Пляцоўка ля крыжа “Пакутнікам Беларусі” у гэтыя цёплыя веснавыя дні, калі хутка пачаў раставаць сьнег, цалкам забалочаная. Зь вялікай трубы з-пад кальцавой дарогі няспынна цячэ вада ў бок галоўнага крыжа. Гэта – адно з наступстваў пашырэньня кальцавой дарогі праз Курапаты.
Сёньня апоўдні ва ўрочышча прыехаў на экскурсію калектыў польскага дзіцячага фальклёрнага ансамблю з-пад Катавіцаў, які зараз гастралюе ў Менску. Гаворыць экскурсавод Бернарда Іванова.
(Іванова: ) “Мы рабілі экскурсію па горадзе й вырашылі таксама прыйсьці сюды, каб хвіліначку тут пастаяць, каб распавесьці пра тое, што тут адбывалася, як нашая моладзь бараніла гэтае месца”.
Вось як Бернарда Іванова распавядала польскім дзецям пра Курапаты.
(Іванова: ) “Сёньня такі прыгожы вясновы дзень. Здавалася б, чаму мы ідзем да такога смутнага месца? Але гэта сьвятое месца. Бачыце, тут стаяць крыжы. Пад кожнай сасною тут магіла. Гэтыя магілы не выглядаюць як звычайныя, якія людзі робяць, калі хаваюць сваіх блізкіх. Гэтыя магілы праваліліся ў зямлю. Гэта было злачынства савецкіх уладаў. Калі мы праяжджалі па праспэкце Скарыны, я паказвала вам будынак КГБ, адкуль на машынах везьлі закатаваных бязьвінных людзей. І іх везьлі ў гэты лес”.
Гаворыць кіраўнік фальклёрнага ансамблю Гжэгож Квачэк.
(Квачэк: ) “Мы ўпершыню ў Беларусі, гэта для нас незнаёмая краіна. Да таго ж нас цікавіць гісторыя гэтага сумнага месца. Для нас вельмі цікавая наша супольная гісторыя палякаў і беларусаў”.
Пасьля наведваньня Курапатаў я зьвязалася з актывістам грамадзскай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” Вацлавам Арэшкам, які паведаміў, што Міністэрства культуры даслала адказ на зварот грамадзкага аб’яднаньня “Дыярыюш”, у якім выказвалася занекпакоенасьць лёсам праекта ахоўных зонаў Курапатаў. Вацлаў Арэшка назваў адказ Міністэрства культуры адпіскай, але адзначыў у ім і пэўныя станоўчыя моманты.
(Арэшка: ) “Адзін плюс – тое, што мы атрымалі адказ, і атрымалі яго не праз два-тры месяцы, а празь некалькі тыдняў. Другі плюс – там сказана, што прыпыненае будаўніцтва катэджаў і цяпер разглядаецца пытаньне аб тым, каму будуць належаць гэтыя зямельныя ўчасткі. У адказе пацьвярджаецца, што рашэньне аб ахоўнай зоне не прынятае, што дагэтуль ня вырашана, каму будзе належаць тэрыторыя, на якой знаходзяца Курапаты – гораду альбо раёну. І як бы гэтае пытаньне мусіць быць у кампэтэнцыі самога прэзыдэнта”.
Вацлаў Арэшка таксама паведаміў, што, як толькі падсохне зямля, у Курапатах будзе праведзеная талака. Нагадаю, што на каталіцкія Каляды невядомыя вандалы зламалі некалькі дзясяткаў курапацкіх крыжў, а некалькі дзён таму былі пашкоджаныя яшчэ шэсьць крыжоў.