Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КУРАПАЦКІМ ЛЯГЕРЫ ВАЛАНЦЁРАЎ ХВАРЭЮЦЬ НА ГРЫП


Альгерд Невяроўскі, Менск

У курапацкім лягеры валанцёраў знаходзіліся толькі чатыры валанцёры — Глеб, Антон, Мікіта й Пятрусь. Выгляд ва ўсіх хлопцаў хваравіты. Гаворыць валанцёр Мікіта Засім, які ледзь падняўся з ложку:

(Засім: ) “Няма каму больш сядзець. Было й такое, хлопцы начавалі па адным, па два чалавекі. Калі мы сыдзем, тут наогул нікога не застанецца”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму абаронцаў стала менш?”

(Засім: ) “Магчыма, камусьці трэба вучыцца, камусьці працаваць. Камусьці халодна, хтосьці расчараваўся ва ўсім гэтым і лічыць, што сюды ехаць ня трэба. У кожнага свае прычыны, але ж людзі да нас ідуць ня так, як раней”.

Учора ўсіх цяжка хворых валанцёраў адправілі лячыцца дахаты. Але людзі не забываюцца пра валанцёраў, якія вось ужо блізу пяці месяцаў знаходзяцца ва ўрочышчы. Сёньня ў валанцёрскі лягер завітаў гарадзенскі мастак Юрась Мацко, які прывез абаронцам Курапатаў харчы. Гаворыць спадар Мацко:

(Мацко: ) “Курапаты для нас, для беларусаў, сьвятое месца. Помнік нашай шматпакутнай гісторыі. Я стаю на тых жа пазыцыях, што хлопцы. Я шаную Бацькаўшчыну, сваіх дзядоў. Таму я й прыйшоў”.

Пра тое, чым сёньня займаюцца абаронцы Курапатаў, распавядае валанцёр Глеб Вязоўскі:

(Вязоўскі: ) “Сёньня мы будзем рыхтаваць дровы. Бо празь некалькі тыдняў будзе халодна. Прыедуць маладафронтаўцы, будуць нам дапамагаць”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, ці нармалізаваліся адносіны зь менскім лясьніцтвам, бо я ведаю, што былі праблемы. Яны забаранялі вам высякаць дрэвы”.

(Вязоўскі: ) “Зь імі мы вырашылі пытаньне, і яны абяцалі прывезьці нам дровы. Але яны абяцалі прывезьці іх яшчэ тыдзень таму, але не прывезьлі”.

Сёньня валанцёры секлі ў лесе тыя дрэвы, якія раней вызначылі лесьнікі. А таксама рыхтавалі бярвёны, зь якіх пазьней будуць зробленыя новыя крыжы.

А тымчасам сябры грамадзкай ініцыятывы “За выратаваньне мэмарыялу Курапаты” зацьвердзілі сваю канцэпцыю мэмарыялізацыі ўрочышча. Гаворыць прэсавы сакратар ініцыятывы Сяргей Сахараў:

(Сахараў: ) “Асноўнай часткай будучага мэмарыялу мусіць стаць Крыж пакутаў, які стаіць у Курапатах і які стаўся сымбалем пакутаў усяго беларускага народу ў 1930–40 гадах, падчас рэпрэсіяў”.

Пры гэтым спадар Сахараў дадаў, што сябры ініцыятывы будуць дамагацца, каб дзяржава належным чынам забясьпечыла ахоўны статус мэмарыялу, і па ўсім пэрымэтры ўрочышча была ўсталяваная агароджа. У грамадзкім конкурсе па мэмарыялізацыі Курапатаў, які будзе працягвацца як найменш тры месяцы, могуць браць удзел любыя арганізацыі й установы.

Але грамадзкая камісія на чале зь вядомым мастаком Аляксеем Марачкіным лічыць, што ў Курапатах ня варта будаваць новых манумэнтальных помнікаў і абэліскаў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG