Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УРОЧЫШЧА КУРАПАТЫ ПЕРАДАЛІ МЕНСКУ


Ганна Соусь, Менск

Дэпутаты Менскага райсавету абсалютнай большасьцю пры адным голасе супраць прагаласавалі за перадачу часткі зямлі Менскага раёну гораду. Курапацкі лес, частка якога раней належала гораду, а частка – раёну, неўзабаве стане цалкам гарадзкой зонай. Гаворыць галоўны архітэктар Менску Аляксандар Чадовіч:

(Чадовіч: ) “Гэты мэмарыял падзелены кальцавой дарогай на тую частку, якая знаходзіцца ў горадзе, і тую, што за горадам. З ініцыятывы курапацкага грамадзкага аб’яднаньня мы падрыхтавалі службовую запіску, кіраўніцтва гораду падтрымала гэтае, і ў юрыдычным афармленьні, у землебудаўнічай справе мы ўключаем тэрыторыю другой часткі, той, што належыць цяпер раёну, у межы гораду, каб стварыць найперш юрыдычную асобу, якая будзе абслугоўваць гэтую тэрыторыю з адзіным падпарадкаваньнем гораду.

І каб у будучыні фармаваць бюджэт гэтага мэмарыялу і нешта зь ім рабіць, таму што сёньня, на жаль, мы бачым і вандалізм, і непаважлівае стаўленьне да гэтага смутнага месца. Ды й спрэчак шмат, што зь ім рабіць. Ёсьць таксама размовы пра тое, што апроч гэтай тэрыторыі памерам 30 гектараў, трэба яшчэ сотню гектараў зрабіць ахоўнай зонай. Але гэта неабгрунтавана і нерэальна”.

Але поле, што побач з урочышчам, на якім плянуецца распачаць пабудову катэджнага пасёлку, пакуль застаецца ва ўласнасьці Менскага раёну. Аляксандар Чадовіч працягвае:

(Чадовіч: ) “Мы адмовілі ва ўзгадненьні праекту будаўніцтва катэджаў там. Пакуль адмовілі. Хаця я ня бачу нічога ненатуральнага ў гэтым будаўніцтве. Мы проста бачым нерацыянальнасьць катэджаў. Створаная інфраструктура — гандлёвыя памяшканьні, транспарт — гаворыць пра тое, што там можна разьмесьціць значна больш. Гэта вялікая раскоша — будаваць там катэджы. На нашую думку, там мусіць быць забудова на 5–7 паверхаў, шматкватэрныя дамы”.

Што да заклікаў укладаць грошы ў будаўніцтва катэджнага пасёлку, то галоўны архітэктар Менску Аляксандар Чадовіч назваў іх незаконнымі.

Усяго ў мяжу гораду ўвойдзе 3 тысячы 867 гектараў зямлі, якая належала Менскаму раёну. На 38% гэтай тэрыторыі будзе пабудаванае жытло. У межы гораду ўключаныя такія аб’екты як агракамбінат “Ждановічы”, “Белтрансгаз”, “Белгіпрадор”, усяго каля 2 тысяч юрыдычных асобаў. Пакуль яны будуць плаціць падаткі ў бюджэт Менскага раёну.

Супраць уключэньня раённай зямлі ў межы гораду выступаў дэпутат раённага савету ад Партыі БНФ Юрась Зяньковіч. На сёньняшнюю сэсію ён прыйшоў зь бел-чырвона-белым значкам на пінжаку.

(Зяньковіч: ) “Нягледзячы на тое, што сёньня мая прапанова не прайшла пры галасаваньні, я лічу, што я сваю місію выканаў да канца. Я цудоўна разумеў, што раней ці пазьней, не мыцьцём дык катаньнем гэтыя землі горад забярэ сабе. Мяне заўсёды хваляваў і хвалюе лёс бюджэту Менскага раёну і лёс жыхароў, якія жывуць на гэтых тэрыторыях.

Сёньня старшыня райвыканкаму Русак агучыў, што літаральна ўчора было падпісанае апошняе ўзгадненьне на ўказе прэзыдэнта пра тое, што бюджэтныя сродкі з тых прадпрыемстваў, якія знаходзяцца на тэрыторыях, што перадаюцца гораду Менску, пойдуць у бюджэт Менскага раёну. Я лічу, што сёньня мы выканалі сваю місію да канца, мы адстаялі інтарэсы нашых выбарцаў, і такім чынам дэпутаты ад БНФ будуць дзейнічаць і далей на тэрыторыі ўсёй Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG