ў раённых саветах, дзе ў нас ёсьць людзі, гатовыя ўздымаць гэтыя пытаньні. І апроч гэтага аднавіць штодзённае патруляваньне ва ўрочышчы Курапаты. Два-тры чалавекі штодня будуць назіраць за тым, што тут адбываецца. У тым выпадку, калі тут будуць праводзіцца нейкія работы насуперак заявам афіцыйных асобаў, мы гатовыя да больш рашучых дзеяньняў. Нельга дапусьціць, каб справа Курапатаў, той вынік абароны Курапатаў 2001-2002 гадоў быў пастаўлены пад пытаньне. Каб дзяржаве ўдалося так ці інакш нанесьці нейкі ўрон урочышчу. Мы павінны адстойваць яго”.
Кіраўнік Беларускай партыі свабоды Сяржук Высоцкі прапанаваў зрабіць супольную заяву, у якой папярэдзіць тых людзей, якія зьбіраюцца ўкладаць грошы ў будаўніцтва катэджаў ля Курапатаў.
(Высоцкі: ) “Мы давядзем да гэтых людзей, давядзем да грамадзтва, што, як толькі зьявіцца першая беларуская здаровая нармальная ўлада, уся гэтыя тэрыторыя будзе вызваленая ад такіх вось забудоваў без кампэнсацыі іхным уласьнікам. Гэтыя людзі павінны ведаць, куды яны лезуць, і ў якую брудную гульню іх уцягваюць”.
З панядзелка актывісты Маладога Фронту і Беларускай партыі свабоды пачнуць дзённае патруляваньне ў Курапатах. Гаворыць валанцёрка Стася Басава:
(Басава: ) “Асабіста я лічу, што нельга губляць вынікі той барацьбы, якая вялася ў Курапатах падчас 2001-02 гадоў. Тады прыклаліся вялізарныя людзскія намаганьні, каб уратаваць гэтае месца, і я лічу, што губляць яго зараз проста немагчыма. Патруляваньне, канечне, неабходнае, і таму што трэба глядзець крыжы. Сышоў сьнег, хутка зноўку пачнуцца вясновыя пікнікі. Трэба сачыць, прыбіраць сьмецце”.
У блізкім часе валанцёры зьбіраюцца далучыцца да талокаў, якія традыцыйна ладзяць увесну ва ўрочышчы актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. У Курапацкім лесе цяпер шмат сьмецьця – пустых бутэлек, пакетаў, папераў. Больш за ўсё яго на адхілах кальцавой дарогі, адкуль вецер гоніць сьмецьце па ўсім Курапацкім лесе.