Некалі дзясяткаў апазыцыйных актывістаў, сябраў Кансэрватыўна-хрысціянскае партыі ды беспартыйных грамадзянаў прыйшлі сёньня з рыдлёўкамі і граблямі на традыцыйную курапацкую талаку. Жанчыны прыбіралі леташнюю лістоту і сьмецьце, мужчыны ўсталёўвалі крыжы. Цяпер на цэнтральнай алеі Курапацкага мэмарыялу стаіць 60 моцных сасновых крыжоў стандартнага памеру, яны цалкам зьмянілі вонкавы выгляд мэмарыялу.
Алесь Чахольскі, сакратар управы Кансэрватыўна-хрысціянскай партыі БНФ, распавёў Радыё Свабода пра канцэпцыю мэмарыялізацыі Курапатаў, якой кіруецца ягоная партыя:
(Чахольскі: ) “Мы пачалі стварэньне гэтага мемарыялу ў 2000 годзе, калі адбылося крыжовае шэсьце ў Курапаты. Зараз фактычна помнік будуецца ўжо, гэта і ёсць помнік. Гэтыя крыжы, якія вы бачыце, — гэта і ёсьць помнік. Ягоная канцэпцыя, як вы бачыце, — будзе зробленая крыжовая алея.
Далей на нашых талаках штосуботы крыжы будуць усталёўвацца непасрэдна на магілах у гэтым лесе, каля дарогі. Таму што мы лічым, што зараз, пры гэтай уладзе, немагчымыя ніякія іншыя рэчы тут будаваць. Ды і што тут можна будаваць, тут расстраляныя людзі ляжаць. Кожная душа павінна быць увасобленая ў крыжы”.
Спадар Чахольскі паведаміў, што гэтыя крыжы вырабленыя на ахвяраваньні грамадзянаў з розных куткоў Беларусі. Алесь Чахольскі сказаў, што крыжы неўзабаве будуць пафарбаваныя і асьвечаныя. Актыўны ўдзельнік талакі пэнсіянэр Аляксандар Тарала перакананы, што спадзявацца на дзяржаўныя мэмарыяльныя знакі ў Курапатах ня варта:
(Тарала: ) “Трэба рабіць тут народны помнік, а не каб дзяржава рабіла. Спачатку дзяржава забівала тут людзей, а зараз помнік хоча рабіць. Я думаю, што тут людзям трэба рабіць свой помнік, каб кожны прынёс свой крыж і паставіў у памяць тых, якія тут загінулі, невінаватых людзей. Гэта даніна памяці, даніна памяці ня толькі ім, але і ўсім нашым продкам, якія загінулі, баронячы Беларусь. І мы тут, калі на тое пайшло, баронім Беларусь. Я так разумею”.
Тым часам у сувязі зь цёплым і сонечным надвор'ем у Курапацкі лес з блізкага менскага мікрараёну "Зялёны Луг" пацягнуліся аматары пікнікоў і шашлыкоў. На заўвагі ўдзельнікаў талакі, што тут нельга праводзіць гулянкі, яны проста не рэагуюць. Асабіста мне ўдалося пагаварыць з сям'ёй, якая ў курапацкім лесе, адразу за крыжамі, зьбірала сок зь бярозаў. На пытаньне, ці не бянтэжыць іх, што ў гэтай зямлі ляжаць целы закатаваных людзей, маладыя людзі адказалі, што невядома, хто тут яшчэ ляжыць, што пахаваньні былі даўно, шэсцьдзесят гадоў таму, у гэтай зямлі няма ўжо крыві, адны косткі, а беразавік яны тут назапашваюць штогод. Непадалёк прыбірала леташняе лісьце Жана Цішурова, яна мяркуе, што патрэбны яшчэ немалы час, каб выхаваць павагу да гэтага месца ва ўсіх, хто сюды прыходзіць весела бавіць час.